Да сяўбы гатовыя!

Аграрный сектор

Сіноптыкі сёлета не абяцаюць ранняй вясны. А адліга на Грамніцы, паводле народных прыкмет, паказала на адваротнае. Чый прагноз акажацца больш дакладным, хутка даведаемся. Што да земляробаў сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Новыя Зелянкі” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі малочны завод №1”, то яны гатовыя да любога з варыянтаў веснавога абуджэння прыроды.

Днямі тут завяршылі падрыхтоўку пасяўных і глебаапрацоўчых агрэгатаў да выхаду ў поле. На лінейцы гатоўнасці – увесь шлейф прычапной тэхнікі, якая будзе ўдзельнічаць у палявых работах: плугі, культыватары, агрэгаты для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, сеялкі.

Вось, што распавёў “Раённаму весніку” дырэктар гаспадаркі Уладзімір Лаўрык:

— Тэхніку рыхтавала рамонтнае звяно, у якое ўвайшлі слесары Павел Шкіронак, Васіль Мацюх і электрагазазваршчык Сяргей Арцёменка. У складаных відах работ ім дапамагалі замацаваныя за агрэгатамі механізатары. Дарэчы, мы ў чарговы раз пераканалася ў эфектыўнасці замацавання тэхнікі. Механізатары ашчадна ставяцца да яе на працягу сезона сельгасработ, таму і выдаткі на узнаўленне вузлоў і механізмаў параўнальна невялікія. Сёлета ўклалі ў рамонт пасяўной і глебаапрацоўчай тэхнікі ўсяго 5 тысяч рублёў.

Таксама гатовыя ўжо да веснавых палявых работ энерганасычаныя трактары – “Фэндт” і два “МТЗ-3022”. Недахопу механізатараў на пасяўной не будзе. Зараз нават рыхтуем рэзерв трактарыстаў на ўсялякі выпадак. Таксама іх можна будзе выкарыстоўваць, калі ўзнікне неабходнасць працаваць у дзве змены.

Гаспадарка цалкам забяспечана кандыцыйным насеннем яравых культур. У гэтыя дні актыўна назапашваем мінеральныя ўгнаенні.

На здымку: добра папрацавалі, каб паставіць на лінейку гатоўнасці прычапную тэхніку электрагазазваршчык Сяргей Арцёменка і слесар па рамонту сельгасмашын Павел Шкіронак.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *