«Колас» (Чэрвень) — «Лівадыя-Юні» (Дзяржынск) — 4:0

Спорт

24 чэрвеня. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. Пераменная воблачнасць. 18 градусаў. 150 гледачоў.
«Колас»: Аўраменка, Весялоў, Курбанаў, Палтаржыцкі, Лаўрык (Шафераў, 80), Свірыдовіч (Шалабнёў, 56), Качаргін (Цэдрык, 75), Ганчарык (Лявонцьеў, 87), Чысты (Фофанаў, 78), Казарын (Шмідаў, 73), Мрынскі (Грабянок, 87).
Галы: Палтаржыцкі (20), Ганчарык (63), Шмідаў (85, 90+1).

На звыш прынцыповую сустрэчу з дзяржынскай “Лівадыя-Юні” “Колас” выйшаў у аптымальным саставе. Стабільнасць ліній абароны і паўабароны, а таксама вяртанне пасля двухматчавай дыскваліфікацыі лідара атак чэрвеньцаў, гуляючага трэнера Аляксандра Мрынскага, давала небеспадстаўную надзею на поспех нашай дружыны.
Гаспадары поля пачалі матч актыўна. Настойлівае разгойдванне абарончых парадкаў дзяржынцаў увянчалася поспехам на 20-й хвіліне. Пасля навесу Аляксандра Мрынскага з вуглавога госці няўдала адбілі мяч у тым жа накірунку, адкуль ён прыляцеў. Аляксандр паўтарыў навес у штрафную пляцоўку з больш блізкай адлегласці. Гэтым разам верхавую барацьбу за мяч выйграў наш абаронца Віталь Палтаржыцкі і галавой скіраваў яго у сетку – 1:0. Да перапынку “Колас” працягваў атакаваць вароты “Лівадыі-Юні”, але завяршальныя ўдары былі недакладнымі.
Слізкі лік на табло трымаў усіх у напружанні яшчэ амаль палову другога тайма. А потым выдатна згуляў Аляксей Ганчарык. Атрымаўшы перадачу ад Андрэя Казарына, ён у атачэнні двух абаронцаў “Лівадыі-Юні” здолеў дакладна прабіць па варотах – 2:0.
Пасля другога прапушчанага мяча госці пачалі залішне нервавацца. І неўзабаве Аляксей Юрага, які да гэтага меў папярэджанне, не па сваёй волі пакінуў поле, атрымаўшы другую жоўтую картку за неспартыўныя паводзіны.
Давесці гульню да перамогі, маючы перавагу ў аднаго іграка, для чэрвеньцаў было справай тэхнікі. Для балельшчыкаў жа ў гэтым матчы заставаліся дзве інтрыгі: колькі галоў заб’е Аляксандр Мрынскі, і ці прадоўжыць сваю галявую серыю Ігар Шмідаў.
Аляксандр вельмі хацеў парадаваць сваіх прыхільнікаў, але гэтым разам не атрымалася. Ну, а Ігар, які выйшаў на замену, вызначыўся двойчы, давяршыўшы разгром “Лівадыі-Юні”. Гэта былі яго чацвёрты і пяты мячы ў сёлетнім чэмпіянаце. І, што адметна, лепшы бамбардзір нашай каманды паразіў вароты сапернікаў у чацвёртым матчы запар!
Ды і ў цэлым “Колас” сёлета радуе балельшчыкаў. Ён выйграў усе тры гульні на сваім полі. Пры гэтым нашы футбалісты забілі на родным стадыёне адзінаццаць мячоў і не прапусцілі ніводнага! Вось так бы і далей!
Аднак пакуль яшчэ не час для эйфарыі. Пераможны матч з “Лівадыяй-Юні” толькі распачаў серыю самых сур’ёзных і важных для “Коласа” матчаў. Ужо ў бліжэйшую нядзелю чэрвеньцаў чакае гульня на выездзе з “Фалько” (Дзяржынскі раён). 8 ліпеня – матч у Чэрвені з салігорскім “Гарняком”. 15 ліпеня – выезд у Старыя Дарогі.
Акрамя таго, “Колас” 11 і 18 ліпеня згуляе ў 1/4 розыгрышу Кубка Мінскай вобласці з пераможцам пары “Фаварыт” (Слуцк) – “Капыль”.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

Вынікі астатніх матчаў 5 тура: «Гарняк» (Салігорск) – «Беразіно» — 16:0, «Нясвіж» — «Вілія» (Вілейка) — 1:2, «Крупкі-ДРБУ-164» — «Лагойск» — 0:2, «Старыя Дарогі» — «Фалько» (Дзяржынскі раён) — 0:3.

На здымках: уверсе – Ігар Шмідаў забівае трэці мяч у вароты “Лівадыі-Юні”; унізе – з цікавасцю назіраў за матчам вядомы чэрвеньскі галкіпер Аляксандр Курыловіч (у цэнтры), які, на жаль, пакуль не можа дапамагчы камандзе з-за траўмы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *