Кубак «раёнкі» — у каманды Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя

Спорт

Кубак РВУ Чэрвені на стадыёне СДЮШАР адбыўся фінальны матч Кубка раёна па футболу на прызы газеты «Раённы веснік» сярод юнакоў. Пад няспынным дажджом адносіны высвятлялі каманда Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя і зборная школ Смілавічаў.

Пачатак сустрэчы атрымаўся захапляльным: першая ж атака ліцэістаў завяршылася ўзяццем варот каманды са Смілавічаў у выкананні Дзмітрыя Белабародага. Ён жа неўзабаве падвоіў лік.
У цэлым першы тайм прайшоў з відавочнай перавагай футбалістаў ліцэя. Узяўшы ў саюзнікі моцны спадарожны вецер, яны абрынулі шквал атак на вароты саперніка. Іх лагічным завяршэннем стаў трэці гол, які забіў Дзмітрый Багуцкі. Смілавіцкія школьнікі бліжэй да перапынку адквіталі адзін мяч: вызначыўся Ігар Шчурко — 3:1.
Такім чынам, зборная школ захоўвала шанцы на выратаванне. Але ўсё тая ж першая хвіліна, цяпер ужо другога тайма, зрабіла іх прывіднымі: і без таго камфортную перавагу ліцэістаў дакладным ударам умацаваў Дзмітрый Багуцкі — 4:1.
У далейшым червенцы гулялі па ліку, аддаўшы ініцыятыву саперніку. Школьнікі нядрэнна атакавалі, падалі з дзясятак вуглавых, але так і не здолелі забіць. Больш за тое, прапусцілі выніковую контратаку футбалістаў ліцэя. Дзмітрый Багуцкі, аформіўшы хет-трык, канчаткова “пахаваў” інтрыгу матча.
5:1 – пераканаўчая перамога каманды Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя, за якую выступалі Уладзіслаў Філічонак, Дзмітрый Белабароды, Міхаіл Ганчарык, Аляксандр Нарэйка, Валянцін Дубоўскі, Міхаіл Шкаруба, Павел Кандратовіч, Дзмітрый Багуцкі, Яўген Мандрусенка, Іван Вайцяхоўскі, Ягор Макараў, Сяргей Стасаў і Анісім Валодзін. Трэнер – кіраўнік фізвыхавання Сяргей Пятровіч Палякоў.
Пераможцы ўзнагароджаны Кубкам, Дыпломам і залатымі медалямі. Зборнай школ Смілавічаў, якая заслугоўвае павагі хоць бы за тое, што атрымала права выступаць у фінале ў вельмі складанай барацьбе з камандамі Смілавіцкага каледжа і ліцэя, уручаны Дыплом фіналіста і сярэбраныя медалі.
Лепшымі ігракамі спаборніцтваў прызнаны Дзмітрый Белабароды, Дзмітрый Багуцкі, Павел Кандратовіч і Уладзіслаў Філічонак з каманды Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя, Мікіта Вольскі, Дзмітрый Юдо, Павел Клімовіч і Мікіта Мазаў са зборнай школ Смілавічаў. Яны ўзнагароджаны Дыпломамі і прызамі “Раённага весніка” – падпіскай на нашу газету на трэці квартал 2016 года.
Рэдакцыя газеты “Раённы веснік” шчыра дзякуе старшыні фізкультурна-спартыўнага клуба пры аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргею Прыступу – за клопаты па арганізацыі спаборніцтваў, а таксама – дырэктару Чэрвеньскай СДЮШАР Ігару Філічонку – за добрую падрыхтоўку футбольнага поля да фінальнага матчу.

Ігар Адамовіч. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *