Завяршыўся рамонт харчовага блока і пральні

Общество

У мінулую сераду пасля рамонту адкрыліся пральня і харчовы блок установы аховы здароўя “Чэрвеньская цэнтральная раённая бальніца”. Сімвалічную стужку пераразалі намеснік старшыні райвыканкама Ала Шахоцька, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Чэрвеньскага раёна Мікалай Лойка, дырэктар прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Чэрвеньскаму раёну Анатоль Ульянаў і галоўны ўрач бальніцы Андрэй Прахарэнка.

Убачыць адноўленыя пральню і харчовы блок мелі магчымасць не толькі госці. Работнікі бальніцы таксама з цікавасцю разглядвалі прыгожыя пакоі і новае абсталяванне. Усе з нецярплівасцю чакалі гэтага моманту.
У пральні зроблены душавы пакой, раздзявальня, санвузел. Набыта новае абсталяванне: пральныя машыны, цэнтрыфугі, прас, ванны.
На харчовым блоку нават ганак зрабілі такім чынам, каб было зручна разгружаць машыны з прадуктамі і сыравінай. Гэта — асабістае вынаходніцтва галоўнага ўрача. У будынку зроблена перапланіроўка, абсталяваны кабінеты для работнікаў, дыетсястры, таксама раздзявальня і санвузел. Зручна і з захаваннем санітарных нормаў размеркаваны цэхі: мясны, для агародніны, гатовай прадукцыі, пакоі для сухога запасу і дзіцячай малочнай прадукцыі, а таксама пакой для мыцця посуду. У варачнай зале – усё неабходнае абсталяванне: электрапатэльня, кіпяцільнік, агароднінарэзка, параканвектар для прыгатавання катлет, тэфтэляў для дыетычнага харчавання, пліты з вентыляцыйнымі ўстаноўкамі.
Сваімі меркаваннямі наконт доўгачаканай падзеі падзяліліся:
Мікалай Лойка:
— Над праектам рэканструкцыі харчовага блоку мы працавалі разам з галоўным урачом бальніцы. Задзейнічалі памяшканні, якія пуставалі. Зрабілі дадатковы ўваход. Улічвалі кожную дробязь, каб было зручна персаналу. Акрамя таго, як санітарны ўрач, я павінен быў адсачыць, каб захоўваліся ўсе санітарныя нормы і ўсё было па-сучаснаму.
Андрэй Прахарэнка:
— Работы выконвалі індывідуальныя прадпрымальнікі. Адны займаліся вентыляцыйнай сістэмай, іншыя – сантэхнічнымі і аддзелачнымі работамі, электраправодкай. Сродкі былі дадаткова выдзелены з абласнога бюджэту. Рамонт доўжыўся з ліпеня мінулага года. Для пацыентаў, якія лячыліся ў стацыянары падчас рамонту, ежу гатавалі на прадпрыемстве грамадскага харчавання райспажыўтаварыстава.
Анатоль Ульянаў:
— Сёння мы ўвачавідкі пабачылі, што ў бальніцы ёсць гаспадар. Рамонты зроблены з улікам патрабаванняў часу і для зручнасці работнікаў. Мае дачка і зяць таксама працуюць у сістэме аховы здароўя, і мне было б прыемна каб і яны працавалі ў такіх добрых умовах.
Намеснік старшыні райвыканкама Ала Шахоцька выказала меркаванне, што за тры гады будзе рэалізавана тая задача, якая пастаўлена была два гады таму перад Чэрвеньскай раённай бальніцай – стаць лепшай у вобласці.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *