Прафесія – ствараць жыццё: у Чэрвеньскай райплемстанцыі спаборнічалі асемянатары

Аграрный сектор Актуальное

У раённым конкурсе-атэстацыі тэхнікаў па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы ўдзельнічалі 19 прадстаўнікоў гэтай прафесіі з 11 гаспадарак Чэрвеньшчыны.

Падчас спаборніцтва конкурсная камісія, якую ўзначальваў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Максім Шынкевіч, ацэньвала знешні выгляд удзельнікаў і вядзенне імі неабходнай дакументацыі, тэарэтычныя веды (кожны тэхнік-асемянатар адказваў на тры пытанні экзаменацыйнага білета). Акрамя таго, канкурсанты размарожвалі сперму і ацэньвалі яе якасць пад мікраскопам, паказвалі, як правільна асемяняць буйную рагатую жывёлу. А самая вялікая колькасць балаў налічвалася за выхад цялят на сто кароў, які быў атрыманы тэхнікам-асемянатарам па выніках мінулага года.

Як адзначыў Максім Шынкевіч, такі конкурс ладзіцца штогадова. І гэта – добрая магчымасць для тэхнікаў па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы не толькі пацвердзіць сваю прафесійную прыдатнасць, але і пагутарыць з калегамі, абмеркаваць праблемныя пытанні.

Пераможцаў конкурсу-атэстацыі ўзнагародзілі на заключным мерапрыемстве раённага этапу рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, якое адбылося ў канцэртнай зале Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў. Яго ўдзельнікаў прывітаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Андрэй Гусараў.

  

Дыпломамі райвыканкама і грашовымі прэміямі ўзнагароджаны пераможцы і прызёры раённага конкурсу-атэстацыі тэхнікаў па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы: Людміла Запрудская з ААТ «Смалявічы-Сузон» (першае месца), Таццяна Сушкевіч з эксперыментальнай базы “Натальеўск” (другое месца) і Вольга Лісіца з ААТ “10 з’езд Саветаў» (трэцяе месца).

Вынікі раённага этапу рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” падвяла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ларыса Бандаровіч. Яна ўручыла Удзячныя лісты гэтай арганізацыі брыгадзіру малочнатаварнага комплексу “Ігуменскі” ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс” Святлане Галко, аператарам машыннага даення кароў філіяла “Аграбокс-Заатэх” СП “Унібокс” Ірыне Красоўскай і Святлане Какорынай, аператару ЗАТ “Турэц” Кацярыне Варэнік, жывёлаводу таварнай фермы эксперыментальнай базы “Натальеўск” Валянціне Смусянок, галоўнаму ветурачу ААТ “Запольскае” Любові Кліменка, жывёлаводу малочнатаварнай фермы “Валевачы” КСУП “Валевачы” Марыне Душэўскай, аператару машыннага даення кароў малочнатаварнай фермы “Ялча” КСУП “Валевачы” Вользе Корзун, жывёлаводу малочнатаварнага комплексу “Турэц” ААТ “10 з’езд Саветаў” Ганне Шчэрба і загадчыцы малочнатаварнай фермы “Раванічы” ААТ “Раванічы” Але Міцкевіч.

Музычныя падарункі ўдзельнікам заключнага выніковага мерапрыемства раённага этапу рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод» уручылі Светлана Кузьміч і Кацярына Стахевіч, Кацярына Кундзікава, інструментальны ансамбль “ПрыКат”, Галіна Прышывалка і Андрэй Хурсевіч.

А напрыканцы жывёлаводы наведалі з экскурсіяй раённы краязнаўчы музей.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *