УСЕ ЯНЫ НЯСТОМНА ПРАЦАВАЛІ

Общество

Дзень пажылых людзей адзначаецца, каб мы ў гэты дзень успомнілі сваіх старэнькіх бацькоў, бабуль, дзядзькоў, якія нястомна працавалі на любой працы і заслужылі права дастойна пражываць свой век. Ніхто не хоча быць адзінокім і пакінутым. Добра, калі ёсць добразычлівыя суседзі, і можна з імі паразмаўляць, падзяліцца набалелым. Дрэнна, калі суседзяў амаль няма. Добра, калі дзеці часта наведваюць бацькоў, дрэнна, калі яны жывуць далёка… Ды яшчэ хварэюць…

Нястрымным патокам віруе жыццё. Старэюць гаспадары, старэюць разам з імі падлога, вокны, плот… Калі дзеці больш авангардныя, то паспяваюць штосьці падрамантаваць. Але часцей у 80-гадовых старых дзеці 60-гадовыя, значыць, пенсіянеры, і таксама патрабуюць увагі. Таму пажылыя людзі, у асноўным, карыстаюцца старымі рэчамі. Падчас праверкі пажарныя даюць параду, што трэба адрамантаваць печ. Электрыкі — электраправодку замяніць, газавікі — пліту купіць. І гэта не простыя словы. Бо на такое абсталяванне даўно сыйшоў тэрмін прыдатнасці. Але пажылым людзям гэта ўсвядоміць цяжка, а вырашыць праблемы даволі накладна. Мне не раз прыходзілася тлумачыць, што электраправодку могуць зрабіць майстры з Чэрвеня, а газавую пліту можна купіць таннейшую. Вось печнікоў малавата! А каб прачысціць комін, калі ў вёсцы жыве 30 чалавек, амаль нікога не знойдзеш. Было б добра, каб у нашым раёне працавала служба трубачыстаў.

У гэты дзень хочацца сабраць пажылых людзей на вечарыну ў бібліятэку, павесяліць. Прыйдуць больш мабільныя, якія яшчэ могуць добра рухацца. Астатнія (а іх большасць) будуць потым наракаць і пераказваць, што на іх забыліся. Гэта зусім не так. Мы памятаем і цэнім тых, хто застаўся дома. Немагчыма ж прыйсці к кожнаму, праспяваць ці прачытаць верш. Гэта не пад сілу бібліятэкару. А вось праз нашу газету я сардэчна вітаю нястомных працаўнікоў нашай Чэрвеньшчыны і жадаю, каб ім лёгенька жылося.

 

Таццяна Ждановіч,

бібліятэкар Лучскай бібліятэкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *