Дасягнулi «Алiмпа Славы»

Общество

Талентамі не нараджаюцца, імі становяцца…  З цягам часу… Дзякуючы працавітасці, настойлівасці, жаданню дасягнуць прыкметных поспехаў. А натхнёнасць, энтузіязм, якія адчувае паспяховы чалавек, дапамагаюць рухацца яму далей. І канешне, кожны такі доўгачаканы вынік, абавязкова павінен быць заўважаны і адзначаны. Як, напрыклад, гэта зрабіў аддзел адукацыі райвыканкама. У мінулую суботу актавая зала СШ №4 г. Чэрвеня была паўнюткая жадаючымі прысутнічаць на ўрачыстасці “Алімп Славы”, прысвечанай узнагароджванню сёлетніх пераможцаў і прызёраў конкурсаў і прадметных алімпіяд. Свяціліся гонарам вочы за сваіх таленавітых вучняў ў настаўнікаў, за паспяховых дзяцей — ў бацькоў, радасцю за здзяйсненне задуманага — у хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта іх сумеснымі намаганнямі дасягнуты вяршыні, якія ўшаноўваліся на ўпершыню арганізаваным на Чэрвеньшчыне свяце «Алімп Славы».

Распачалося яно нумарамі мастацкай самадзейнасці і гульнёй у КВЗ. Весялілі прысутных не толькі каманды вучняў, але і настаўнікаў. Сваім трапным гумарам, кемлівасцю, жартоўнымі куплетамі адорвалі са сцэны каманды вясёлых і знаходлівых СШ №2, СШ №3, СШ №4 г. Чэрвеня і СШ №2 г.п. Смілавічы. Зачароўвалі прысутных мілагучныя песні ў выкананні таленавітых вучняў з іх цудоўнымі галасамі — Алены Яўсеенка з СШ №3 г. Чэрвеня, Валерыі Жукавец і Кацярыны Каленік з СШ №2 г.п. Смілавічы, Яўгеніі Удырыш з Лядзенскай школы, Валерыі Цімохінай з СШ №4 і Арцёма Дзятко з СШ №2 г.п. Смілавічы І невыпадкова некаторыя з іх дастойна былі ацэнены на розных конкурсах. Так, Арцём Дзятко стаў пераможцам абласнога конкурсу «Музычныя пацеркі» і абласнога тура конкурсу турыстычнай і патрыятычнай песень. Заслужаную ўзнагароду ад раённага аддзела адукацыі яму ўручыла на свяце Ларыса Асановіч. Радасць гэтага ўрачыстага моманту са сваім сынам падзяліла і яго мама Аксана Міхайлаўна, якую таксама запрасілі на сцэну. Такога гонару ўдастойваліся і іншыя бацькі прызёраў конкурсаў, якіх разам выклікалі для ўшанавання. Гэта пераможцаў конкурсу “Вучань года “ Марыю Юшчанка з Грабёнскай і Ягора Касцючэнка з Лядзенскай сярэдніх школ і іх бацькоў — Юшчанка Мікалая Іванавіча і Наталлю Леанідаўну, Касцючэнка Міхаіла Васільевіча і Вольгу Аляксандраўну; конкурса “Дуэт-лідэр” з Валевачоўскай школы — настаўніцу Алесю Уладзіміраўну Гаўрыльчык, яе вучня Генадзя Сіліна, яго маму Сіліну Алу Генадзьеўну.

Сёлета значных поспехаў дасягнулі і самыя юныя канкурсанты. На сцэну запрасілі вучаніц пачатковых класаў Марыю Шайбак з СШ №2 г.п. Смілавічы і Надзю Жыгімонт з Руднянскай сярэдняй школы разам са сваімі настаўніцамі Галінай Генадзьеўнай Бурак і Наталляй Міхайлаўнай Лугоўскай. Вучаніцы сталі дыпламантамі абласнога конкурсу даследчых работ і праектаў “Я — даследчык”.

“Вашы поспехі — гэта новыя веды у розных галінах навукі. Няхай ваш школьны багаж, — пажадалі ім вядучыя свята, — поўніцца з году ў год і стане для вас самым каштоўным скарбам.”

Кранальныя словы ўдзячнасці за тое, што дапамагаюць раскрыцца талентам, за цярпенне і мудрасць гучалі ў адрас педагогаў. І не толькі тым, хто настойліва рыхтаваў і вёў да пастаўленай мэты сваіх вучняў, але і тым, хто і сам з дня ў дзень ўзнімаецца ў сваім майстэрстве, удасканальвае прафесіяналізм, авалодвае ўсё новымі навыкамі ў сваей педагагічнай працы. Гэта — пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” Дзмітрыю Сяргеевічу Лукіну з СШ №2 г.п. Смілавічы і “Выхавацелю года” Наталлі Сяргееўне Апацкай з ясляў-сада №6 г. Чэрвеня.

А потым вядучыя запрасілі на сцэну пераможцаў трэццяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і прызёраў абласной навукова-практычнай канферэнцыі. Па чарзе ўзнімаліся на сцэну, каб прыняць дастойныя ўзнагароды ад раённага аддзела адукацыі разам са сваімі бацькамі і настаўнікамі, якія іх падрыхтавалі, вучаніцы СШ №1 г.п. Смілавічы Таццяна Корзун і Яна Шабусава, Юлія Панцялей і Алена Васільева з СШ №2 г.п. Смілавічы; Ірына Немагаева і Аляксандра Хартановіч з СШ №4 г. Чэрвеня; Ірына Шаўко з гімназіі №1 імя У.Караля г. Чэрвеня і Уладзіслаў Корсік з СШ №2 г.п. Смілавічы. Дарэчы, зусім нядаўна стала вядома, что Ірына і Уладзіслаў узнагароджаны дыпломамі трэцяй ступені — па матэматыцы і біялогіі адпаведна. (Пра поспехі астатніх вучняў нядаўна інфармаваў “Раённы веснік”.)

Несумненна, усе гэтыя дзеці — таленавітыя, паспяховыя, эрудзіраваныя і адукаваныя. Усе яны, канешне, розныя. Але іх аб”ядноўвае адно — ўменне дабівацца сваёй мэты настойлівай працай…

Людміла РАБЕЦКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *