НА ПРЫЗЫ ЛЕАНІДА КОРЗУНА

Спорт

На гарадскім стадыёне ў Чэрвені прайшоў трэці дзіцячы турнір па футболу на прызы ганаровага грамадзяніна Чэрвеньскага раёна, першага трэнера Чэрвеньскай ДЮСШ па гэтаму віду спорту Леаніда Корзуна. Удзел у спаборніцтвах узялі каманды Чэрвеньскай СДЮШАР і яе смілавіцкага філіяла, юныя футбалісты з Беразіно і Лагойска.

На жаль, сам Леанід Міхайлавіч напярэдадні захварэў і не змог прысутнічаць на турніры. Аднак ні гэтая акалічнасць, ні дажджлівае надвор’е не перашкодзілі правядзенню спаборніцтваў. Падчас іх адкрыцця ўраджэнец Чэрвеня, былы старшыня Беларускай федэрацыі футбола Рыгор Фёдараў перадаў удзельнікам турніру шчырае прывітанне ад Леаніда Корзуна, пажадаў ім цікавай, бескампраміснай барацьбы на футбольным полі.

Спаборніцтвы прайшлі па кругавой сістэме. У першым туры футбалісты Чэрвеньскай СДЮШАР згулялі ўнічыю з камандай Лагойска — 1:1, а бярэзінцы ўпэўнена перамаглі смілаўчан — 4:0.

Затым чэрвеньцы саступілі землякам са Смілавічаў — 1:3, а каманда Бярэзінскай ДЮСШ атрымала другую перамогу, гэтым разам — над футбалістамі з Лагойска — 3:0, і датэрмінова заваявала галоўны прыз турніру.

У трэцім туры бярэзінцы пераканаўча перамаглі футбалістаў Чэрвеньскай СДЮШАР — 4:1, а каманда Лагойскай ДЮСШ разграміла смілаўчан — 6:1.

Каманда Бярэзінскай ДЮСШ узнагароджана Кубкам, футбалісты з Лагойска і Смілавічаў — Граматамі за другое і трэцяе месцы, адпаведна. Лепшыя ігракі гэтых каманд адзначаны прызамі.

Ігар АДАМОВІЧ

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *