Адсюль ідуць вытокі сельскагаспадарчай адукацыі ў Чэрвеньскім раёне

Аграрный сектор

Да 80-годдзя Смілавіцкага каледжа.

Невыпадкова гарадскі пасёлак Смілавічы стаў цэнтрам падрыхтоўкі кадраў для сельскагаспадарчай вытворчасці не толькі Мінскай вобласці, але і рэспублікі. Існуюць глыбокія вытокі гэтага.

У 18 стагоддзі на тэрыторыі, дзе зараз месціцца ўстанова адукацыі «Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж», знаходзіўся кляштар рымска-каталіцкай царквы — невялічкі манастыр са школай. Дык вось менавіта ў гэтай школцы вучылі дзетак пчалярнай справе,  асновам вядзення сельскай гаспадаркі.

Выкладу яшчэ больш цікавую інфармацыю для аматараў гісторыі Ігуменшчыны. Калегія Народнага Камісарыята земляробства БССР прыняла 10 жніўня 1931 года пастанову аб утварэнні ў Чэрвені ветэрынарнага тэхнікума. Гэтаму пытанню шмат увагі надаў тагачасны Чэрвеньскі райвыканкам. Некалькі разоў на прэзідыуме разглядаліся пытанні аб матэрыяльнай базе, іншых сродках існавання, нават камплектавання кадраў, аб будаўніцтве новага будынку.

У рэшце-рэшт, у глыбокую восень пачаліся заняткі. Установу ўзначаліў Ваўчэцкі Павел Сямёнавіч. Месцілася яна на вуліцы Бабруйскай (сучасная Гарбачова), дом 28. Першы прыём навучэнцаў склаў 57 чалавек.

Тэхнікум праіснаваў нядоўга. На падставе пастановы СНК БССР 29 сакавіка 1933 года загадам №177 ён быў ліквідаваны па прычыне ўдасканальвання сеткі навучальных устаноў і слабай матэрыяльнай базы. Шэраг праблем яго функцыянавання так і не вырашылі. Навучэнцаў перавялі ў Віцебск.  Згаданая  вышэй пастанова калегіі мае яшчэ вельмі важны пункт. Менавіта гэтым жа дакументам утварыўся Смілавіцкі тэхнікум буйной рагатай жывёлы і конегадоўлі. Як бачна сёння, у яго шчаслівы лёс — сёлета ўстанова адзначыць сваё 80-годдзе. Пра яе гісторыю яшчэ будзем знаёміць чытачоў у газеце «Раённы веснік».

Першы пасляваенны навучэнец i выпускнiк

У нашым раёне добра ведаюць шаноўнага Аркадзя Сцяпанавіча Парахневіча. Да выхаду на пенсію ён шмат гадоў плённа кіраваў рыбгасам «Волма», а перад гэтым — гаспадаркай у Гомельскай вобласці.

На першы погляд, ён неяк выпадкова трапіў на Чэрвеньшчыну, але на самой справе цягнула яго сюды, ён быў знаёмы з краем. I калі з’явілася магчымасць пераезду, не вагаючыся прыняў рашэнне. Прыкіпеў Аркадзь Сцяпанавіч душою да Смілавіцкага наваколля ў свае самыя шчаслівыя гады — 1944-1945. Менавіта з тагачаснага Смілавіцкага тэхнікума зрабіў першыя рашучыя крокі ў мірнае самастойнае жыццё, да кіраўнічых пасад.

Да Вялікай Айчыннай вайны ён паступіў у Чырвонабярэжскі сельскагаспадарчы тэхнікум, але вучобу спыніла нашэсце нямецкіх ворагаў. Нейкі час хлопец быў партызанскім сувязным у роднай вёсцы на Рагачоўшчыне, а потым змагаўся непасрэдна ў атрадзе. Вось у складзе брыгады, праз Клічаўшчыну, Аркадзь і дайшоў да Бярэзінскага раёна. Тут партызаны сустрэлі Чырвоную Армію. Прыйшлі ў Мінск рыхтавацца да параду, ды ён моцна захварэў. Пасля лячэння Аркадзь Парахневіч атрымаў накіраванне ў дзеючую армію, але лёс склаўся інакш.

На праспекце спаткаў былую выкладчыцу матэматыкі з Чырвонабярэжскага тэхнікума. Яна завяла яго ў Народны Камісарыят земляробства (сучаснае міністэрства), дзе паведамілі загад Сталіна аб прыцягненні студэнтаў старэйшых курсаў інстытутаў і тэхнікумаў да абавязковай вучобы, з мэтай паскоранай падрыхтоўкі спецыялістаў. Прапанавалі ехаць у Смілавічы — вось так ён і апынуўся ў тэхнікуме. Сустрэў Аркадзя дырэктар Рыгор Мяжэевіч, які сам усяго некалькі дзён займаў пасаду. Ён і залічыў Парахневіча студэнтам №1 трэцяга курса. Па накіраванню дырэктара абышоў шмат населенных пунктаў Рудзенскага, Пухавіцкага, Чэрвеньскага, Смалявіцкага, Мінскага раёнаў у пошуку былых студэнтаў другога  і трэцяга курсаў. Сабралася 15 чалавек. Спачатку рупліва рыхтавалі памяшканні. Займацца пачалі дзесьці ў кастрычніку 1944 года. Можа адгукнецца хтосьці з тых навучэнцаў.

1. Бардзіян Марыя

2. Батуркевіч

3. Белахвосцік

4. Майсак Соф’я

5. Ганчарык Ніна

6. Жукоўская

7. Грыбоўская

8. Станкевіч Яўгенія

9. Попчык — з вёскі Зазер’е

10. Попчык (сястра)

11. Маркіянчык Ганна

Запіс зроблены згодна ўспаміну Аркадзя Сцяпанавіча.

Цяга да ведаў была вельмі вялікая. Чыталі шмат літаратуры мастацкай, ды яе не хапала, як і падручнікаў. Займаліся напружана, за адзін навучальны год практычна патрабавалася асвоіць трохгадовы курс.

Дзесьці зімой 1944-1945 навучальнага году тэхнікум узначаліў былы франтавік Шамрай Цярэнцій — чалавек працавіты, чулы. Навучэнец №1 у гэты час з’яўляўся сакратаром камсамольскай арганізацыі, ішоў на пленум у Рудзенск пешшу бадзёра, з натхненнем. Вырашаліся важныя жыццёвыя пытанні моладзі. Каб юнак не змёрз, дырэктар даў яму сваю франтавую шынэль. Гэта быў вельмі вялікі давер і павага.

Улетку 1945 года адбыўся першы пасляваенны выпуск аграномаў. Дыпломы атрымалі людзі сталыя не па гадах. Сярод выпускнікоў былі актыўныя ўдзельнікі вайны, якім хацелася расціць хлеб. Пачалася праца. Вучыліся яны і далей, але грунтоўная аснова была закладзена ў Смілавіцкім тэхнікуме.

Гэтыя выпускнікі паспяхова крочылі па жыцці. Прыклад таму — Парахневіч Аркадзь Сцяпанавіч — навучэнец і выпускнік №1 пасляваеннага часу.

Іван Ярашэвіч, краязнаўца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *