САД ЖАБРАКА

Общество

Быль.

Сяргей — мой сябра з маленства. У першыя пасляваенныя гады жылося цяжка ўсім, а яму яшчэ горш. Гадаваўся без бацькі. Давялося нават жабраваць разам з бабуляй. Не да гульняў дзіцячых нам было. З лесу не вылазілі. Ранняй вясною дралі лазу, Затым, аж да маразоў, збіралі ягады, грыбы, лекавыя травы. Узімку нарыхтоўвалі хваёвыя шышачкі. Так зараблялі сабе на адзенне.

Пасля школы паступілі ў інстытут. Апошняй жоўтай шкваркай дзяліліся. Скончыўшы яго, паспяхова крочым па жыцці. Ужо не пазнаць у нашых асобах былых стрыжаных, сухіх, у зрэбных нагавіцах босых хлапчукоў. Сталі саліднымі ачкарыкамі, з жывоцікамі, са службовымі аўто.

У час «перабудовы» Сяргей з крыламі камсамола рынуўся з галавою ў бізнес. Сёння — ён сапраўдны доларавы мільянер. Ездзіць на супер-«крутой» машыне. Пабачыў увесь белы свет.

Калісьці мы пакляліся не забываць родныя хаты. Частку штогодняга адпачынку абавязкова праводзім у роднай вёсцы. Як у дзяцінстве, кломляй ловім уюны. Не параўнаць з ніякай замежнай рыбалкай. Круцяцца ўюны ў кломлі клубком — рукамі не схапіць, слізкія. У солі пішчаць. Як жывыя, выскокваюць з гарачай патэльні. Квас з імі — царская страва. Не апісаць смакаты вэнджаных, сушаных уюноў.

Аднойчы, падчас знаходжання на радзіме, Сяргей прыскочыў да мяне ўспацелы, узбуджаны, твар чырвоны. Загадаў:

— Паехалі да мяне. Стол нас чакае. Параіцца патрэбна, ды і нап’юся да чорцікаў. Не буду ж я чокацца з графінам.

— З якой нагоды? Раней не заўважаў у цябе смагі да чарачкі. Што здарылася? Банкруцтва?

— Ціпун табе на язык! Усё добра. Нап’юся з радасці вялікай. Успомнім юнацтва.

— Раскажы, можа і бутэлечка не спатрэбіцца?

— Сёння ўранку вёз на Багоўку сваяку сваю пілу-шведку. Раптоўна на дарогу выскачыла жанчына — ледзь не збіў яе. Вылаяўся. Узмалілася: «Бацька прытомнасць згубіў. Бальніца не адгукаецца. Богам малю — завязіце яго туды. Заплачу, колькі скажаце».

З амбулаторыі выйшла дактарэса, паглядзела непрытомнага.

— Ну, што гэта вы, Рындзюк, пужаеце нас. Зараз укольчык зробім, лепей вам стане. Патэлефануем у райцэнтр. Хай паляжыць у машыне. Лішні раз турбаваць яго нельга.

Пасля размовы з калегамі паведаміла:

— Раяць даставіць яго ў раённую бальніцу. Ды «хуткую дапамогу» чакаць доўга. Яна знаходзіцца на другім канцы раёна — аварыя там вялікая з ахвярамі. Марудзіць — рызыкаваць яго жыццём. Можа, вы завязеце яго ў маім суправаджэнні? Пачаў здагадвацца, каго я прывёз. Прыглядзеўся да дачкі хворага. Несумненна — сястра Веркі. У райцэнтры канчаткова ўпэўніўся ў гэтым. Ведаеш, раптоўна з’явілася нейкае невытлумачальнае, прагнае жаданне, каб мой былы самы закляты вораг ачуняў, убачыў мяне, змог загаварыць. Богу гатоў быў памаліцца за яго. З аптэчкі дастаў ізраільскія лекі, якія трымаў на выпадак бяды. Перадаў доктару.

— Ого! Яны ж надта дарагія. У нас, мабыць, няма і людзей, якім яны па кішэні. Шанцуе чалавеку з такім зяцем. Паставім на ногі.

— Я не зяць, — адказаў. — Эскулап здзівіўся яшчэ больш. Скептычна глянуў на дачку хворага. Па яго разуменню — яна, як каханка, ніяк не стасавалася да шыкоўнай машыны і яе ўладальніка.

Перавёўшы дыханне, ён працягваў:

— Сапраўды, я мог стаць зяцем. Можа, ты і забыў маю юнацкую гісторыю. Сёння яна  ажыла ўсімі пачуццямі, асвяцілася колерамі. Выратоўваю жыццё чалавеку, які абразіў мяне прылюдна, прыгнуў і паклаў у гразь сярод белага дня. Мабыць, помніш маю першую каханую Веру? Перад заканчэннем інстытута намерыліся мы пажаніцца.  Верка вырашыла паказаць мяне бацькам. На Яна пайшлі ў Выселкі, дзе яны тады жылі. На лаўцы перад домам сядзелі ў святочным настроі кабеты і мужчыны, сярод іх і яе родныя. Каханая свяцілася ад шчасця.

— Тата і мама! Вось мой любы, завуць Сяргеем. Вучыцца на апошнім курсе інстытута. Вырашылі ўзяць шлюб.

Людзі з задавальненнем загулі.

— Чый ты сын? Штосьці не пазнаю па твары.

— Гандзі Паляковай.

— Што? Жабрак! Каго ты прывяла?! Тарбэшнік будзе маім зацем? Толькі праз маю труну. Ніколі! Не патрэбны мне ўнукі жабрака! Ніякі інстытут не зменіць яго нутро. У калгас пасля інстытутаў  прыязджаюць былыя галандранцы.  Каб нагі тваёй больш тут не было! А ты, ідзі ў хату. Не вылазь з яе, пакуль не дазволю.

Мужчыны спрабавалі згладзіць няёмкасць моманту.

— Супакойся, Рыгор, ён добры хлопец: працавіты, разумны, заткне за пояс нас, сталых. Час ужо даўно іншы. Пагарачыўся ты, астудзіся. Пабачыш: будзе жыць за ім твая дачка, як у Бога за пазухай.

— Не патрэбны мне вашы парады. Мая дачка, не ваша. Не для жабрака яе гадаваў. Згінь адсюль!

— Тады не знайшоў сіл усё табе дэталёва расказаць. Усю дарогу глытаў гарачыя горкія слёзы, спатыкаўся, падаў. З’явіўся ў хату брудным. Праклінаў свой  лёс. Маці праплакала ўсю ноч. Верка на спатканне не з’явілася. На мае цыдулькі не адказвала. Пабаялася ісці супраць волі бацькі… Зарок узяў — стану вялікім чалавекам. Гады залячылі маю рану. Перахварэў каханне. Зцёрся з памяці балючы выпадак і сам сквалыга Рындзюк. Лічыў — даўно ўжо ў магіле.

— Не, ён маладзей за нашых бацькоў, як казала мая маці, не выпрацаваны, усё ў начальніках калгасных хадзіў, ды ўшчуваў людзей. Умеў прыхапіць сабе.

— Бачыш, якое каленца атрымалася — ратую яму жыццё. Давай заўтра наведаем яго ў бальніцы. Можа, яшчэ штосьці з лекаў патрэбна? Ды і нагадаю яму пра сябе.

— Помста з цябе прэ, Сяргей, праз край, з усіх бакоў. Хочацца табе і перад Веркай казырнуць, папракнуць яе ў бязволлі. Не ўсё так проста ў жыццёвай плыні, як табе бачыцца з вышыні сучаснай званіцы. З’яўленне тваё можа адмоўна адбіцца на стане яго здароўя. З інсультам, ці інфарктам не жартуюць. Ды і жонка твая зацікавіцца. Такія навіны ляцяць хутка…

—  А што прапануеш?

— Праз некалькі дзён наведаем сядзібу. Мабыць, там жыве адна з яго дачок. Выкажам чалавечую чуласць, ветлівасць, жаданне даведацца пра лёс Веркі. Паедзем на маёй машыне — больш сціплай. Да твайго «месяцахода» збягуцца дзеці з усёй вуліцы — спакою не будзе. Размову, з гумарам, пачну сам. Ты ж будзеш слухаць, а ў нейкі момант падтрымаеш гутарку.

Неўзабаве так і зрабілі.

— Дзень добры! Дазвольце ўвайсці ў хату, не пагоніце мятлою?

— Ой, калі ласка! Што вы такое кажаце! Не кожнаму дому пашчасціць прыняць такіх файных і вялебных мужчын. Мы вельмі рады вам!

— Ды і вы — лялечкі маляваныя.

— Не, мы ўжо падмаляваныя. Дзякуем, што прыйшлі. Нават не спадзяваліся, збіраліся самі вас наведаць, падзякаваць за дапамогу, лекі.

— Цяпер можаце выканаць свой намер. Згодзен, Сяргей?

— Чаму ж не.

— Мы добра паголеныя. Пахнем парфумам. З радасцю падставім шчокі.

— А мы з вялікім задавальненнем пакінем адбіткі, у першую чаргу вам. Для Сяргея Іванавіча мядовыя вусны Веркі з’явяцца заўтра. Нашы не такія жаданыя. Выклікалі яе. Спужаліся за бацьку.

— Ужо ведаеце, хто ён?

— Сястра чула пра яго шмат і раней. Яна часцей наведвае вёску. Я ж сустракаю ўпершыню. Цяжка стрымаць слёзы.

— Як бацька адчувае сябе?

— Добра. Лекі замежныя дапамаглі. Ужо размаўляе. Дзякуе Сяргею. Яму адкрытым тэкстам сказалі пра выратавальніка. У лесе, мусіць, штосьці здохла. Загадаў перадаць яму барыльца шмадгадовых мёдаў — настой на першаку — гарэльцы мёда і гаючых траў па старадаўніх рэцэптах. Частуйцеся, ласкава просім, халодненькім бярозавікам.

— Ад чаго такое здарылася з ім? На выгляд — здаравяк.

— Багацце яму ніколі не давала спакою. Свярбела заўсёды падгарнуць пад сябе, як мага больш. І Верцы зламаў жыццё з-за яго. Нарыхтоўшчыкі з Краснадарскага краю закупаюць у нашай вёсцы бульбу па добраму кошту. Ён дыхаць спакойна не можа, калі кагосьці не падмане. У мяшкі насыпаў бульбы для свінней, а зверху дадаў вялікай. Ашуканства выкрылася. Патрабавалі вярнуць значную частку грошай. Ваяваў з нарыхтоўшчыкамі і з намі з-за таго, што мы іх падтрымалі. Знерваваўся — сэрца і не вытрымала. І другая яго задума да дабра не прывядзе. Атрымаў ад райвыканкама зямлю для закладкі сада. Прыватызаваў яе. Праз пэўны час райвыканкамаўцы прыехалі паглядзець, як справы, а на ўчастку ані дрэўца — буяе адзін быльнік. Пачаліся непрыемнасці. Кінуўся прадаваць зямлю. Зноў жа гне сваю лінію.

— Іван, дазволь падоўжыць размову.

— Колькі ён хоча атрымаць?

— Дакладна не ведаем. Мабыць, у разы з два больш, чым сам выдаткаваў. Людзі прыходзілі. Але згаварыцца не змаглі. Аж гарыць, калі размова заходзіць пра грошы.

— Перадайце яму: куплю я зямлю на яго ўмовах.

Здзелка адбылася. Рындзюк кожнаму сустрэчнаму хваліўся:

— За няўдобіцу атрымаў надта добрыя грошы.

Суседзі выказвалі незадаволенасць:

— Зноў хапуга ўзяў верх.

Толькі «вечны» дзед Якім, якога ведалі больш па мянушцы «Чарачка-каток, пакаціся мне ў раток!», разважаў інакш:

— Дзякуй Богу, нарэшце Рындзюк прайграў. Ён перамог бы Сярожу, калі б адмовіў яму, а зямліцу вярнуў дзяржаве. Пабачыце, хутка Рыгор локці будзе кусаць і рваць космы. Ого-го! Сяргей — мудрэц, як я.

Сябра прапанаваў абмеркаваць ідэі выкарыстання зямлі. Але яны мяне штосьці не кранулі,  не выклікалі імпэту. Я бачыў у іх пачуцці помсты.

У вёску прыехаў цэлы тузін спецыялістаў. Праца кіпела з рання і да змяркання: абмяралі зямлю, чарцілі, малявалі, рабілі нейкія макеты. Шалёна абаранялі свае праекты — амаль за чубы не хапаліся. Вядома, лічыў я, грошы адчулі значныя.

Дзесьці ў канцы восені Сяргей запрасіў мяне на ўрачыстую прыёмку сада.

Поўны адпад, як кажуць сёння, заняло мову. Мясцовасць ледзь пазнаў. Да сада вяла добрая асфальтавая дарога з тратуарамі, выкладзенымі пліткамі. Паабапал яе на аднолькавай адлегласці адзін да аднаго бачыліся ўтульныя «кішэні» з лаўкамі, абсаджаныя кустамі. І абавязкова з вялікімі камянямі-валунамі рознай формы. Дзе іх толькі і знайшлі ў нашым пяшчана-тарфяным краі. Асфальт упіраўся ў дзве ўяздныя карункавыя брамы ў выглядзе дугі. Іх раздзяляла жалезная пліта з выявамі схіленых твараў мужчыны і жанчыны. Уверсе яе выразна чыталіся словы: «Сад жабрака». Ад брам, промнямі да гарызонта, праляглі рады дрэўцаў. Здавалася, яны датыкаліся да неба. Атрымаўся сонца-сад.

Вёска наша — палеская, вялікая-прывялікая. Сабралася шмат людзей. Не абмінулі падзею і суседзі. Дзед Якім прыфранціўся, падстрыг бараду. Ён стаў вартаўніком. Усім хваліўся:

— Што я казаў? Па-мойму выйшла. Чарачка-каток, пакаціся мне ў раток! Адзін я верыў у Сяргея.

Землякам спадабаўся цуд, інакш і не скажаш.

Моладзь першая выкарыстала яго магчымасці: назначае ля сада спатканні, фатаграфуюцца ў час вяселляў. Як у горадзе, на агароджу вешаюць замкі.

На лавачцы пасядзеў і я, задумаўся. Можа і не з’яўляецца тварэнне сябра помстай, а букетам, помнікам каханню? Ці напамінам маладым, каб змагаліся за яго? Ды і бацькам варта ведаць прыклад… Людзі лепш зразумелі задуму Сяргея.

Вяскоўцы смяяліся. Узрушаны ўбачаным, Рыгор Рындзюк раз’юшана малаціў тоўстым кіем па пліце, пакуль яго не прагнаў дзед Якім, з пагрозай выклікаць міліцыю. Дома бушаваў, пакутаваў некалькі тыдняў. Лаяўся на дачок, вінаваціў іх.

А Верка? З Сяргеем яна не спаткалася. Некалькі разоў бачылі яе задуменнай, сумнай на лавачцы. Хадзілі чуткі — збіралася ў манастыр. Людзі ёй спачуваюць, шкадуюць.

Упершыню захвалявалася жонка дружбака. Давялося мне яе супакойваць.

Растуць, мацнеюць яблыні, грушы, вішні. Сад не толькі прыжыўся на зямлі, але і ўкараніўся ў свядомасці маіх землякоў. Стаў ім сваім, патрэбным.

Дзякуй Богу — не спраўдзіліся мае «карканні». Усе чакаюць, калі сад дасць бела-ружовую квецень. Жыццё працягваецца…

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *