Выбітным выданнем папоўніліся фонды Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея

Общество

Атрыманы другі том кнігі маладога гісторыка Дзмітрыя Дразда «Землеўладальнікі Мінскай губерніі».  Гэты даведнік зацікавіць асабліва тых, хто распрацоўвае радавод сваёй сем’і.  Зазначу, што Мінская губернія ў ХІХ стагоддзі была падзелена на 9 паветаў:  Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мінскі, Мозырскі, Навагрудскі, Пінскі, Рэчыцкі і Слуцкі.

Вось што распавяла старшы навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага раённага краязнаўчага  музея Ірына Вабішчэвіч:

— У двух тамах знаходзяцца падрабязныя звесткі аб жыхарах Міншчыны, якія мелі зямельныя надзелы з 1861 па 1917 год. У алфавітным парадку размешчаны прозвішчы землеўладальнікаў, памеры зямельных надзелаў, маюцца спасылкі на архіўныя матэрыялы, якія датычаць названых людзей або маёнткаў.

Вядома, кніга адрасавана, у першую чаргу, даследчыкам, чыя навуковая праца патрабуе прыведзеных звестак. Але не толькі навукоўцы з нецярпеннем чакалі выдання такога даведніка. У апошні час узрасла цікаўнасць жыхароў нашай краіны да ўласных каранёў, многія з іх хочуць ведаць аб тым, дзе жылі іх продкі, чым займаліся, ці мелі шляхетнае паходжанне. Ёсць такія зацікаўленыя людзі  і ў нашым раёне. Артыкулы на вышэйназваную тэму часта друкуюцца на старонках «Раённага весніка».

Цяпер кожны жыхар горада і раёна можа завітаць у краязнаўчы музей, заказаць у фондавым аддзеле кнігу «Землеўладальнікі Мінскай губерніі», зрабіць неабходныя выпіскі, а потым працягнуць пошукі ў архівах, дакладна ведаючы нумары архіўных спраў. А супрацоўнікі музея змогуць дапамагчы людзям, якія дасылаюць у музей пісьмовыя запыты. Дарэчы,  адказ на такі запыт ужо накіраваны Эмілію Шастакоўскаму ў ЗША. Ён шукае сваіх продкаў, якія мелі прозвішча Змачынскія і напачатку стагоддзя жылі ў Ігуменскім павеце.

 

Пагартаўшы другі том гэтага адметнага даведніка, я знайшла ў ім і сваё прозвішча. Магчыма, сярод тых людзей былі і мае продкі. Ёсць шанс даведацца, паколькі ў кнізе змешчаны дакладныя нумары архіўных спраў. Дзякуй аўтару выдання.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *