НАЛАДЗІЎ СВЯТА СПОРТУ ДЛЯ НАВУЧЭНЦАЎ ПРАФСАЮЗ

Спорт

Смілавічы на працягу двух дзён прымалі першую абласную спартакіяду навучэнцаў сельскагаспадарчых устаноў адукацыі, якую арганізаваў Мінскі абкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Каманда Смілавіцкага сельскагаспадарчага ліцэя - сярэбраны прызёр першай абласной спартакіяды навучэнцаў сельскагаспадарчых устаноў адукацыі

Спаборніцтвы прайшлі ў аграрным каледжы і сельгасліцэі. 19 каманд вызначалі мацнейшых у валейболе, міні-футболе, настольным тэнісе, лыжных гонках і мнагабор’і «Здароўе». Акрамя таго, старшыні вучнёўскіх прафсаюзных камітэтаў спаборнічалі ў дартсе, выкладчыкі фізвыхавання — у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Чэрвеньшчыну на спартакіядзе прадстаўлялі тры каманды — Смілавіцкіх сельскагаспадарчага ліцэя і аграрнага каледжа, а таксама Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя. Найбольш удала выступілі смілавіцкія ліцэісты. У трох з чатырох заліковых відаў праграмы яны занялі прызавыя месцы: другія — па міні-футболе і мнагабор’і «Здароўе», трэцяе — па лыжных гонках. У выніку каманда стала сярэбраным прызёрам спартакіяды, прапусціўшы наперад толькі прадстаўнікоў Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Крыху не дацягнулі да прызавой «тройкі» спартсмены Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. У іх — чацвёртае месца ў агульнакамандным заліку.

Кіраўнік кафедры фізвыхавання Смілавіцкага сельгасліцэя Павел Дзяркач, які, дарэчы, сам выйграў спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, застаўся задаволены выступленнем сваёй каманды.

Падчас спаборніцтваў.

— У спаборніцтвах па міні-футболу, якія праходзілі ў нашай спартыўнай зале,  не абышлося без долі шанцавання: не дарэмна ж кажуць, што родныя сцены дапамагаюць. Наша каманда трапіла не ў мацнейшую групу, што дало магчымасць выйграць абедзве сустрэчы і выйсці ў фінальную частку турніру. А ў фінале хлопцы паказалі характар: пасля пройгрышу футбалістам з Клецка здолелі настроіцца на прынцыповую гульню з Дзяржынскам, перамаглі і сталі другімі сярод дзевяці каманд.

Другое месца Наталлі Агейчык і годнае выступленне Андрэя Бакуновіча ў мнагабор’і, добрыя вынікі Андрэя Мігеля і Марыны Насуты ў лыжных гонках сталі вырашальнымі ў барацьбе за п’едэстал у агульнакамандным заліку спартакіяды.

За паспяховым выступленнем каманды — спрыяльныя ўмовы падрыхтоўкі да спаборніцтваў пры ўсебаковай падтрымцы адміністрацыі ліцэя і раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. А таксама тое, што заняткі фізічнай культурай і спортам — адзін з важнейшых прыярытэтаў вучэбна-выхаваўчай работы ў нашай установе…

А вось як пракаментаваў вынікі спартакіяды старшыня абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Андрэй Някрэвіч:

— Мерапрыемства прайшло арганізавана. За гэта вялікі дзякуй гаспадарам — Смілавіцкім аграрнаму каледжу і сельскагаспадарчаму ліцэю. Асобная ўдзячнасць — старшыні Чэрвеньскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Тамары Сакалоўскай, якая непасрэдна займалася падрыхтоўкай спартакіяды. Прыемна, што гэтыя спаборніцтвы сталі першымі такога кшталту не толькі на Міншчыне, але і ў рэспубліцы.

Водгукі пра спартакіяду ад яе ўдзельнікаў станоўчыя. Усе, з кім давялося абмяняцца думкамі, у адзін голас гавораць, што такія мерапрыемствы трэба праводзіць і ў далейшым. І мы гэта абавязкова будзем рабіць. Магчыма, перанясём спартакіяду на цёплы перыяд года, бо сёлета тым жа лыжнікам было не дужа камфортна спаборнічаць з-за моцнага марозу.

А яшчэ спартакіяда вызначылася цудоўнымі канцэртам і дыскатэкай, якія наладзілі для ўдзельнікаў у каледжы, добрым харчаваннем, утульнымі ўмовамі пражывання.

Словам, спадзяюся, што разам з кубкамі, медалямі і грашовымі прэміямі, якія атрымалі ад нас пераможцы і прызёры спартакіяды (а практычна кожная з каманд мела поспехі ў тым ці іншым відзе спаборніцтваў) нашы навучэнцы павезлі дахаты ўзнёслы настрой, незабыўныя ўражанні і ўспаміны…

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *