Юбілейны Дзень нараджэння выдатнага педагога і былога дырэктара школы Казіміра Ваўжынцавіча Вяржбіцкага

Люди и судьбы

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адзначыў свой юбілейны Дзень нараджэння шаноўны ветэран вайны і педагагічнай працы, выдатны педагог і былы дырэктар нашай школы Казімір Ваўжынцавіч Вяржбіцкі.

22 лютага яму споўнілася 95 гадоў. Для многіх былых вучняў, настаўнікаў і педагогаў-ветэранаў Лядзенская сярэдняя школа стала другім родным домам, домам радасці. З асаблівым пачуццём вялікай павагі і ўдзячнасцю прыгадваем мы настаўнікаў, якія вучылі нас. Яны жывуць у нашых сэрцах, такія знаёмыя і дарагія. Якімі б дарослымі, моцнымі, разумнымі мы ні сталі, як бы далёка жыццё ні закінула нас ад роднай школы, школьныя гады застаюцца ў нашай памяці…

У далёкія 70–80-я гады мінулага стагоддзя вучні і настаўнікі ішлі ў школу з добрым настроем і вялікім жаданнем, бо кожны быў упэўнены, што чакае іх там незвычайны чалавек, сапраўдны энтузіяст сваёй справы дырэктар Казімір Ваўжынцавіч. Кожнага, хто адчыняў дзверы школы, ён сустракаў добразычлівым позіркам, цёплай усмешкай і дабрынёй. Усе віталіся з ім з вялікай павагай. Дырэктар адносіўся да кожнага вучня з разуменнем, клопатам і душэўнай цеплынёй. Мы былі ўпэўнены, што нашаму дырэктару можна даверыць сваё сэрца.

Жыццёвы шлях майго бацькі змяшчае мноства радасных і трагічных момантаў, — распавядае Галіна Казіміраўна, дачка дырэктара школы, мая школьная сяброўка. – Бацькі Казіміра Ваўжынцавіча, зацягнутыя ў віхур падзей пачатку ХХ стагоддзя, рознымі шляхамі апынуліся ў рэвалюцыйным Петраградзе, дзе сустрэліся і стварылі сям’ю.
У 1923 годзе, ратуючы дваіх дзяцей ад голаду, вярнуліся з Петраграда на радзіму ў вёску Чартава Горкаўскага сельсавета. Толькі маленькі старэйшы сын усё адно памёр. Тут ужо на Чэрвеншчыне ў 1924 годзе нарадзіўся трэці хлопчык – Казімір.

У сталым узросце ён увесь час прыгадваў маляўнічую прыроду ваколіц роднай вёскі, вялікія сады, забавы на рацэ Дабрыцы, касьбу на заліўных лугах ад Чартава да самых Лядоў, немалую дарогу да школы за ведамі. І разам з гэтым дзіцячая памяць моцна зафіксавала трывожныя падзеі 30-х – падчас калектывізацыі канфіскавалі зямлю. Каб купіць хлеба, трэба зацемна ўсёй сям’ёй ісці на станцыю Градзянка. І ў такі час бацькі даюць прытулак на зімовы час галадаючай сям’і з Украіны. Самым цяжкім быў 1937 год: са страхам і адчуваннем безабароннасці пачыналася кожная ноч…

У канцы 30-х у выніку ссялення хутароў вёска Чартава знікае. Сям’я майго дзеда Ваўжынца Вяржбіцкага перасяляецца ў пасёлак нядаўна арганізаванай МТС – цяпер вёска Прамень.

У чэрвені 1941 года на службу ў Чырвоную Армію быў прызваны старэйшы бацькаў брат Валянцін, а праз тыдзень пачалася Вялікая Айчынная вайна. Тры гады неверагодных трывог і цяжкасцяў на акупіраванай тэрыторыі. Толькі пасля вызвалення ў 1944 годзе бацькі атрымалі паведамленне, што Валянцін прапаў без вестак у цяжкіх баях пры гераічнай абароне Крыма. Маці чакала Валянціна да канца жыцця…

9 ліпеня 1944 года палявым ваенкаматам 49-й арміі 2-га Беларускага фронта Казімір Вяржбіцкі быў прызваны на вайсковую службу. Пешшу босыя і галодныя навабранцы дабраліся да Гродна, дзе з іх сфарміравалі неабучанае войска…

Але вайна вучыла хутка. Першы бой адбыўся 24 жніўня каля польскага горада Замбрув. Некалькі пахаванак паляцела ў родныя мясціны… Казімір Ваўжынцавіч, удзельнічаючы ў цяжкіх баях у складзе 42-ой дывізіі 2-га Беларускага фронта, прайшоў тэрыторыю Польшчы, Памераніі. 15 сакавіка быў паранены і вестку аб Вялікай Перамозе сустрэў у шпіталі.

За баявыя заслугі бацька ўзнагароджаны медалём “За адвагу”, ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2 ступені. Быў дэмабілізаваны ў 1947 годзе.
Прафесію настаўніка выбраў, дзякуючы настойлівасці маці. Спачатку завочна скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча, а потым геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Першым месцам работы стала Лядзенская школа, дзе Казімір Ваўжынцавіч працаваў настаўнікам пачатковых класаў. Затым была праца ў Старадарожскай, Рэчкаўскай школах. У Рэчкаўскай сямігодцы з 1954 па 1961 год быў дырэктарам. З 1961 па 1984 год узначальваў Лядзенскую школу, выкладаў геаграфію. На заслужаны адпачынак выйшаў у 1984 годзе.

Дырэктар Лядзенскай сярэдняй школы Казімір Ваўжынцавіч Вяржбіцкі з упэўненасцю глядзеў у будучыню. Ён ствараў умовы для навучання і развіцця кожнага вучня, улічваючы яго асаблівасці. У навучальнай установе школьнікі не толькі атрымлівалі трывалыя веды, але і вучыліся жыць. Школа была для нас усіх скарбонкай духоўных каштоўнасцяў і прыгажосці.

Дырэктар умела сумяшчаў свой значны педагагічны вопыт і вялікі аб’ём ведаў, спалучаў у сабе мудрасць і маладосць душы, крэатыўнасць і вялікую энергію, дабрыню і строгасць, памяркоўнасць і патрабавальнасць. Ён творча і з душой ставіўся да самога працэсу навучання і выхавання школьнікаў, працаваў “з агеньчыкам”, аддаючы справе ўсяго сябе…
Выдатны педагог – моцны, мужны і бескарыслівы, ён тонка адчуваў побач з сабой чалавека і добра разумеў яго душу. Казімір Ваўжынцавіч умеў бачыць станоўчыя і адмоўныя якасці сваіх вучняў і калег, але ніколі не забываў, што ў кожнага чалавека ёсць свая годнасць. Ён стварыў дружны калектыў, які жыў адной вялікай сям’ёй.

Сціплы, настойлівы і патрабавальны кіраўнік школы ніколі не спыняўся ў самаразвіцці, самаадукацыі і самавыхаванні. Усяму гэтаму ён вучыў калег і вучняў.

Дырэктар школы захапляўся шахматамі. Сваё майстэрства ён з вялікім задавальненнем перадаваў вучням, знаёміў іх з эстэтычным бокам шахматнай творчасці і прыкладамі разнастайных шахматных камбінацый.

Многія вучні сталі сапраўднымі аматарамі шахматнай гульні. І былі добрыя вынікі. Выдатны педагог дапамог нам засвоіць мудрае правіла – добрае лічыць абавязковым.
Казімір Ваўжынцавіч вучыў нас вытрымцы і цярпенню, дыпламатычнасці і адказнасці за даручаную справу, уменню трымаць слова і выказваць сваё меркаванне з павагай да чалавека. А таксама — правільна ацэньваць свае здольнасці, пераадольваць цяжкасці і дасягаць таго, што здавалася немагчымым.

Дырэктар быў і выдатным настаўнікам – вельмі цікава выкладаў геаграфію, творча і плённа працуючы над рэалізацыяй праграмы па свайму прадмету. На кожным уроку ўмела выкарыстоўваў дыдактычныя матэрыялы, адпаведную нагляднасць, тэхнічныя сродкі навучання, літаратуру, часопісы і газеты з цікавымі артыкуламі і фотаздымкамі. На яго ўроках кожны вучань быў актыўным удзельнікам і ўважлівым слухачом. Казімір Ваўжынцавіч імкнуўся развіваць асобу вучня, яго творчы патэнцыял.

Урокі геаграфіі цудоўнага настаўніка – гэта ўрокі сумленнасці і памяркоўнасці, сяброўста і справядлівасці, дабрыні і ўзаемаразумення, гэта тая дарога, па якой з упэўненасцю рабілі крокі ў дарослае жыццё яго вучні.

За працоўныя заслугі Казімір Ваўжынцавіч узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”, медалём “За доблесную працу”.

Яго прафесійныя якасці нейкім адмысловым чынам перапляліся з высокім духоўным узроўнем, што дазволіла стварыць атмасферу ўзаемаразумення, павагі і добразычлівых адносінаў паміж настаўнікамі, вучнямі і бацькамі.

Казімір Ваўжынцавіч Вяржбіцкі – добра вядомы і паважаны чалавек у раёне. Ён з бескарыслівай любоўю нясе сваё служэнне педагагічнай справе і людзям. Яго парады – на вагу золата.

Удзячныя вучні і іх бацькі, настаўнікі і педагогі-ветэраны Лядзенскай школы падтрымліваюць сувязь са сваім былым дырэктарам, дарагім сэрцу чалавекам, і з яго сям’ёй.
Выпускнікі нашай школы 70-х – 80-х гадоў упэўнены, што іх поспехі – поспехі іх дырэктара, іх Настаўніка.

Шаноўны Казімір Ваўжынцавіч! Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды Вашага юбілею. Цудоўнага Вам настрою і радасці, моцнага здароўя і аптымізму, бадзёрасці і дабрабыту. Няхай жа доўжыцца шчасце ў Вашым утульным доме яшчэ доўгія гады і ў ім невычэрпнай крыніцай льецца каханне і дабрыня!

З вялікай павагай і ўдзячнасцю – былая вучаніца і былая настаўніца Таццяна Фёдараўна БАБІЧ.
Фота з архіву сям’і Вяржбіцкіх



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *