Механізатар ААТ “10 з’езд Саветаў” Іван КРАСНАГІР: “Не шукаю лепшай долі”

Аграрный сектор

– Калі часам у мяне пытаюцца, чаму, як шмат хто з аднагодкаў, не з’ехаў пасля школы ў горад, не задумваючыся адказваю: “А што той горад? Каменныя джунглі!”. Хіба можна там пабачыць, як на досвітку вялізны чырвоны яблык сонца, бы ў люстэрку, адбіваецца ў воднай прасторы сажалкі рыбгаса? Хіба можна пачуць, як спявае ў блакіце нябёс напрадвесні жаўрук?

Я не здрадзіў малой радзіме, і яна аддзячыла за гэта. Лёс наканаваў сустрэчу з дзяўчынай, якая прыехала працаваць у Турэцкую школу. Яна стала маёй жонкай і падаравала мне дзвюх цудоўных дзяўчынак, Дашу і Машу. Праўда, пакуль дачушкі малыя, рэдка тату бачаць: ідзеш на працу – яны яшчэ спяць, вяртаешся – ужо спяць.
А працы ў гаспадарцы хапае ў любую пару года. Чапляю да свайго “МТЗ-3022” то плуг, то культыватар, то раскідвальнік арганічных угнаенняў. Падчас жніва перасядаю на “Дон-1500”. Узімку рамантую замацаваныя агрэгаты. А, як падкіне снегу, навешваю на трактар спецыяльны коўш і – наперад, дарогі чысціць…
Дом гаспадарка дала, сям’я ёсць, праца ёсць. Зарабляць няблага можна – толькі не лянуйся. Гонар і павага? Калі ласка: пераможцам раённага спаборніцтва стаў. Што яшчэ ад жыцця патрабаваць?

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *