РАВАНІЦКІ «ЛАБАНОВІЧ»

Общество

Прафесія настаўніка ва ўсе часы была найбольш пачэснай, але ў той жа час і найбольш цяжкай. Сапраўдны настаўнік жыве тым, каб навучыць, дапамагчы знайсці сябе ў гэтым складаным свеце кожнаму вучню. Уменне перадаць свой вопыт маладым, тым, хто толькі пачынае самастойнае жыццё, — гэта талент. Менавіта такім таленавітым педагогам з’яўляецца настаўнік беларускай мовы і літаратуры Раваніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Міхаіл Станіслававіч ПАЎЛОВІЧ.

Нарадзіўся ён у 1956 годзе ў вёсцы Данілаўка Мінскага раёна, на памежжы трох раёнаў: Мінскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага. Скончыўшы ў 1973 годзе Пятровіцкую сярэднюю школу, паслухаў парады настаўнікаў і паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага.

У 1977 годзе малады настаўнік, «наш Лабановіч», па размеркаванні прыехаў на Чэрвеньшчыну. Загадчык аддзела адукацыі, Вера Цімафееўна Палякова, адразу ж прапанавала маладому спецыялісту пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Раваніцкай сярэдняй школе. Не згадзіўся… Пасаду заняў больш вопытны настаўнік, Валерый Генадзьевіч Грачок. А ўчарашні студэнт, Міхаіл Станіслававіч Паўловіч, пачаў выкладаць у школе беларускую і рускую мовы.

У хуткім часе месца размеркавання стала і месцам жыхарства. Месцам, дзе Міхаіл Станіслававіч знайшоў асабістае шчасце. Нарадзілася маладая настаўніцкая сям’я. Жонкай настаўніка стала выкладчыца матэматыкі, ураджэнка вёскі Раванічы Тамара Васільеўна  Шчарбянок. Паімчалася настаўніцкае жыццё, поўнае турбот і задумак, поспехаў і няўдач.

З 1984 па 2002 год Міхаіл Станіслававіч Паўловіч узначальваў Раваніцкую сярэднюю школу. Педагогі, якія працавалі там у той перыяд, успамінаюць яго як патрабавальнага, але, разам з тым, добрасардэчнага дырэктара, дырэктара-дэмакрата.

…Тысячы дзён і начэй, дзесяткі гадоў, сотні вучняў, мільёны ўрокаў і званкоў — вось няхітрая арыфметыка настаўніцкага жыцця.…  Ужо 35-ы навучальны год сустракае Міхаіл Станіслававіч Паўловіч у роднай Раваніцкай школе. 35 гадоў… А ў памяці і сёння той 10 клас, класным кіраўніком якога быў Міхаіл Станіслававіч у далёкія 70-я, вучні, якім з першага года сваёй працы перадаваў любоў да роднай мовы.

Чым вымяраецца настаўніцкая рэалізаванасць? Відаць, вучнямі, што выбралі прафесію настаўніка. А такіх у Міхаіла Станіслававіча шмат…

Наталля АРОЧКА,

настаўніца рускай і беларускай мовы і літаратуры Раваніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *