Каманда «Беларусбанка» заваявала пераходны кубак чэмпіянату раёна на прызы газеты «Раённы веснік»

Спорт

У спартыўнай зале чацвёртай гарадской школы прайшоў трэці, заключны этап чэмпіянату раёна па валейболу на прызы газеты «Раённы веснік».

Каманда «Беларусбанка»

На першых двух этапах каманды эксперыментальнай базы «Натальеўск», «Беларусбанк», «Смілавічы» і зборная школ Смілавічаў згулялі паміж сабой па кругавой сістэме.

«Беларусбанк» выйграў усе шэсць сваіх матчаў і з 12 ачкамі заняў першае месца. Другой з 10 ачкамі прыйшла на прамежкавы фініш зборная школ Смілавічаў. «Смілавічы» і «Натальеўск» набралі па сем ачкоў, але смілаўчане апярэдзілі сапернікаў у турнірнай табліцы за кошт лепшага паказчыка ў гульнях паміж сабой. Паводле ўмоў правядзення спаборніцтваў, у паўфіналах каманды згулялі па сістэме «першае месца з чацвёртым, другое — з трэцім».

У сустрэчы паміж валейбалістамі зборнай школ Смілавічаў і «Смілавічамі» вострай барацьбы не атрымалася. «Зборнікі» ад пачатку навязалі землякам-сапернікам сваю гульню і ўпэўнена перамаглі ў дзвюх партыях — 25:16, 25:13.

Момант фінальнай гульні

А вось другі паўфінал, «Беларусбанк» — «Натальеўск», па напалу эмоцый стаў, бадай, самым прыгожым матчам дня. Натальеўскія валейбалісты ў першай партыі толькі аднойчы дазволілі фаварытам турніру павесці ў ліку і скончылі яе перамогай — 25:22. У другой партыі «Беларусбанк» адыграўся — 25:18. У заключным паядынку інтрыга адрадзілася, калі натальеўскія валейбалісты, прайграючы 7:14, здолелі скараціць разрыў у ліку да двух мячоў. Аднак банкіры перамогу не ўпусцілі — 15:12.

У матчы за трэцяе месца «Натальеўск» адолеў «Смілавічы» — 2:0 (25:17, 25:19). З такім жа лікам, і таксама даволі ўпэўнена (25:20; 25:17) каманда «Беларусбанка» выйграла ў зборнай школ Смілавічаў і заваявала пераходны кубак чэмпіянату раёна на прызы газеты «Раённы веснік».

Лепшыя ігракі турніру

За пераможцаў, якія акрамя кубка атрымалі яшчэ і грашовую прэмію аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, гулялі Віталь Пархачоў, Валерый Холад, Андрэй Калтовіч, Ігар Ламейка, Вячаслаў Пранчак, Сяргей Гулякевіч, Аляксандр Хорсун, Андрэй Саковіч і Павел Рабінкоў.

Прызамі лепшых ігракоў чэмпіянату ў камандах — статуэткамі валейбалістаў, падпіскамі на газету «Раённы веснік» на другі квартал — узнагароджаны Анатоль Цябут і Мікалай Ільючык («Смілавічы»), Аляксандр Верын і Аляксандр Дзьячэнка («Натальеўск»), Дзмітрый Чугункін і Канстанцін Груздоў (зборная школ Смілавічаў), Андрэй Калтовіч і Ігар Ламейка («Беларусбанк»), а таксама Аляксандр Хорсун («Беларусбанк») — лепшы ігрок турніру.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *