Смелы ўчынак

Общество

19845-resЯна памятае эпізоды той жудаснай вайны нагэтулькі, наколькі гэта магчыма:  учэпістая дзіцячая памяць увабрала ў сябе іх так, што ўжо ніколі не забудуцца.

Больш 70 гадоў мінула з таго часу, а падзеі паўстаюць перад вачыма так ярка і выразна,  нібы адбылося гэта зусім нядаўна.

Паспрабуем вачыма дзіцяці глянуць на вайну так, як яна  яе бачыла і запомніла…

Марыя БЯЖАН, г.Чэрвень

Зайшоўшы ў хату, немцы, бы гаспадары, расселіся на лаўцы, выціраючы потны твар, на дварэ стаяла гарачыня. Дарослыя крыху раней уцяклі ў лес, а мы гурткамі сядзелі на падлозе, прытуліўшыся да маці. Мы — гэта я і дзеці-сіроты.

Немец, паляскаўшы амаль па пустым вядры, патрабуе ад Галі прынесці вады. Бацькі Галі загінулі ад рук фашыстаў, а ад іх хаты засталося толькі печышча, таму ім і давялося жыць у нас. Галя люта ненавідзіць гэтых гадаў, праз якіх яна і яшчэ трое дзяцей засталіся круглымі сіротамі. Выставіўшы немцу кукіш, яна ўскочыла на печ. Ад такой знявагі той спачатку разгубіўся, падскочыўшы да печы, пачаў страляць з аўтамата, але Галя ўжо пераскочыла на грубку. Грубка зложана ўпрытык да печы, над яе лежаком, у сцяну печы ўмацаваны два гладышы, а зверху па краі печы вылажана ў рады цэглай  нешта накшталт сценкі. Немец уцяміў, што Галі на печы няма і, абагнуўшы печ, апынуўся з боку грубкі. Галя, засунуўшы нагу ў гладыш і ўхапіўшыся за сценку печы, перакідае цераз яе другую нагу. I вось яна ўжо на печы. Лезці за ёй немец не адважваецца і страляе з аўтамата ўслед. Адлушчваюцца, сыплюцца асколкі цэглы, але Галя надзейна ляжыць за сцяной, прыціснуўшыся да чарэні. I вось немец, абягаючы печ, ізноў страляе з процілеглага боку, але Галя ўжо на грубцы. Маці лямантуе:

— Галя, дачушка, апамятайся, збегай прынясі вады, пашкадуй дзетак! Ты ж усіх загубіш!

Але Галя не рэагуе на мальбы маці, выкрыкваючы ганебныя словы ў адрас немцаў, паўтарае свае рызыкоўныя скокі. Маці ўжо кланяецца ў бок іконы, моліцца.

— Божухна, міласэрны! Уразумей гэтую дурніцу, яна ж загубіць нявінных дзетак.

Калі немец апынуўся з боку грубкі, Галя, саскочыўшы з печы, ухапіла вядро і выбегла за дзверы. Увесь гэты час астатнія немцы моўчкі назіралі за паядынкам. А цяпер, калі раз’юшаны ваяка рынуўся за Галяй, яго затрымалі і адабралі аўтамат. Яны нешта тлумачылі нядаўняму храбрацу, размахваючы рукамі. У хату, панурыўшыся, ужо прыціхлая, зайшла Галя з паўнюткім вядром вады. Паставіла яго каля печы, падышла да нас і моўчкі села побач на падлогу. Немцы змоўклі. Каб праляцела муха, было б чутно. Маці моліцца, просіць Бога, каб паслаў лёгкую смерць. Раптам нехта запляскаў у далоні. Цішыня ўзарвалася шумам і гамам сярод немцаў, а адзін з іх накіраваўся ў наш бок. Падышоўшы да нас, ён выставіў у бок Галі руку з паднятым уверх вялікім пальцам і прамовіў:

— Маладэц! — і паклаў каля Галі шакаладку.

Потым вярнуўся да маці і на ломанай рускай мове вымавіў:

— Смеласць і храбрасць патрэбна паважаць! Хоць і ў такім праяўленні.

Маці з палёгкай уздыхнула — на гэты раз абышлося. Галя ізноў выкінула козыр, пульнула тую шакаладку ў бок немцаў. Але тыя ўжо не звярталі на яе ўвагі і прагна пілі ваду. Напіўшыся, рушылі з хаты…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *