Другая змена аздараўленчага лагера «Верасок» — «Імперыя яркіх эмоцый»

Актуальное Образование Общество

Другая змена аздараўленчага лагера «Верасок» упраўлення по адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама пачала работу 21 чэрвеня. Яна праходзіць пад дэвізам “Імперыя яркіх эмоцый”.

 У лагеры адпачываюць 120 выхаванцаў узроставай групы ад 6 да 15 гадоў.

План мерапрыемстваў уключае, як спартыўныя, так і інтэлектуальна-развіваючыя, мастацкія накірункі, дае добрую магчымасць для фізічнага, духоўна-маральнага, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання падлеткаў. Яны дапамагаюць развіццю навыкаў калектывізму, асобасна-творчаму раскрыццю і сацыялізацыі дзяцей.

Найбольш папулярныя сярод выхаванцаў — інтэлектуальна-развіваючыя, творчыя мерапрыемствы, такія, як “Сямейны марафон”, “Лагерная кніга рэкордаў Гінэса”, “Міс і Містэр “Верас”, “Што? Дзе? Калі?”, квэст-гульні на любую тэматыку. Падабаюцца моладзі флэш-мобы, якія нікога не пакідаюць раўнадушнымі, умацоўваюць калектыў атрада і лагера ў цэлым.

Пачатак змены выпаў на трагічны дзень у гісторыі краіны – пачатак Вялікай Айчыннай вайны. У памяць аб гэтай падзеі былі праведзены  мерапрыемствы: святочная лінейка «Пакуль мы памятаем, мы жывём», адбыліся экскурсіі ў Чэрвеньскі краязнаўчы музей “Чэрвеньшчына памятае”, музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Выхаванцы пазнаёміліся з вялікай колькасцю экспанатаў, дакументальных матэрыялаў, якія рассказваюць пра тыя падзеі.

У аздараўленчым лагеры запланаваны і праводзяцца акцыі па навядзенні парадку на тэрыторыі лагера, завочныя падарожжы па родных мясцінах, гульня «Што? Дзе? Калі? Чэрвеньскі раён”, “Мелодыі роднага краю”, “Гульні дзяцінства нашых бацькоў”. Колькі выдумкі, творчасці, фантазіі праявілі дзеці разам са сваімі выхавальнікамі падчас падрыхтоўкі і правядзення гэтых мерапрыемстваў.

Кіраўніцтва “Вераска” надае пільную ўвагу бяспецы дзяцей. З гэтай мэтай запрасілі ў госці прадстаўнікоў Чэрвеньскага РАНС, якія рассказалі аб сваёй прафесіі, мэта якой – выратаванне людзей, што трапілі ў небяспеку. Яны таксама напомнілі падлеткам аб правілах паводзін у масавых месцах, на дарозе, каля вады, у інтэрнеце.

Вельмі важнае пытанне – здаровае харчаванне. Кожны дзень у меню выхаванцаў лагера прысутнічае свежая  садавіна, гародніна, смачныя сокі, ёгурты. 

Выхавальнікі нашага лагера — калектыў вопытных педагогаў устаноў адукацыі Чэрвеньскага раёна начале з дырэктарам Віялетай Аўсяннікавай —  упэўнены, што ўзаемаразуменне і добры настрой – аснова поспеху ў вырашэнні любых выхаваўчых задач. Дарослыя клапоцяцца аб тым, каб дзецям было весела і кожны дзень, пражыты ў “Вераске”, надоўга застаўся ў памяці.

Валерый Захараў, выхавальнік аздараўленчага лагера “Верасок”. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *