І ў радасці, і ў горы: Ніна і Аляксей Маісеевы з Чэрвеня – шэсцьдзясят гадоў разам

Актуальное Общество

…Ім больш не сядзець цёплымі летнімі вечарамі на лавачцы абняўшыся, не здымаць удваіх яблыкі з дрэва і не прыгадваць мінулае жыццё.

Амаль 6 гадоў таму ў Аляксея Антонавіча Маісеева здарыўся інсульт. І зараз ён не ходзіць, амаль не размаўляе… А яго жонка, Ніна Мікалаеўна, даглядае мужа круглыя суткі.

Бо не проста кахае – шкадуе… Бо не жартачкі – пражыць 60 гадоў разам. І ў радасці, якая часта надаралася ў маладосці, і ў горы, якім поўняцца апошнія гады. І гэта не проста аповед пра брыльянтавых юбіляраў. Гэта – кранальная гісторыя адносінаў, якая наўрад ці калі забудзецца…

А пачыналася яна, здаецца, звычайна. Жыхар Магілёўшчыны, Аляксей прыязджаў у Чэрвень да свайго стрыечнага брата, добра вядомага ў больш познія часы першага дырэктара Дома піянераў, адмысловага спевака Міхаіла Раманенкі. Падчас аднаго з такіх прыездаў малады чалавек і пазнаёміўся з прыгажуняй Нінай.

Яны спадабаліся адно аднаму. Зрэдку сустракаліся ў Чэрвені і ў Мінску, дзе дзяўчына вучылася ў тамтэйшым тэхнікуме савецкага гандлю. Аднойчы Аляксей прапанаваў Ніне прыехаць да яго ў Магілёў. Маўляў, горад пакажа. Вось там іх гісторыя адносінаў і атрымала імклівы працяг.

– Я паехала туды ў лютым, – з задуменнай усмешкай прыгадвае Ніна Мікалаеўна. – Мы пагулялі па горадзе, схадзілі ў кіно, у парк… Якія былі ў Магілёве цікавосткі, тыя мне Аляксей і паказаў. А затым паехалі на вакзал, дзе ён купіў мне білет. Але часу яшчэ ставала, і мы пайшлі ў рэстаран, які месціўся на вакзале. Сядзім, размаўляем… А музыка ведаеце якая тады была ў рэстаране? Прайгравальнік. І вось ставяць песню маёй любімай Маі Крысталінскай “Кахаю цябе”. Памятаеце?! (Напявае) “Не страшны мне горе и печали…” А мне так ужо гэтая песня падабалася! Я сяджу і падпяваю. Аляксей сядзеў-сядзеў, глядзеў-глядзеў на мяне і раптам:

– Усё, едзем у ЗАГС!

– Ды што ты! – кажу. – Які ЗАГС?! Вось жа і білет дахаты набыты…

Але яго ўжо было не спыніць. Ён пабег, здаў білет. У ЗАГС мы прыехалі ўжо на заканчэнне працоўнага дня.

Аляксей мой кажа:

– Мы хочам распісацца!

А ў мяне на наступны дзень якраз размеркаванне павінна было быць.

Жанчына з ЗАГСа ў адказ:

– Пачакайце, у нас ёсць выпрабавальны тэрмін…

А Аляксей:

– Не-не-не, нам трэба распісацца адразу!

– Ну, тады заўтра раніцай прыходзьце.

І мы паехалі да яго бацькоў, якія, канешне ж, нічога не ведалі. Там пераначавалі, а на наступны дзень а дзявятай былі ў ЗАГСе. І нас распісалі. Без сведкаў-шафераў, без пярсцёнкаў – без усяго. Гэта было трэцяга лютага 1964 года. А ўжо вяселле згулялі першага сакавіка.

Між іншым, Ніне, дзякуючы “свежаму”, як заўважыла камісія, штампу ў пашпарце, далі размеркаванне ў Магілёў – у трэст сталовых і рэстаранаў. Прычым 21-гадовую дзяўчыну-тэхнолага зрабілі адразу ж
намеснікам загадчыка сталовай.

Хаця яна і супраць такіх пасадаў была, хацела адразу практыкі набрацца. І набралася – падчас працы ў самых розных месцах. Бо двойчы была ў дэкрэце, а пасля выхаду ёй штораз прапаноўвалі штосьці зусім іншае.
А яшчэ ж было ў яе жыцці завочнае навучанне на курсах медсясцёр, атрыманне вышэйшай адукацыі ў тагачасным інстытуце народнай гаспадаркі…

Што тычыцца 27-гадовага (на момант вяселля) Аляксея Маісеева, дык ён у свой час скончыў Львоўскі медінстытут. Працаваў спачатку на аптэчным складзе ў Магілёве, тады – у “Белмедтэхніцы”. Затым прыняў недабудаваную яшчэ аптэку пры Магілёўскай абласной бальніцы…

Сямейная пара з дапамогай сваякоў пабудавала кааператыўную кватэру. І ўсё, здаецца, ішло добра. Ды сумаваў Аляксей па працы на ўласным участку, як у яго бацькоў было заведзена. Не падабалася яму ў горадзе, дзе людзі на той час за градкі ля шматпавярховак проста біліся. І ўсё часцей ён задумваўся скарыстацца запрашэннем цешчы ды перабрацца ў Чэрвень. У рэшце рэшт, так і зрабілі.

Ніна Мікалаеўна падкрэслівае: ніколі не шкадавала, што прамяняла Магілёў на Чэрвень. А муж быў проста шчаслівы, што можна займацца садам і агародам, трымаць уласную гаспадарку – карову, свіней, трусікаў, нутрый. Жонка яшчэ спіць, а ён ужо збегае на градку і нясе ёй паказаць першы агурочак…

Вось толькі не знайшоў Аляксей Антонавіч тут працу па спецыяльнасці, бо адзіная чэрвеньская аптэка была цалкам укамплектаваная. Трохі папрацаваў фармінспектарам, паездзіў па раёне. Але заробак быў невялікім. А самыя вялікія грошы на той час плацілі на дрэваапрацоўчым камбінаце. Вось ён і перайшоў туды простым рабочым. І таксама ніколі ні аб чым не пашкадаваў.

Ну, а Ніна Мікалаеўна працавала ў аб’яднанні грамадскага харчавання, прайшоўшы ўсе прыступкі росту – ад тэхнолага да дырэктара. Менавіта яна памятае да драбніц, як была ўладкаваная гэтая сістэма ў 1970-1980-х гадах. І для гісторыі райспажыўтаварыства, у сістэму якога ўваходзіла аб’яднанне грамадскага харчавання, гэта проста неацэнныя ўспаміны! А яшчэ ж былі іншыя пасады і іншае месца працы…

Мы, школьнікі 1980-х, і да гэтага часу з замілаваннем прыгадваем тагачасную выпечку кандытарскага цэха – коржыкі, трохвугольнікі, булачкі-пляцёнкі, заварныя пірожныя… На перапынках мы бегалі са сваёй другой школы альбо ў кіёск Зінаіды Санько – праз дарогу, альбо трохі далей – у “Кулінарыю”.

Аказваецца, каб мы ўсім гэтым маглі ласавацца, аб’яднанню грамадскага харчавання трэба было ў той час забяспечваць шматлікія інгрэдыенты для кожнай рэцэптуры самастойна. І менавіта Ніна Маісеева доўгі час тым займалася.

– Якія намаганні для гэтага варта было прыкласці, ведаю толькі я, – зазначае. А на твары – лёгкія хмурынкі…

Амаль 25 гадоў таму сям’ю напаткала першае вялікае гора і значнае выпрабаванне. З-за ўрачэбнай памылкі (так лічыць Ніна Мікалаеўна) Аляксей Антонавіч пазбавіўся правай рукі. А хацелася па-ранейшаму працаваць на зямлі, вырошчваць ураджай, штосьці рамантаваць, забіваць цвікі…

– На пэўны час я ў літаральным сэнсе стала яго праваю рукой, – заўважае Ніна Маісеева. – А пасля ён стараўся і сам усё больш і больш рабіць адной левай. Як цяжка было, вы сабе не ўяўляеце!
І, тым не менш, сям’я па-ранейшаму жыла дружна. А ў год залатога вяселля Ніна Мікалаеўна і Аляксей Антонавіч вырашылі… павянчацца. І гэта была не даніна модзе, а памкненне дзвюх роднасных душаў. Тым больш, што маці прывучала маленькую Ніну маліцца яшчэ з пяці гадоў. І тая ўвесь час жыве з Богам у сэрцы. А муж і ўвогуле настолькі ўразліва ўспрыняў гэтую падзею, настолькі ён быў усцешаны…

Здавалася, жыві цяпер спакойна, цешся з дваіх дзяцей, пяцярых унукаў і траіх праўнукаў. Але тут – новае няшчасце. Інсульт гаспадара. І вось дзе напоўніцу праявілася ўся дабрыня жонкі, якая вельмі і вельмі шкадуе свайго Аляксея. І як бы цяжка ні было, толькі кажа:

– Значыць, так трэба… І гэта не проста пакорлівасць лёсу! Тут і высакароднасць душы, і суперажыванне, і ўменне адчуць боль іншага, як уласны…

Вельмі дапамагаюць маці сын Віктар, які жыве ў Натальеўску, і дачка Таццяна, якая ўхітраецца даволі часта прыязджаць ажно з Ірландыі. Ёсць і іншыя памочнікі, бо свет сапраўды не без добрых людзей.
Азіраючыся на пражытыя разам гады, Ніна Мікалаеўна зазначае, што іх з мужам адносіны заўсёды абапіраліся на ўзаемапавагу, узаемапаразуменне, шкадаванне, клопат адно пра аднаго, уменне саступаць адно аднаму…

Вось гэта і ёсць тое самае, што надзейна змацоўвае шлюб. А зусім не каханне. Альбо – дакладна не адно каханне, якое ў сучасным свеце мае звычку знікаць без следу.

…Роспіс Аляксея і Ніны Маісеевых у ЗАГСе 60 гадоў таму зусім не быў урачыстасцю. Яны не абменьваліся заручальнымі пярсцёнкамі. І за ўсё жыццё, магчыма, лічаныя разы вымаўлялі слова “кахаю”, бо тады не было прынята адкрыта выказваць свае пачуцці. Але яны штодня каханне праяўлялі – увагай і клопатам, позіркам прамяністых вачэй, упэўненасцю ў надзейнасці адно аднаго… І ці не гэта з’яўляецца найлепшым пацверджаннем вядомага: “Шлюбы заключаюцца на нябёсах…”

Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *