Ферма “Дамавіцк” – сярод лепшых на Міншчыне

Аграрный сектор Актуальное

Мінскі абкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінаблвыканкама і Мінскі абласны аграпрамысловы саюз падвялі вынікі спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці малака ў 2020 годзе. Сярод малочнатаварных фермаў Міншчыны з прадукцыйнасцю дойнага статка 5501 – 6000 кілаграмаў другое месца заняла МТФ “Дамавіцк” эксперыментальнай базы “Натальеўск”.

Уручаючы Ганаровы дыплом загадчыцы фермы Зінаідзе Шчэрбач, старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Бода распавёў, што, паводле ўмоў спаборніцтва, пераможцы вызначаліся па найбольшаму прыросту валавой вытворчасці малака і надою малака на карову да адпаведнага перыяду мінулага года, а таксама вышэйшай прадукцыйнасці дойнага статка. Пры гэтым пагалоўе кароў павінна складаць не менш за 400 галоў, таварнасць малака – больш за 90 працэнтаў, яго рэалізацыя на перапрацоўчыя прадпрыемствы гатункам “Экстра” – не менш за 60 працэнтаў ад агульнага аб’ёму, а асноўныя паказчыкі не павінны быць ніжэйшымі за 2018 год.

На МТФ “Дамавіцк” утрымліваецца 520 кароў. Летась тут надаілі 3147 тон малака (рост да 2019 года – 10,8 працэнта). Прадукцыйнасць дойнага статка склала 6052 кілаграма (на 468 кілаграмаў больш, чым у 2019 годзе), таварнасць малака – 92,5 працэнта, а яго рэалізацыя гатункам “Экстра” – 88,3 працэнта ад агульнага аб’ёму.

Дырэктар эксперыментальнай базы “Натальеўск” Алена Махнач адзначыла, што прызавое месца ў абласным спаборніцтве стала ў тым ліку і плёнам маштабнай рэканструкцыі фермы, зробленай тры гады таму. Увод у эксплуатацыю новага хлява і аснашчанага сучасным абсталяваннем даільна-малочнага блока, стварэнне належных бытавых умоў для жывёлаводаў і, канешне ж, іх працавітасць прыкметна паўплывалі на рост вытворчасці малака. У прыватнасці, яго сярэднясутачны надой ад каровы павялічыўся тут з 2017 года больш, чым на 5 кілаграмаў.

Кіраўнік гаспадаркі выказала спадзяванне на тое, што дасягнутае будзе памножана і па выніках гэтага года МТФ “Дамавіцк” зможа змяніць другое месца ў спаборніцтве на першае.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *