ЁН НАДАЎ ХОРУ ЗНАКАМІТАСЦЬ

Общество

Старажылы Смілавіч з гонарам успамінаюць, што песню Уладзіміра Алоўнікава на словы Адама Русака «Лясная песня» («Ой, бярозы ды сосны») у першыя гады пасля яе стварэння беларускае радыё перадавала ў выкананні Смілавіцкага народнага хору пад кіраўніцтвам Льва Міхайлавіча Позняка.

Нарадзіўся ён у 1896 годзе ў Смілавічах і быў чалавекам энцыклапедычных ведаў. У часы майго дзяцінства мясцовыя жыхары расказвалі гісторыю, звязаную з яго сям»ёй. У 1904 годзе бацька Лёвы, Міхаіл Позняк, які працаваў кухарам у паноў Ваньковічаў, пабудаваў хату на Убельскай вуліцы (цяпер яна носіць назву загінуўшага ў Афганістане Мядзведзева).

Зімой хата Познякаў загарэлася, і бацька, які стаяў распрануты, разагрэты ад катлоў, пабег тушыць. Хату ўдалося затушыць, але Міхаіл Позняк прастудзіўся, падхапіў двухбаковае крупознае запаленне лёгкіх і памёр. Лёву тады было толькі восем гадоў. Шмат пакутаў давялося вынесці маці.   Настойлівы хлопец нездарма насіў гордае імя Леў. Ён закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, паступіў у Санкт-Пецярбургскі універсітэт. Сродкі на вучобу выдзяляў памешчык Ваньковіч. Хадзілі чуткі, што Леў яго пазашлюбны сын. Пасля ўніверсітэта  працаваў настаўнікам, інспектарам школ,  выкладаў у даваенныя і пасляваенныя гады у Смілавіцкай школе і сельскагаспадарчым тэхнікуме фізіку, матэматыку, хімію, біялогію.

Праз шмат часу, у шасцідзесятых гадах, Леў Міхайлавіч паказваў дакумент з царскім гербам свайму юнаму суседу Яфіму Шапіру — ведамасць паспяховасці. Усе адзнакі ў ёй былі выдатнымі.

Бацькоўская хата Льва Позняка знаходзілася ў мястэчку недалёка ад маляўнічай Волмы. Закахаўшыся ў шляхцянку  Вікторыю, ён са Смілавіч хадзіў пешшу праз Убель да яе ў Ігумень (калі шанцавала, пад»язджаў на спадарожнай падводзе) за трыццаць кіламетраў. Каханне перамагло ўсе перашкоды, і праз нейкі час яны пабраліся шлюбам. У маладой пары з»явілася трое дзяцей: дзве дачкі — Ніна, Тамара і сын Анатоль.

Лёс Льва Міхайлавіча Позняка цесна пераплёўся з лёсам Смілавіцкага сельгастэхнікума, які быў створаны ў мястэчку Смілавічы згодна з пастановай Саўнаркома СССР 1 лістапада 1931 года.  Тут Леў Міхайлавіч быў лепшым сярод цудоўных выкладчыкаў, якія любілі і з павагай адносіліся да студэнтаў, выхоўвалі ў іх асобу, стараліся прывіць сваім выхаванцам імкненне да творчасці і самааддачы. На яго лекцыях не трэба было праводзіць праверак наведвання, бо ўсе з затоеным дыханнем слухалі выкладчыка, які адкрываў ім глыбіню асэнсавання жыцця з пункту гледжання матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі.

У выпускнікоў Льва Позняка захаваліся самыя добрыя, светлыя, радасныя ўспаміны аб гэтым неардынарным чалавеку, тонкім псіхолагу з вялікім пачуццём гумару. Нямала яго выхаванцаў потым сталі вядомымі людзьмі ў Беларусі і за яе межамі.

Запомніўся ён і як кіраўнік хору тэхнікума.  Я часта бываў на канцэртах хору Позняка ў местачковым клубе, з цікаўнасцю назіраў, як загадчык Смілавіцкага сельскага клуба Уладзімір Мажэйка развучваў з Львом Міхайлавічам новыя музычныя творы.

Шмат цікавага ўзгадваюць пра свайго выкладчыка  яго навучэнцы. У прыватнасці, Леанід Маліноўскі, які пазней працаваў асістэнтам у Беларускім лесатэхнічным (тэхналагічным) інстытуце, а ў канцы 80-х пачатку 90-х гадоў —  намеснікам дырэктара Смілавіцкага сельгастэхнікума. Праславіўся ён на ўвесь  Савецкі Саюз, калі выратаваў ад смерці знакамітага чацвераногага кінаартыста — мядзведзя Пушчыка з беларуска-чэшскага фільма «Пушчык едзе ў Прагу».

Эдуард Гаравы стаў заслужаным майстрам спорту, чэмпіёнам СССР сярод сельскіх спартсменаў па лёгкай атлетыцы.

Уладзімір Стрэльскі — вядомым у СССР гарпунёрам, а затым капітанам карабля ва Уладзівастоку.

Яфім Шапіра —  настаўнікам вышэйшай катэгорыі.

Успамінае Леанід Маліноўскі:

— Я паступіў у Смілавіцкі тэхнікум у 1951 годзе пасля заканчэння Драчкаўскай сямігодкі. У адзін з першых дзён нашай вучобы ў тэхнікуме класны кіраўнік групы Антаніна Сямёнаўна загадала ўсім ісці  спяваць у хоры. Мы, першакурснікі, стаялі табуном на сцэне, а кіраўнік хору Леў Міхайлавіч Позняк пачаў напяваць розныя гукі, якія трэба было паўтарыць. Я вельмі стараўся. Леў Міхайлавіч слухаў-слухаў, пераставіў мяне з аднаго месца ў другое, а потым паклікаў. Я падыходжу.

— Ты з якой групы?

— З трэцяй.

— Хто ў вас класны кіраўнік? —  пытае.

Адказваю.

— Чаго, хлопчык,  цябе сюды прыслалі?

— Антаніна Сямёнаўна загадала.

У мяне быў вельмі зычны голас. Зычны, але не меладычны. Ён нагадваў скрып нямазаных калёсаў. Адным словам «мядзведзь на вуха наступіў».

— Хлопчык, у хор ты больш не хадзі, — папрасіў Леў Міхайлавіч.

Я спужаўся, адчуў сябе няёмка. Трапіў жа сюды з маленькай вёсачкі Палянка, і Смілавічы здаваліся мне  ледзь не цэнтрам Сусвету. А выкладчыца папярэдзіла, што кожны, хто не пойдзе на рэпетыцыю, павінен будзе заплаціць штраф — рубель. Яна жартавала, але я ўсё прыняў за чыстую манету. Дзе я мог узяць той рубель, калі мы рады былі кавалку хлеба, які штодзённа атрымлівалі ў сталоўцы тэхнікума? Нешта збянтэжана прамямліў.

Леў Міхайлавіч дастаў з кішэні тры рублі. Для мяне гэта былі вялікія грошы. Падаў мне:

— Перадай, хлопчык, сваёй выкладчыцы гэты штраф, і каб яна цябе больш не прысылала ў хор.

Я разгубіўся, а ён сказаў, што вызваляе ад наведвання хору. З таго часу я на рэпетыцыі не хадзіў, запісаўся ў іншыя гурткі і секцыі.  А хор Смілавіцкага тэхнікума пад кіраўніцтвам Льва Міхайлавіча быў выдатны! У яго выкананні некалькі гадоў запар беларускае радыё перадавала песню «Ой, бярозы ды сосны».

— Наогул, Леў Міхайлавіч быў таленавіты выкладчык, тонкі спецыяліст, адразу мог зацікавіць любога, — успамінаў Леанід Маліноўскі. — Калі быў яго 70-гадовы юбілей, мы з»ехаліся да яго ў Смілавічы з розных куткоў Савецкага Саюза. Якая гэта была радасць!..

Яфім Шапіра, настаўнік вышэйшай катэгорыі, мастак і паэт, сусед Льва Позняка, ўспомніў кур»ёзны выпадак, звязаны з імем Льва Позняка, пра які вельмі доўга з рогатам успаміналі ў Смілавічах. Леў Міхайлавіч  і сам быў вялікі жартаўнік.

Пасля вайны ён нейкі час працаваў намеснікам дырэктара Смілавіцкага сельгастэхнікума. Конкурс пры паступленні быў вялікі. Час быў цяжкі, а тут студэнтам не толькі стыпендыю плацілі, а яшчэ і кармілі два разы ў дзень. Абітурыенты і асабліва іх бацькі шукалі магчымасць любой цаной паступіць у тэхнікум. А Леў Міхайлавіч Позняк у час тых прыёмных іспытаў выконваў абавязкі дырэктара.

Па тэхнікуме пракацілася чутка, што Позняк на самой справе ніякі не беларус, а яўрэй, але хавае сваё сапраўднае імя — Лейба Мойшавіч. Смілавіцкія жартаўнікі параілі прыезджым: каб зрабіць прыемнае дырэктару і мець гарантыі на паступленне, у заяве трэба пісаць па поўнаму яўрэйскаму імені: Лейбе Мойшавічу Позняку замест Льву Міхайлавічу Позняку.

Спачатку гэта вызывала гамерычны рогат. Потым Льву Міхайлавічу стала не да смеху. Не трэба забываць, што Троцкага звалі Лейба, да таго ж  гэта быў час антысемітызму і таталітарызму. «Справа ўрачоў» была на вуснах кожнага, калі групу ўрачоў яўрэйскай нацыянальнасці абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на жыццё «правадыра ўсіх народаў» Сталіна. Навісла пагроза, што за Льва Міхайлавіча (як і за ленінградскіх урачоў) возьмуцца «органы», з цэпкіх лап якіх вырвацца было немагчыма. Паспрабуй даказаць, што ты  ад дня нараджэння не Лейба (як Троцкі), а Леў (як Талстой).

Льва Міхайлавіча схапіла сэрца (ці прыкінуўся хворым), і на нейкі час ён злёг у бальніцу, каб схавацца ад злых людзей.

Шмат цікавага распавядаў пра выкладчыка і дырыжора Эдуард Гаравы, адзін з самадзейных артыстаў хору Льва Позняка.

—           Леў Міхайлавіч Позняк быў культурнейшы і ўнікальнейшы чалавек, — расказваў ён. — Хімію, фізіку, матэматыку  ведаў па вышэйшаму разраду. Любіў і выдатна ведаў музыку.  Ён арганізаваў у нашым тэхнікуме хор. Гэты хор быў прадстаўлены у 1953 годзе на конкурсе песні ў Акруговым доме афіцэраў Беларускай ваеннай акругі ў Мінску. Сярод іншых мы  спелі песню: «Ой, бярозы ды сосны», якую толькі што напісаў Уладзімір Алоўнікаў. Яе перадавалі шмат гадоў па беларускім радыё ў нашым выкананні. Так і прадстаўлялі: «Лясная песня» у выкананні Смілавіцкага народнага хору». Таму я і сёння адчуваю гонар за наш тэхнікум і за нашы Смілавічы.

Калі мы пад кіраўніцтвам Льва Міхайлавіча Позняка яе праспявалі ў Акруговым доме афіцэраў БВА, падняліся на сцэну Уладзімір Алоўнікаў, Адам Русак, Якуб Колас і нехта з беларускага кіраўніцтва. Яны ціснулі рукі нам, самадзейным артыстам, і асабліва дырыжору Льву Міхайлавічу Позняку. Дзякавалі за добрае выкананне.

 

Уладзімір Шулякоўскі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *