«КАВУНОВЫ СМАК» —

Общество

пад такой назвай прайшло ў Чэрвеньскай цэнтральнай  раённай бібліятэцы чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання для сталых людзей «Журавінка».

Падчас яго мы абмяркоўвалі, як правільна выбраць кавун пры куплі, вырасціць з насення добры ўраджай і многае іншае. Гаворка ішла і пра «спадарожніцу» кавуна — дыню. Думаю, што і чытачам «раёнкі» спатрэбяцца некаторыя карысныя парады, факты з гісторыі бахчавых, якія прагучалі падчас пасяджэння.

Напрыклад, ці ведаеце вы, што радзімай кавуна з’яўляецца Паўднёвая Афрыка? Кажуць, што ён і дагэтуль сустракаецца там у дзікім выглядзе. А ўжо ў старажытным Егіпце іх вырошчвалі як культурную расліну. Што ж датычыцца дыні, дык першыя ўзгадкі пра яе знаходзім у Бібліі. У сярэднявеччы дыні прывозіліся ў палацы ўсходніх уладык у спецыяльных свінцовых ёмкасцях, абкладзеных ільдом.

Каб кавун вырас салодкім і сакавітым, трэба забяспечыць яму цяпло, добрую сонечную асветленасць і невялікую вільготнасць. Вырошчваюць іх у нашым клімаце звычайна ў парніках і цяпліцах.

Як у старажытнасці, так і ў наш час народная медыцына раіць ужываць у ежу кавун і дыню пры пэўных захворваннях. Выкарыстоўваюць гэтыя бахчавыя і ў касметычных мэтах. Лічыцца, што калі з’ядаць па кавалачку дыні на сняданак, загар будзе класціся роўна і даўжэй трымацца.

Што ж датычыцца выбару кавуна сярод яго «сародзічаў» у продажы, дык лічыцца, што салодкімі будуць экземпляры з кантрастнымі колеравымі малюнкамі. Таму старайцеся знайсці самы цёмны са светлымі плямамі. Калі пастукаць па спеламу кавуну, гук будзе звонкім. Хвосцік плода павінен быць высахлым, а не зялёным.

Каб выбраць смачную дыню, яе трэба добра разгледзець. На ёй не павінна быць цёмных плямаў, увагнутасцяў. Носік у добрай дыні мяккі, але не вельмі, а хвосцік — сухі.

Падзяліўшыся карысным вопытам, паслухаўшы аповеды бібліятэкараў (Наталлі Маланка — пра дыню, Кацярыны Дзямахінай — пра кавун), сябры «Журавінкі» перайшлі да самай прыемнай і смачнай часткі пасяджэння — дэгустацыі. Але напачатку сфатаграфаваліся на памяць — з кавуном.

Наталля МАЛАНКА,

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *