Нашы вясковыя паштальёны

Люди и судьбы

Калектыў Турэцкага аддзялення сувязі зусім нешматлікі. Увесь ён — тут, на фотаздымку: начальнік Наталля Цюлюпа (у цэнтры), паштаркі Зоя Каток (злева) і Анастасія Сойка (справа). Разам працуюць менш за год, але затое — хутка і зладжана. Для кожнай гэта — не першае месца працы, не першая спецыяльнасць, асвоеная паспяхова.

Ураджэнка Навагрудчыны Наталля Цюлюпа ніколі не думала, што будзе рабіць начальнікам вясковага аддзялення сувязі. Мудрагелістасці прафесіі асвойвала на месцы. Спачатку, вядома, цяжкавата было, але дапамагала бухгалтарская адукацыя. І зараз, зазначае Наталля, працуецца нармальна. Хутка год ужо на гэтай пасадзе.

А вось для Зоі Каток паштарская праца — блізкая і звыклая, бо ў свой час тры гады тут адшчыравала, таму самая вопытная. На Чэрвеньшчыне яна жыве ўжо сорак гадоў, і столькі ж выпісвае «раёнку». Ведае ўсіх аднавяскоўцаў. Любіць чытаць пра іх, пра школу, сельскі Дом культуры, бібліятэку, мясцовую гаспадарку, а таксама знаёміцца з раённымі навінамі.

Пра свой участак абслугоўвання Анастасія Сойка кажа так: «Увесь Турэц — з таго канца па той канец». Таму заўсёды поўніцца яе паштарская сумка паштовымі адпраўленнямі, свежымі падпіснымі выданнямі, сярод якіх у сераду і суботу — 87 «раёнак». Важкая ноша! А ўсяго іх у Турэцкім аддзяленні сувязі ў красавіку 110 асобнікаў было. Сталыя людзі Анастасію Сойку звычайна просяць: «Ты нас на «Перад» падпішы!» На «Уперад», значыцца, усміхаецца паштарка. Па старой звычцы «Раённы веснік» так называюць…

Дарэчы, у маі ў гэтым аддзяленні сувязі дзве з трох жанчын будуць прымаць віншаванні з асабістымі святамі. І гэта таксама іх яднае.

Шчыра зычым Наталлі Цюлюпа, Зоі Каток, Анастасіі Сойцы здароўя моцнага, шчасця, пабольш нагод для радасці, сонечных усмешак і спадзяёмся на далейшае актыўнае супрацоўніцтва!

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *