Юбілей клуба » Собеседник»

Актуальное

10 гадоў дорыць радасць стасункаў пажылым людзям аматарскі клуб “Собеседник”, які пачаў працаваць на базе аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Чэрвенскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва на вуліцы Зяневіча ў лістападзе 2008 года.

Першым яго старшынёй «Собеседника» была Валянціна Клімовіч. На працягу дзевяці гадоў яго ўзначальвае Зоя Сушкевіч. Клуб наведваюць людзі сталага ўзросту ад шасцідзесяці да васьмідзесяці гадоў. Cёння ён аб’яднаў людзей розных прафесій. Яны цікава бавяць час, ладзяць разнастайныя мерапрыемствы і ўдзельнічаюць у іх.
Да першага свайго юбілею рыхтаваліся грунтоўна. Увазе прысутных прапанавалі відэаролік, у ім — фотаздымкі з мерапрыемстваў, якія ладзілі ўдзельнікі клуба: святкаванне Дзён нараджэння, Новага года, 8 Сакавіка, 23 лютага, экскурсійныя паездкі і паходы на прыроду, ўдзел у раённых мерапрыемствах і проста стасункі людзей-аднадумцаў.
Павіншавала членаў аб”яднання дырэктар Чэрвенскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова. Яна пажадала клубу доўгіх гадоў жыцця, а яго ўдзельнікам – моцнага здароўя і бадзёрасці.

Зоя Сушкевіч падзякавала тым, хто з першых дзён існавання клуба наведваў яго і застаўся верным яму і сёння.

«Собеседник» папаўняецца новымі паплечнікамі, якія акунуўшыся у яго атмасферу, застаюцца тут назаўсёды. Прысутныя хвілінай маўчання ушанавалі памяць тых, каго ўжо няма сярод іх: Вікенція Паскробкі, Ніны Сударыкавай, Міхаіла Звягіна, Лідзіі Кавалёвай, Уладзіміра Дарагужа, Уладзіміра Бондарава, Соф’і Гурынай.
Сёння на свае пасяджэнні члены клуба збіраюцца ў новым памяшканні, дзе месціцца аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання для сталых людзей на вуліцы Савецкай у будынку былой спартыўнай школы. Тут ёсць усе ўмовы для таго, каб прыемна бавіць час. За гэта пажылыя людзі ўдзячны Людміле Шарковай. Словы ўдзячнасці прагучалі таксама і ў адрас работнікаў аддзялення Валянціны Багловай і Дзяніса Галавенчыка за дапамогу ў правядзенні разнастайных мерапрыемстваў.

Наталля Жданок распавяла, як ствараўся клуб і прачытала свой верш, які склала ў гонар юбілею.

Уладзімір Крамарчук засведчыў, што наведвае клуб з вялікім задавальненнем і выказаў добрыя словы ўсім яго сябрам і пажадаў гэтаму аматарскаму аб’яднанню доўгіх гадоў жыцця.

Канцэртную праграму падрыхтавалі Валянціна Баглова і Дзяніс Галавенчык. Праспявалі песню “Я люблю тебя, жизнь”, якую абралі гімнам клуба. Адзначылі юбілейную дату за салодкім сталом.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *