А што, калі пабудаваць каплічку?..

Духовность

21 верасня праваслаўныя хрысціяне адзначалі першае з дванаццаці вялікіх святаў богаслужэбнага царкоўнага года: нараджэнне Прасвятой Багародзіцы, пасрэдніцтвам якой даравана выратаванне ўсяму свету. Нарадзіўшы Хрыста-Збавіцеля і перанёсшы мноства пакут на зямлі, дзіўная і хуткая дапаможніца ўсім людзям і пасля ўзнясення на неба дапамагае тым, хто пакаяўся. У знак удзячнасці Дзеве Марыі напісана мноства яе іконаў, шмат якія з іх сталі цудатворнымі, вернікі спрадвеку будавалі і будуюць храмы. Існаваў такі храм і ў Чэрвені. На працягу некалькіх стагоддзяў ён стаяў на месцы, дзе зараз на плошчы Свабоды сквер і фантан.

Храм знаходзіўся там да пачатку трыццатых гадоў. У 1934 годзе яго разбурылі. У нашым краязнаўчым музеі і ў Свята-Нікольскай царкве мне давялося бачыць гістарычны здымак. Фота зроблена натуральна з музейнага акна. На ім бачны храм, тагачасная плошча і натоўп мітынгуючых людзей. На адной з копій гэтага здымка я на свае вочы бачыў пазнейшы надпіс ад рукі: «1934 год. Г.Червень. День разрушения храма». Ці сапраўды нейкі фатограф адлюстраваў апошнія хвіліны існавання храма, ці здымак зроблены падчас нейкага іншага мерапрыемства, дакладных звестак няма. Але у любым выпадку добра відаць, дзе размяшчаўся галоўны будынак, дзе іншыя, дапаможныя, пабудовы.

Вельмі хочацца, каб Храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы адрадзіўся на Чэрвеньшчыне. Такі Храм будуецца ў вёсцы Іванічы. Пакуль там зроблены толькі падмурак. Богаслужэнні праходзяць у прыходскім доме, прыстасаваным пад часовы Храм.

У Чэрвені на цяперашні час храмаў на ўсіх нашых вернікаў хапае: ёсць і каталіцкі, і праваслаўны. Але, на маю думку, не перашкодзіла б хоць капліца на тым месцы ў скверы, дзе храм быў раней.

Калі я працаваў у райвыканкаме, пры мне, у васьмідзесятыя гады, разбуралі будынак, дзе пасля вайны быў банк, а пазней цэнтральная раённая бібліятэка. Гэты буданак падчас існавання Царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы быў царкоўны. Асабіста я не падтрымліваў яго разбурэння, прапаноўваў захаваць пад музей. Але зберагчы памяшканне не ўдалося. Застаўся ад былога царкоўнага комплексу адзін элемент: казырок ад ганка. Пазней яго прыстасавалі  на будынак цяперашняга ЗАГСа.

Між тым да гэтага часу яшчэ нешта такое абуджаецца ў душах людзей, што дае падставу задумацца аб неабходнасці неяк пазначыць тое месца, дзе была царква. Параспытвайце знаёмых, сяброў, дзяцей, і вы прыемна здзівіцеся таму, што ўсе гавораць аб гэтым месцы ў цэнтры горада адно: тут прыемна знаходзіцца. Сюды цягне прыйсці, пасядзець, адпачыць. Тут лёгка дыхаецца і думкі прыходзяць нейкія супакойваючыя, лагодныя. Таму сквер так любяць чэрвеньцы, наведваюцца сюды з дзеткамі, унукамі. Я думаю, што месца, дзе калісьці была царква, аказвае свой уплыў на людзей.

Са мною самім аднойчы быў такі выпадак. Калі я раней займаўся прафесійна фатаграфаваннем, аднойчы давялося чакаць на плошчы чалавека, каб перадаць здымкі. Павінен быў прыехаць аўтобус. Я стаяў ля парка. Дзьмуў моцны вецер, гнуў навакольныя бярозы, клёны. А на месцы храма ў скверы было зацішша. І ляталі кругамі ластаўкі. Я тады падумаў: ластаўкі, мабыць, памятаюць месца, де гнязділіся многімі пакаленнямі. А вось людзі забыліся, як, мабыць, не адзін век ішлі са сваімі просьбамі, бедамі, хваробамі ў Храм прасіць у Бога дапамогі…

У наш час па Інтэрнету я маю магчымасць падтрымліваць стасункі з землякамі-чэрвеньцамі ў любой кропцы зямнога шару. Земляки задаволены, што у Чэрвені з’явіўся храм, але пытаюць, чаму пабудаваны не на ранейшым месцы. І вось, многія з іх, праваслаўныя па веры, падтрымліваюць ідэю адраджэння храма Багародзіцы на Чэрвеньшчыне, а каплічкі — на былым месцы. Напрыклад, жыхары Аўстраліі Тамара ВЕНТУРА-ЛАДУЦЬКА і Міхаіл ЛАДУЦЬКА ахвяравалі сродкі на будоўлю храма ў Іванічах і перадалі нам святыню, што раней належала царскай сям’і — часцінку шалі цэсарэвіча Аляксея. Нам жа, хто жыве тут, на мой погляд, тым больш трэба задумацца. Вось глядзіце: Багародзіца дапамагала людзям Ігуменшчыны, пакуль тут быў яе храм. Падавала па веры іх, была храніцелькай гэтай зямлі. Мо, таму не было ў нас вірлівых рэвалюцыйных падзей, не заліла нас крывёю грамадзянская вайна. А пасля разбурэння храма ў 34-м вялікія беды, што прыйшлі да ўсяго беларускага народа, не абмінулі і нас: рэпрэсіі, альбо як і да гэтага часу, прыцішаючы голас, кажуць у народзе «хапун», а тады вайна, у якой на Чэрвеньшчыне загінуў кожны трэці… Многа нашы людзі перажылі… Дык можа, калі пабудуем каплічку на тым месцы, дзе быў храм, дык зміласцівіцца Багародзіца!.. Няхай не да нас, разбуральнікаў, дык да нашых унукаў і праўнукаў. На мой погляд, капліца будзе нагадваць, што нам трэба браць прыклад з Багародзіцы: не вінаваціць нікога, а шкадаваць усіх, спачуваць, імкнуцца зразумець, і маліцца за ўсіх.

Капліца — будынак невялікі, яго не трэба, як вялікі храм, будаваць гадамі. Гэта можна зрабіць за два-тры месяцы, не перашкаджаючы нікому. Грошы можна сабраць «усім мірам», як гэта заўжды рабілася і робіцца пры будоўлі храмаў. Думаю, збіраць сродкі маглі б нават не толькі праваслаўныя вернікі. Зараз жа ў хрысціянскім свеце назіраюцца прыклады яднання, праходзяць сусветныя форумы розных канфесій. На пачатку чэрвеня 2014 года і ў Мінску адбыўся чацвёрты Еўрапейскі праваслаўна-каталіцкі форум «Рэлігія і культурная разнастайнасць: выклікі хрысціянскім цэрквам у Еўропе». У дні форума у Гродне каталіцкія і праваслаўныя епіскапы ў прысутнасці чыноўнікаў і дыпламатаў асвяцілі помнік, які сімвалізуе разбураны ў 1961 годзе храм, што на працягу шматвекавога існавання належаў розным канфесіям. Так і ў нас Храм належаў у розны час розным канфесіям, якія, дзякуй Богу, і цяпер ужываюцца на ігуменьскай зямлі вельмі мірна. Збор грошай на капліцу і яе будоўля паядналі б нас, чэрвеньцаў, не только ў рэлігійным, але ў агульначалавечым сэнсе. Бо нічога так не яднае, як агульна зробленая добрая справа.

Пакуль гэта толькі мая ідэя. Хацелася б даведацца меркаванне жыхароў Чэрвеня, ці падтрымліваеце вы такую прапанову — пабудаваць капліцу ў скверы, а грошы сабраць агульна, хто колькі зможа. Таму я і звяртаюся да раёнкі, як да даўняга сябра, з якім стасуюся ўсё жыццё. У вас шмат пішуць пра царкву, пра веру, і я думаю, шмат хто праз газету зможа даведацца пра маю ідэю і выказаць потым на старонках свае меркаванні. Праўду кажучы, я ўжо пачаў збор меркаванняў!.. Усе ў спецыяльны сшытачак запісваюцца. Там яшчэ няшмат запісаў, але яны — за будоўлю каплічкі.

Па благаслаўленню айца Аляксандра ЛАЗОЎСКАГА,

настаяцеля Свята-Нікольскай царквы —

Міхаіл КРАСНАГІР, жыхар Чэрвеня, пенсіянер,

член прыходскага Савета

Храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *