ХТО НЕ ДБАЕ, ТОЙ НЕ МАЕ

Аграрный сектор

Здаецца, зусім  нядаўна ішлі падрыхтоўчыя работы да пачатку выхаду ў поле, пачыналіся засеўкі, а вось ўжо да пазначанага тэрміну завяршэння сяўбы яравых зерневых і зернебабовых застаўся тыдзень.  Амаль усе гаспадаркі набіраюць тэмпы веснавых палявых работ, вядуць іх у комплексе. Цішыня і спакой адчуваюцца толькі на палетках філіала СГК «Велікаполле».

Як зазначае вядучы аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Піпчанка, гэтая гаспадарка практычна да пасяўной яшчэ не прыступала. Па стану на 12 красавіка   тут было падкормлена толькі 2 працэнты азімых зерневых, у той час як па раёну гэты паказчык складаў 71 працэнт.  Ніводнага гектара азімых не падсеяна шматгадовымі травамі, а цяпер упускаюцца тэрміны падсеву яравых. У выніку немалыя грошы, за якія  было набыта насенне шматгадовых траў, могуць быць выкінуты на вецер.

З вялікім спазненнем таксама ўключылася  гаспадарка ў работу па падрыхтоўцы глебы, спасылаючыся на тое, што  палеткі яшчэ не вызваліліся ад вільгаці. Акрамя таго, не падтрымліваецца культура палеткаў. На іх побач з дарогай на Горкі, бы гарох, рассыпаны камяні розных памераў.

Прычына ўсіх гэтых недапрацовак, на думку Аляксандра Піпчанкі,  у бессістэмнай рабоце з людзьмі,  адсутнасці  арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да сяўбы і як вынік,  несвоечасовая падрыхтоўка тэхнікі, а адсюль — і прамаруджванне ў тэмпах сяўбы.

У гаспадарцы яравы клін невялікі — усяго 260 гектараў, і яна лепш за іншых забяспечана тэхнікай,  якой можна завяршыць пасяўную за 5 дзён, але пры такой  арганізацыі работ разлічваць на своечасовае і якаснае правядзенне веснавой кампаніі пакуль немагчыма.

Не можа  парадаваць сёння СГК «Велікаполле» і паказчыкамі  ў жывёлагадоўлі, якія напрамую залежаць ад раслінаводчай галіны. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення  па жывёлагадоўлі Віктара Ляснеўскага, на 1 красавіка ў гаспадарцы заставалася толькі 0,8 цэнтнера кармавых адзінак на умоўную галаву жывёлы. Гэтага  дастаткова для бесперабойнага кармлення на працягу трох дзён. Таму цяпер  вымушаны купляць  кукурузны сілас у ААТ «Райаграсервіс», ПСГ «Дамавіцкі»,  а таксама  зернефураж, якога ў гаспадарцы засталося ўсяго 20 тон. З-за недахопу ўласных кармоў неаднаразова здараліся  збоі ў рацыёне кармлення, што станавілася асноўнымі  прычынамі  сістэматычнага недаатрымання валавага надою і  зніжэння рэалізацыі малака ў параўнанні з мінулым годам. На гэта ўплывалі таксама недапрацоўкі ў рабоце ветэрынарнай і заатэхнічных служб па ўзнаўленню статку.

На 1 красавіка ў гаспадарцы ў параўнанні з мінулым годам недаатрымана 16 цялят. Сельгаспрадпрыемства прыняло захады па павелічэнню статку.  На сённяшні дзень у наяўнасці ёсць 420 галоў буйной рагатай жывёлы —  на 18 больш мінулагодняга. Але належныя ўмовы для іх ўтрымання адсутнічалі. Таму гаспадарка мае адзін з самых нізкіх валавых надояў малака ў раёне.

Не вырашаюць на належным узроўні ў СГК «Велікаполле» і кадравыя пытанні. На цяперашні момант тут няма ветурача,  заатэхніка, не хапае мясцовых рабочых, таму на палявых і жывёлагадоўчых работах задзейнічаны жыхары суседніх вёсак Ляды і Горкі, а таксама Чэрвеня.

Поспех кожнага калектыву залежыць ад умелага кіраўніцтва. Толькі там, дзе належная выканаўчая і тэхналагічная дысцыпліна, існуе  сістэма ў рабоце з кадрамі, дакладная арганізацыя працы ва ўсіх галінах,  можна сказаць, што кіраўнік на сваім месцы. А гэта значыць — можна чакаць добрых вынікаў.

 

Людміла РАБЕЦКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *