Футбол: чэрвеньскі «Колас» згуляў унічыю ў першым матчы 1/4 фіналу Кубка рэгіёнаў Беларусі

Актуальное Спорт

Чэрвеньскі “Колас” узяў старт у Кубку рэгіёнаў Беларусі-2022. У першым матчы 1/4 фіналу ён згуляў на сваім полі са сталічным “Энергетыкам-БДАТУ”.

Наша каманда – дзеючы ўладальнік гэтага ганаровага трафея. Сёлета яе ўдзел у турніры першапачаткова не планаваўся: прапанова паступіла пасля таго, як фіналіст Кубка Мінскай вобласці, дзяржынскае “Адзінства”, адмовіўся ад належнага яму месца ў спаборніцтвах.

Паколькі рэгламент Кубка рэгіёнаў Беларусі забараняе выступаць футбалістам, якія пагулялі на прафесійным узроўні, трэнерскаму штабу чэрвеньцаў давялося ў тэрміновым парадку дабіраць аматараў. Складанасць сітуацыі была ў тым, што адразу пяць ігракоў “Коласа” са складу, які ездзіў на Кубак рэгіёнаў УЕФА ў Азербайджан – Сяргей Сянюк, Міхаіл Караткевіч і Раман Грынюк з салігорскага “Партызана”, а таксама Дзяніс Сіманчык і Ілля Завадскі з “Жодзіна-Паўднёвага” – яшчэ занятыя ў сваіх камандах. Таму ў хатнім матчы за чэрвеньцаў згулялі новыя футбалісты – галкіпер Канстанцін Магалецкі, вядомы як варатар зборнай Беларусі па пляжнаму футболу, Сяргей Галюк са стаўбцоўскага “Кронана” і Ігар Бобрык з дзяржынскага “Адзінства”.

Першы тайм сустрэчы прайшоў для “Коласа” па стандартнаму ў гэтым сезоне сцэнарыю. Нашы валодалі ініцыятывай і стварылі безліч галявых момантаў, аднак рэалізаваць здолелі толькі адзін. На 29-й хвіліне мяч у вароты “Энергетыка-БДАТУ” з перадачы Дзмітрыя Чыстага забіў навабранец каманды Сяргей Галюк. А літаральна праз пяць хвілін госці адыграліся.

Пасля перапынку каманды гулялі на роўных. У “Коласа” найбольш прыкметным быў Аляксандр Паляшчук. Ён неаднойчы абвастраў гульню выдатнымі праходамі па флангу, аднак партнёры па атацы не здолелі як след скарыстацца гэтым.  

Нічыя 1:1 пакідае камандам аднолькавыя шанцы на выхад ў паўфінал. Але, калі ўлічваць, што ў “Коласа” яшчэ ёсць ігракі, якія не здолелі паўдзельнічаць у першай гульні, перспектывы нашай каманды выглядаюць даволі неблагімі.

Матч у адказ пройдзе 9 кастрычніка ў Мінску на стадыёне “Дынама-Юні” і пачнецца ў 14 гадзін. Адметна, што мінулай восенню менавіта на гэтай арэне чэрвеньцы ў фінале Кубка рэгіёнаў пераканаўча перамаглі “Энергетык-БДАТУ” – 4:1.

Зможам паўтарыць?

 Ігар АДАМОВІЧ

“Колас” (Чэрвень) – “Энергетык-БДАТУ” (Мінск) – 1:1.

1 кастрычніка. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. 10 градусаў. Падчас гульні – дождж. 80 гледачоў.

“Колас”: Магалецкі (Далідовіч, 77), Весялоў, Івашкін, Цярэшка, Петрушэня, Чысты (Гумінскі, 58), Бобрык (Каваленка, 71), Галюк (Шафераў, 69), Паляшчук, Сёмкін, Лізуноў.

Гол у “Коласа”: Галюк (29).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *