Весткі з бібліятэк

Общество

Чэрвеньскай цэнтральнай

 

«ЖЫВАЯ СПАДЧЫНА» — так называлася вечарына, на якую напрыканцы лютага да нас завіталі сябры літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь». А прысвяцілі яе Міжнароднаму дню роднай мовы.

Распачалася яна традыцыйнай рубрыкай «Наш каляндар». Бібліятэкар Алена Адамовіч распавяла пра жыццё і творчасць беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча, грамадзянскага мужа Зоські Верас Фабіяна Шантыра, чые 125-ыя ўгодкі адзначаліся ў лютым. Звесткі дапоўніў старшыня клуба «Ветразь» Уладзімір Дарагуж.

Да пачатку асноўнай тэмы ён прачытаў на памяць верш Максіма Багдановіча «Народ, беларускі народ…». А затым слова ўзяў сябра клуба Яўген Несцяровіч. Ён дасканала і падрабязна распавёў пра тое, хто мы такія, адкуль паходзім і чаму ў такім становішчы апынулася беларуская мова, прачытаў творы, прысвечаныя ёй Францішкам Багушэвічам, Нілам Гілевічам, Генадзем Бураўкіным, Алегам Лойкам.

Свае абразкі, напісаныя ў сярэдзіне 90-х, чытаў Уладзімір Дарагуж, уласныя замалёўкі — Марыя Бяжан. Вершы Генадзя Аўласенкі прадэкламавала Зоя Сушкевіч, Міколы Вяршыніна — Кацярына Лазарчук.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Валевачоўскай сельскай

 

ЛАДЗЯЦЦА МЕРАПРЫЕМСТВЫ Ў СУПРАЦОЎНІЦТВЕ СА ШКОЛАЙ

У лютым наша бібліятэка правяла шэраг мерапрыемстваў рознай тэматыкі, актыўнымі ўдзельнікамі якіх сталі школьнікі. Сярод іх — літаратурна-музычная кампазіцыя «Жывая памяць», бібліятэчны ўрок, экалагічны ранішнік.

* Літаратурна-музычную кампазіцыю мы падрыхтавалі да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Падчас гэтага мерапрыемства вучні не толькі пачулі гістарычныя факты, імёны герояў Чэрвеньшчыны, але і паслухалі песні гурту «Блакітныя берэты», вершы, напісаныя воінамі-«афганцамі». А з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі змаглі ўбачыць фотаздымкі з той вайны і паглядзець дакументальную стужку-ўспамін. У памяць пра загінуўшых воінаў вучні запалілі свечкі і ўшанавалі іх хвілінай маўчання.

Правесці гэтае мерапрыемства мне дапамаглі вучаніцы Валевачоўскай школы Яна Аблавацкая, Кацярына і Анастасія Юдо.

* Бібліятэчны ўрок для вучняў 6-8 класаў ладзілі ў форме бібліяпадарожжа. Наш цягнік рабіў прыпынкі на розных станцыях, дзе школьнікам трэба было выканаць пэўныя заданні. Яго пасажыры падзяліліся на тры каманды — «Разумнікі», «Знатакі», «Эрудыты».

На станцыі «Размінка» вучні адказвалі на пытанні жартоўнай віктарыны. На станцыі «Прыказка» пасажыры цягніка збіралі з частак цэлыя прыказкі аб працы. На станцыі «Алфавіт» школьнікі прыгадвалі назвы прафесій на літары «а», «б», «в», «п», на станцыі «Новыя прафесіі» знаёміліся з імі і пазнавалі па апісанню, выбіраючы з трох варыянтаў. «Станцыя капітанаў» прапанавала бліцтурнір, зноў-такі — па прафесіях. А на заканчэнне падарожжа станцыя «Загадка» праверыла ўдзельнікаў мерапрыемства на кемлівасць. Перамога дасталася камандзе «Разумнікі».

* Для малодшых школьнікаў мы падрыхтавалі экалагічны ранішнік пад назвай «Перед лицом родной природы стою, дыханье затаив…».

Падчас яго вядучыя распавядалі пра экалагічнае становішча на планеце Зямля, у Беларусі, пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, міжнародныя і беларускія арганізацыі, якія займаюцца аховай навакольнага асяроддзя, «Чырвоную кнігу Беларусі» ды іншае. Гучалі вершы экалагічнай тэматыкі, а напрыканцы — заклік берагчы ваду, зямлю і ўсё, што знаходзіцца вакол нас.

Алена САДЧАНКА,

бібліятэкар

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *