Не цурацца ніякай работы

Люди и судьбы

Такі жыццёвы дэвіз у Аляксандра Іванавіча ДЗЯРКАЧА, аператара паперарэзальных машын Чэрвеньскай друкарні. Яго ён атрымаў ад бацькі Івана Аляксандравіча.

А працаваць Аляксандру давялося яшчэ ў школьныя гады, калі падчас летніх канікулаў пасля 8-га і 9-га класаў дапамагаў бацькам папаўняць сямейны бюджэт. Працаваў у ПМК-21 падсобным рабочым на будоўлі: адно лета ў Пальчыку кароўнік будаваў, другое – у Рудні жылыя домікі. І пасля заканчэння школы пайшоў працаваць у ПМК, дзе яго ўжо добра ведалі. Трэба было бацькам дапамагаць, бо ў сям”і, акрамя Аляксандра, выхоўваліся яшчэ дзве родныя сястры і стрыечная, якая рана засталася сіратой.
Хутка яго прызвалі на тэрміновую службу, служыў у Германіі. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся на дрэваапрацоўчы камбінат. Але па стану здароўя не змог там працаваць. Прыйшоў на работу ў друкарню. Гэта было ў 1979 годзе. Дырэктарам тады была Валянціна Міхайлаўна Добышава, Яна прызначыла Аляксандра карэктарам. З работай малады хлопец хутка спраўляўся, яшчэ і паспавяў дзяўчатам дапамагчы: то набор разабраць (у той час уручную наборшчык формы разбіраў), то за рэзчыцай паперы пачкі пакаваў. Неўзабаве з’явілася другая машына па рэзцы паперы. Спрабаваў і сам на ёй працаваць. А калі рэзчыца пайшла на пенсію, Аляксандру даручылі яе работу. Дырэктар дала тры дні выпрабавальнага тэрміну: маўляў, норму зробіш – будзеш працаваць. Ён і выдаў 150 працэнтаў. Вось і застаўся працаваць рэзчыкам.
— Настаўнікі ў мяне былі добрыя, — гаворыць Аляксандр Іванавіч. – З цеплынёй успамінаю майго першага дырэктара, якая ўмела сама рабіць усё, майстра Наталлю Патупчык, яна многаму мяне навучыла, лінатыпіста Валерыя Шэха, ён у той час быў лепшым лінатыпістам у вобласці.
Тут, у друкарні, знайшоў Аляксандр Іванавіч і сваё каханне. З будучай жонкай Фільзай Міннісламаўнай амаль разам прыйшлі на работу. Яна пасля заканчэння Куйбышаўскага паліграфічнага вучылішча прыехала сюды па размеркаванні. Атрымала спецыяльнасць наборшчык ручнога набору. Ей даручылі вярстаць газету. Пасля года знаёмства пажаніліся. Купілі недабудаваны дом. Праз некаторы час адзін за другім нарадзіліся дзеці. Трэба было і дзяцей гадаваць, і будавацца…
Працавалі шмат. Заставаўся Аляксандр Іванавіч на звышурочныя работы, а жонка, будучы ў дэкрэтным адпачынку, хадзіла ў калгас кароў даіць. Аляксандр таксама не сядзеў, склаўшы рукі. Зімой у выхадныя ў лесе з ляснікамі на падпрацоўцы быў. А летам – сена нарыхтоўваў.
Вось так у працоўных клопатах ішлі гады. Было і зусім цяжка. Усяго хапала. Асабліва складана было ў 90-я. Заробак тады быў вельмі малы. Яго не хапала на ўсе патрэбы. А тут дзеці падраслі, іх трэба было вучыць. Добрай падтрымкай тады была вялікая гаспадарка, якую трымала гэтая працавітая сям”я. Былі ў іх індыкі, нутрыі, качкі, трусы, свінаматка, каровы. Адна была асабліва высокаўдойная, малака давала па 17-18 літраў за раз. Частку яго здавалі, на яго сенакос давалі. А тады і самі сенакос узялі ў арэнду, сена нарыхтоўвалі …
І цяпер у іх ёсць гаспадарка. Праўда, не такая вялікая: в’етнамскія парасяты і куры. Жонка кожны год выводзіць сама цыплят у інкубатары. А вось агародніцтва – яе галоўнае захапленне. На падворку на двух сотках у гэтых працавітых людзей добра расце бульба, буракі, капуста, морква, цыбуля, часнок, агуркі і памідоры. І ўсё гэта апрацоўваецца добрымі рукамі і з добрымі думкамі. Таму і ўраджай ў іх заўсёды багаты і яго сям”і хапае на ўсю зіму.
Аляксандр Іванавіч першы памочнік сваёй жонцы ў агароднай справе. Але ў яго ёсць сваё захапленне — кнігі. Ён заўзяты чытач, перачытаў шмат кніг, напэўна ўсю гарадскую бібліятэку. Зараз выпісвае літаратуру праз кніжны клуб. Сочыць за навінкамі. Густы разнастайныя – ад фантастыкі да паэзіі. Пагутарыць з ім можна на любую тэму.
Дзеці ў Дзяркачоў даўно дарослыя. Сын Саша і дачка Рыта. Сын на жаль, не давучыўся ў вышэйшай навучальнай установе, дачка атрымала спачатку сярэднюю спецыяльную адукацыю, а потым – вышэйшую. Эканаміст. Двое ўнукаў у дзядулі з бабуляй.
У жніўні будзе 39 гадоў, як працуе Аляксандр Іванавіч у друкарні.
— Мы ўсе тут, як адна сям’я, — распавядае ен. — Падтрымліваем адзін аднаго і на рабоце, і дома, калі ў гэтым ёсць патрэба. Са старэйшага пакалення ўсе дарабілі тут да пенсіі, хто па 35 гадоў, хто па 40. Вось толькі жонка мая затрымалася тут толькі на 13 гадоў. А тады ў яе спецыяльнасць скончылася (смяецца), таму што на змену ручному набору прыйшлі машыны, камп’ютары. Фільза Міннісламаўна пайшла працаваць на індом, там і цяпер шчыруе. А вось я не пакідаю свой калектыў. Калісьці бацька сказаў мне: “Не цурайся ніякай работы”. Пра гэта я памятаю увесь час, таму з задавальненнем і добрасумленна выконваю любую справу.
Нядаўна Аляксандр Іванавіч адзначыў свой 60-гадовы юбілей. Рэдакцыя віншуе яго з гэтай шаноўнай датай і зычыць моцнага здароўя, дабрабыту і яшчэ шмат гадоў працаваць на дабрабыт калектыва друкарні.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *