Новыя таленты ўшанаваны ў вобласці

Общество

Сёлета 17-ы абласны злёт «Юныя таленты Міншчыны», які ладзілі ўпраўленне культуры Мінаблвыканкама і Мінская абласная бібліятэка імя А.С.Пушкіна, прайшоў пад дэвізам «З любоўю да роднага слова». Яго мэты і задачы — актывізацыя работы бібліятэк па патрыятычнаму выхаванню дзяцей і падлеткаў, фарміраванне ў падрастаючага пакалення любові і пашаны да беларускай мовы, выяўленне таленавітых дзяцей і рэалізацыя іх патэнцыялу ў розных галінах мастацкай творчасці. Упершыню юныя таленты Чэрвеньшчыны атрымалі на ім адразу чатыры Дыпломы.
Першы тур ладзіўся ў Чэрвеньскай дзіцячай бібліятэцы на веснавых школьных вакацыях — падчас традыцыйнага Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. Удзел у ім узялі больш за дваццаць таленавітых вучняў — аматары спеваў, малявання, літаратурнай творчасці. З прадстаўленых работ бібліятэкары выбралі лепшыя малюнкі, вершы і прозу, якія адаслалі ў вобласць. Там іх ацэньвала кампетэнтнае журы.
Напрыканцы мая для ўзнагароджання ў Мінскую абласную бібліятэку запрасілі гімназістаў Юлію АДАМОВІЧ, Паўла КОСАРАВА, Паўла ФІНСКАГА, Мілану ЦЫРЫНСКУЮ, вучаніцу СШ №4 г.Чэрвеня Лізавету ФІНСКУЮ і СШ №2 г.п.Смілавічы Кацярыну ПАНОВУ. Дыпломамі адзначаны чатыры гімназісты. Усе ўдзельнікі другога этапу абласнога злёту атрымалі ў падарунак кнігі.
Цікава, што самая юная прадстаўніца талентаў Чэрвеньшчыны — другакласніца Мілана Цырынская — выбрала аднаго героя і для малюнка, і для казкі. Гэта — белая чапля. А ўвогуле, з вуснаў членаў журы прагучала шмат прыемных слоў у адрас нашых творцаў.
Алена МАТВЕЕВА,  намеснік дырэктара Чэрвеньскай  цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы па рабоце з дзецьмі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *