27 снежня — 100 гадоў з дня нараджэння заслужанага будаўніка БССР, лаўрэата дзяржаўнай прэміі БССР, народнага архітэктара СССР Уладзіміра Адамавіча Караля

Общество

Нарадзіўся КАРОЛЬ Уладзімір Адамавіч у 1912 годзе ў Ігумені.

Сярэднюю спецыяльную адукацыю атрымаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, які закончыў у 1931 годзе. Адпрацаваўшы некалькі гадоў настаўнікам, а затым дырэктарам адной са школ Мінскай вобласці, паехаў у Ленінград і паступіў на архітэктурны факультэт Усерасійскай Акадэміі мастацтваў.  Пасля заканчэння акадэміі ў 1941 годзе паступіў у аспірантуру акадэміі. У чэрвені 1941 г. У.А.Кароль уступае ў армію народнага апалчэння Ленінграда. У 1945 г. вярнуўся ў Беларусь, быў прызначаны кіраўніком архітэктурна-планіровачнай майстэрні праектнага інстытута «Белдзяржпраект».

У 1946 годзе  Кароль (у сааўтарстве) распрацаваў праект планіроўкі і забудовы цэнтральнага раёна Мінска, які трактаваўся як адзіная сістэма архітэктурных ансамбляў у выглядзе плошчаў, размешчаных уздоўж прамога трохкіламетровага участка галоўнай магістралі сталіцы.

У першыя пасляваенныя гады шырока практыкаваліся адкрытыя і закрытыя конкурсы. На адным з конкурсаў на праекты архітэктурных малых форм, які праводзіўся ў 1946 годзе,  пяць праектаў маладога архітэктара атрымалі адабрэнне і былі рэкамендаваны да ажыццяўлення.

У 1964 г. пры актыўным удзеле Караля распрацаваны новы генеральны план Мінска ў комплексе з праектам яго прыгараднай зоны.

Багаты вопыт меў Кароль у галіне праектавання жылля. Яшчэ ў 1944 годзе ён распрацаваў серыю тыпавых праектаў жылых дамоў для масавага будаўніцтва. Па яго праектах былі пабудаваны жылыя дамы ў розных гарадах Беларусі. Несумненна, творчай удачай У.Караля лічыцца распрацаваны ў 1950 годзе праект Беларускага павільёна для Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы, які на адкрытым конкурсе быў удастоены 2-й прэміі.

Значнае месца ў творчай біяграфіі У.Караля займаюць мемарыяльныя помнікі. Яшчэ ў 1945 г. ён прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе на праекты надмагільных помнікаў загінуўшым воінам і партызанам. У 1950 г. быў  аб’яўлены Усесаюзны конкурс на праект помніка воінам і партызанам, якія загінулі пры вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, для ўстаноўкі яго на плошчы Перамогі ў Мінску. Лепшым быў прызнаны праект мінскіх архітэктараў У.А.Караля і Г.У. Заборскага. На праект комплекса «Брэсцкая крэпасць-герой» было аб’яўлена некалькі адкрытых і закрытых конкурсаў. У аўтарскі калектыў, якому было даручана стварыць канчатковы праект помніка, уваходзіў і У.А.Кароль. Пяць гадоў напружанай працы далі станоўчыя вынікі: 25 верасня 1971 года мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» быў урачыста адкрыты.

Вялікая працаздольнасць і актыўнасць, арганізатарскі талент вылучылі У.А.Караля ў лік выдатных архітэктурных дзеячаў рэспублікі. Ужо ў 1945 г. ён прызначаецца намеснікам начальніка Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР, з 1951 г. — начальнікам, з 1955 г. — Старшынёй Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па справах будаўніцтва.

Творчую і дзяржаўную работу У.А.Кароль спалучаў з грамадскай работай і навукова-педагагічнай дзейнасцю. Неаднаразова выбіраўся членам праўлення Саюза архітэктараў БССР і праўлення Саюза архітэктараў СССР. Шмат рабіў гэты чалавек для далейшага росту творчай актыўнасці архі-тэктуры. З’яўляючыся з 1947 года выкладчыкам, з 1954 года дацэнтам, з 1969 года загадчыкам кафедры горадабудаўніцтва Беларускага політэхнічнага інстытута, У.А.Кароль шмат увагі надаваў надрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для будоўляў і праектных інстытутаў рэспублікі. Пад яго кіраўніцтвам шмат спецыялістаў абаранілі дысертацыі і паспяхова працуюць у навукова-даследчых інстытутах.

У якасці прадстаўніка Беларускай ССР У.А.Кароль прымаў актыўны ўдзел у рабоце камітэта па жыллёвым пытанні і будаўніцтве Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. У.А.Кароль быў членам Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях пры Савеце Міністраў СССР, рэдакцыйнай калегіі Беларускай савецкай энцыклапедыі, рэдакцыйна-выдавецкага савета па выпуску «Звода помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», вучонага Савета Беларускага політэхнічнага інстытута, адказным рэдактарам журнала «Будаўніцтва і архітэктура Беларусі».

У.А.Кароль узнагароджаны ордэнамі Знак Пашаны, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Леніна, шматлікімі медалямі і Ганаровымі граматамі.

Памёр 28 мая 1980 года. З мэтай увекавечання яго памяці Савет Міністраў Беларускай ССР пастанавіў прысвоіць імя У.А.Караля сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №1  горада Чэрвеня.

 

Л.М.Ганчарык

(Паводле кнігі “Памяць. Чэрвеньскі раён”)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *