Дзве гаспадаркі Чэрвеньскага раёна завяршылі сяўбу ранніх яравых зерневых культур

Аграрный сектор Актуальное

Паводле звестак упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама на 15 красавіка, на Чэрвеньшчыне пасеялі 5444 гектары ранніх яравых зерневых культур. Гэта – 59 працэнтаў ад неабходнага. У эксперыментальнай базе «Натальеўск» і ААТ «Смалявічы-Сузон» сяўбу ўжо завяршылі.

На 76 працэнтах палеткаў выканалі гэты від работ у сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон”. Аб’ём веснавой сяўбы тут невялікі – 450 гектараў, бо ў гаспадарцы традыцыйна робяць стаўку на больш ураджайныя азімыя зерневыя. Увосень імі засеялі 900 гектараў.  

Падмурак будучага ўраджаю закладае на трактары “Кейс” з новай сеялкай вопытны механізатар Андрэй Пятруша.

Да новага сезона СВФ “Аграбуд” набыў высокапрадукцыйны пасяўны агрэгат “Хорш-6” нямецкай вытворчасці. Ён замяніў старую “Амазонэ”, якая верай і праўдай адслужыла мясцовым земляробам дванаццаць гадоў і ўжо выпрацавала свой рэсурс.

– Новую сеялку выбіралі доўга, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік. – На “Хорш-6” спыніліся найперш таму, што пасяўны агрэгат дае магчымасць уносіць фосфарныя ўгнаенні ў радкі адначасова з сяўбой. Гэта вельмі важна, бо пры паверхневым іх унясенні расліны 7-10 дзён пакутуюць на фосфарнае галаданне, а пры радковым фосфар пачынае засвойвацца адразу і спрыяе ўтварэнню магутнай каранёвай сістэмы. У дадатак, “Хорш-6” у счэпцы з энерганасычаным трактарам дазваляе сеяць на хуткасці да 15 кіламетраў у гадзіну, што дазваляе засяваць за змену 50-55 гектараў. Няма ў нас праблем і з тэмпамі падрыхтоўкі глебы. Увесь аб’ём гэтага віду работ выконвае шыроказахопны культыватар “Алраўндэр”…

Шыроказахопны глебаапрацоўчы агрэгат «Алраўндэр».

Працу гэтай тэхнікі, як і новай сеялкі, мы пабачылі на палетках ля вёскі Пагулянка. Пакуль фатаграфавалі на сяўбе Андрэя Пятрушу, механізатарам прывезлі абеды. Да машыны з імі таксама падышлі Сяргей Ларыёнаў, які працуе на перадпасяўной апрацоўцы глебы, і Васіль Зуськоў, які запраўляе сеялку насеннем. Падсілкаваўшыся супам з капустай, фаршыраванымі мясам блінамі і кісялём, мужчыны зноў завялі свае трактары і паехалі па раллі за далягляд.

Механізатры Сяргей Ларыёнаў і Васіль Зуськоў падчас абеду.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *