Народны каляндар. Красавік

Общество

Другі месяц вясны. Беларуская назва паходзіць ад слова «красаваць», бо тады з’яўляюцца першыя краскі — Кветкі. Гэтаму адпавядае і другое найменне, што сустракаецца ў старажытнай літаратуры, – кветень. У прыватнасці яго ўжывае Ф.Скарына ў «Малой падарожнай кніжцы». Такая форма захавалася ва ўкраінскай мове – квітень і польскай – kwiecien. У старажытных славян чацвёрты месяц яшчэ вядомы як беразоль. Рускі апрель (таксама ў англічан, французаў, немцаў) паходзіць ад рымскага aprilis, што азначае «адчыняць». У гэты месяц у Італіі адчыняліся дзверы вясны, распускаліся на дрэвах пупышкі. Але нават у ім прырода яшчэ захоўвае сляды зімы: «Красавік чорны ў полі, а ў бары — белы». Калі ж вясна здаралася ранняя, дрэвы пачыналі пакрывацца маладымі лісткамі, пасля чаго ўжо гром на зялёнае голле ўспрымаўся ў народзе як паказчык будучых поспехаў у жыцці і гаспадарцы. Пра гэта гаварылася і ў прыкмеце: «У красавіку грымот — цёплы будзе год». Сухі красавік абяцаў, што такі ж будзе і чэрвень, аднак ліпень за ім павінен прыйсці дажджлівы. Пчаляры прыглядаліся: раз не вылецелі ў красавіку пчолы — спадзявайся халадоў. А яшчэ  казалі: што ў красавіку ўзнікне, у чэрвене-ліпені заквітнее, паспее, а ў жніўні ў засекі і свіраны схаваецца, у доўгую зіму дашчэнту падбярэцца.

6 красавіка. Калісьці ў гэты дзень адзначалася «свята камаедзіцы» — у гонар мядзведзя. На стол падаваліся  раслінныя стравы, у тым ліку і гарохавыя камы, якія і далі назву святу.

7 красавіка. Благавешчанне (Дабравешчанне, Звеставанне). Як і на кожнае свята, на яго забаранялася што б там ні было рабіць: «На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ўе». Праваслаўная царква адзначала зачацце Маці Божай Ісуса Хрыста. У народзе свята яно лічылася днём надыходу вясны. Шмат дзе якраз ад Благавешчання адбывалася Гуканне вясны.  I хаця па вёсках шчыра гукалі вясну, не заўсёды яна з’яўлялася, таму канчаткова развітвацца з зімою было ранавата: «Да Благавешчання зіму не лай і сані трымай». Пасля свята дазвалялася ўрабляць зямлю пад новыя пасевы (да гэтага часу зямля спіць і чапаць яе нельга). Благавешчанне было вяхою ў прадбачанні надвор’я. Калі свята аказвалася цёплым, селянін мусіў чакаць марозную восень, і наадварот, снег, што заляжаўся да гэтае пары, абяцаў цёплую восень. Па асаблівасцях гэтага дня рабіліся прагнозы на ўраджай. Як на Благавешчанне дождж — збярэш багата хлеба; калі суха, то летам магчыма засуха. Умеранае надвор’е — умеранае будзе лета і такі ж ураджай. Гаварылі, што такое ж надвор’е, як на Благавешчанне, павінна паўтарыцца на Вялікдзень.

17 красавіка. Нядзеля на шостым тыднi Вялiкага посту называлася Вербнай,Пальмавай нядзеляй, Вербнiцай. У некаторых рэгiёнах былi вядомы i такiя назвы – Вербiца, Вярбiч, Вярба (ад назвы раслiны, якая раней за астатнiя рэагуе на веснавую цеплыню i лiчыцца сiмвалам урадлiвасцi: колькi вярбу нi ламай, а яна праз хуткi час дасць новыя галiнкi).  Свята беларускага народнага календара Вербная нядзеля мае хрысцiянскiя вытокi i звязана з евангельскiмi падзеямi. У Евангеллi ад Мацвея, дзе апiсваецца жыццёвы шлях Сына Божага Ісуса Хрыста, паведамляецца пра найвялiкшае з Яго цудаў – уваскрэсенне памерлага чатыры днi таму Лазара. Назаўтра Iсус прыйшоў у Iерусалiм, жыхары якога сустракалi яго як самага дарагога госця, усцiлаючы дарогу пальмавымi галiнкамi. Хрысцiянская царква надала гэтай падзеi статус найвялiкшага свята. Толькi замест пальмавых галiнак славяне, у тым лiку i беларусы, выкарыстоўваюць у сваiх абрадах вярбу.

24 красавіка. Вялікдзень (рус. Пасха) — вялікае веснавое свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Некалі ім адкрываўся новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім «рухомым» велікодным календары.

 30 красавіка. Калі ў апошні дзень красавіка сонца ўзыйдзе ясна — будзе сухое лета, а калі праз хмары — дажджлівае.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *