Майстар-клас для абласных харавікоў

Общество

На базе Чэрвеньскай школы мастацтваў адбыўся абласны семінар для кіраўнікоў аматарскіх вакальна-харавых калектываў. На сустрэчы абмяркоўваліся метады развіцця музычна-вобразнага мыслення ўдзельнікаў хору і прынцыпы фарміравання рэпертуару аматарскага харавога калектыву.

Практычныя заняткі правялі кіраўнікі народных калектываў школы — вакальнага ансамбля «Рэха» Анатоль Феліксавіч Шунтаў і музычнай капэлы «Ігуменскія крыніцы» Васіль Васільевіч Капцелаў. Яны разгледзелі з абласнымі харавікамі  пытанні, якія тычыліся мелодыі і слова — таго, з чаго складаецца песня.

Калектывы выканалі некалькі музычных твораў. Майстар-клас распачалі з песні «Чэрвеньскія зоры», музыку да якой напісаў ураджэнец Чэрвеньшчыны Кім Цесакоў. Праграма завяршылася класічнай «Радзіма мая дарагая» на музыку Уладзіміра Алоўнікава.

Анатоль Феліксавіч звярнуў увагу удзельнікаў семінара на нюансы выканання народных і кампазітарскіх песен.  Выкананню кожнай з іх папярэднічаў невялікі экскурс у гісторыю стварэння музыкі да яе.

«На “самадзейнасці” ляжыць вялікая адказнасць, — адзначыў Анатоль Феліксавіч напрыканцы семінара. — Аматарскія харавыя калектывы спяваюць народныя і кампазітарскія песні, не сыходзячы ў камерцыю. Таму, пакуль ёсць фанаты сваёй справы, «дух песні» не знікне».

Сняжана КАЎГАРЭНЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *