СІТНІК

Люди и судьбы

Працяг.

Святлана АДАМОВІЧ (тэкст и фота).

МОЦНАЯ СЯМ’Я — НАСТАЎНІК І… НЕПІСЬМЕННАЯ.

У Вусці сям’я была вялікая, гаспадарка, коні, зямля… Тады мамін брат Мікола захварэў на сухоты. І ніхто не браўся яго даглядаць. Маму прывезлі. І яна глядзела яго, пакуль ні памёр.

А затым памірае ў другой мамінай сястры, нашай цёткі Мар’і, муж. Гадоў сем яны толькі і пажылі. Двое дзетак засталося. І цётка Маня забрала маму да сябе ў дапамогу. Было гэта ў Задабрыччы. І вось накіроўваюць туды настаўніка — майго будучага тату. А ў вёсцы дзеўкі на вячоркі збіраліся да цёткі Мані. Дарма, што хатка была невялікая, 6 на 6… Ну, дзе дзеўкі, там і хлопцы. І настаўнік, вядома, прыходзіў. Звычайна ў дзвярах станавіўся… Тады дзеўкі скончаць прасці, пойдуць, а ён застаецца…

А трэба сказаць, што мама мая была непісьменная. Яе ніхто ў школу не аддаў! Гэтыя, старэйшыя дзеці, пры бацьках хадзілі. А маму як забрала цётка Парасся туды, у Вусце… Прыходзілі тамтэйшыя настаўнікі, казалі, каб у школу малую аддалі… А Гіляр і кажа: «Гэта не маё дзіця. Я яе вучыць не буду. Няхай работу робіць!»

А тады тата яе навучыў. Дык мама ўжо і распісацца магла, і прачытаць. Але так ніводнага класа і не скончыла. Звалі маму Наталля Герасімаўна, прозвішча з дому — Блізнюк. Дык вось яна — непісьменная, а ён — настаўнік, пісьменны. І што вы думаеце? Узяў жа яе за жонку! Яны, праўда, не распісваліся, нічога. Ён у адзін вечар, як усе пайшлі, кажа на цётку Маню: «Усё, Герасімаўна, застаюся ў вас. Буду жыць з Наташай…» Так і застаўся. І жылі ў той маленькай хатцы.

Тады тата пабудаваў у Будкаве школу. Яе затым некуды перавезлі. Там пасля ўжо была кватэра. Пабудаваў тую школу — пераводзяць яго ў Малінаўку! Там я і нарадзілася. Ну, а з Малінаўкі — у Красную Слабаду ў школу. У школе мы і жылі. Тут нас заспела вайна. І атрымаўся ў таты лёс такі (плача)

Колькі мы тады адплакалі… Яго стрыечнай сястры муж быў камандзірам партызанскага атрада. Тата ж застаўся як настаўнік па броні. І адзін падштурхнуў яго пайсці старастам воласці ў Ляды. Адтуль яго забіраюць у Чэрвень — у пашпартны стол. А муж стрыечнай сястры ды кажа яму: «Ідзі да нас у партызаны, з сям’ёй!» А нас тады ўжо дзве сястры было. А тады двое нарадзіліся, толькі паўміралі, 7 месяцаў было тым двайнятам… Дык тата і кажа: «Ну вось, я пайду, забяру Наташу і дзяцей… А Наташыну радню ўсю немцы выб’юць! Лепей я вам адтуль буду дапамагаць…» І дапамагаў! Яго не было за што судзіць! Аднак… Далі тату дзесяць гадоў, але ён дзевяць адбыў (плача). Апошнім часам нават грошы нам дасылаў адтуль. Як зараз памятаю — горад Горкі, станцыя Сухабязводная, за Масквой.

Адразу рабіў тата ў лесе. Тады дрэва ўпала, і яму перабіла нагу. Сем тыдняў ляжаў на выцяжцы. А пасля працаваў на мэблевай фабрыцы. Сябраваў з начальнікам, дык той яго грошы высылаў нам. Калі 130 рублёў, калі — 150 ці 170… А вярнуўся тата дадому ўвесну 1954-га…

Далей Галіна Іванаўна Варанько распавяла, як шукаў тата працу такую, каб грошы плацілі, а не толькі налічвалі працадні, бо трэба ж было сям’ю карміць. Сустрэў у горадзе выпадкова знаёмага, і той прапанаваў пераехаць у Новыя Зелянкі.

— Так мы ў гэтым баку і засталіся, — тлумачыць гаспадыня хаты. — Мама, праўда, была не рада, ёй хацелася дадому, у тыя мясціны…

Сама Галіна Іванаўна скончыла восем класаў у Лядах яшчэ, а ўжо дзявяты і дзясяты — у Чэрвені, у беларускай школе. Хацелася ёй паступіць у індустрыяльны тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, але… Па выніках іспытаў не выходзіла стыпендыя. І старэйшая сястра, якая рабіла ўжо токарам, забрала дакументы меншай, вырашыўшы, што і яе шлях — на трактарны завод, дзе таксама вучылі працоўным спецыяльнасцям. Аднак пры субяседванні дырэктар папярэдзіў, што прымуць дзяўчыну толькі пры наяўнасці мінскай прапіскі. Магчымасці яе зрабіць у Галіны Іванаўны, жыхаркі Новых Зелянкоў, не было. Так яна і вярнулася дадому…

— Сястра мая памерла ўжо, — кажа жанчына. — А я ўвесь час на яе крыўдавала, што яна забрала мае дакументы. А я ж недарэмна той тэхнікум выбрала. Я і ёсць будаўнік (смяецца)! Нават печку сама рамантую, нікога не прашу… Мусіць, гэта было б маё… Але вярнулася ў сям’ю. А ў нас пасля вайны яшчэ Оля нарадзілася, тады — Лёня…

І вось з моманту вяртання Галіны Іванаўны на Чэрвеньшчыну пачаўся новы этап яе жыцця — новазелянкоўска-сітнікоўскі…

 

НА КВАТЭРЫ ПАБЫЛА — І ЗНАЁМСТВА ЗАВЯЛА…

 

Слухаючы гаспадыню хаты, у чарговы раз адзначаю ў думках: сапраўды, нічога выпадковага не бывае. Ці то лёс, ці то якіясьці вышэйшыя сілы (хто ў што верыць) пастаянна дасылаюць нам розныя знакі, маленькія падказкі… Часцей за ўсё яны, не ўбачаныя і не пачутыя, праходзяць міма нашай свядомасці. Але калі ў будучым штосьці адбываецца, тады і ўсведамляеш: а гэта ж было нездарма…

Вось так нездарма, пераехаўшы ў новазелянкоўскі бок Чэрвеньшчыны, бацькі Галіны Іванаўны з дзецьмі папрасіліся на кватэру менавіта ў Сітнік, размешчаны паблізу ад Новых Зелянкоў. Больш за тое! Яны некаторы час жылі менавіта ў той самай хаце, гаспадыняй якой у далейшым і зрабілася Галіна Іванаўна! Толькі тады пра гэта не здагадвалася ні яна сама, ні яе бацькі…

— Хата ў пяцідзесятыя гады была зусім не такая, — тлумачыць яе сённяшняя гаспадыня, — а малая. Гэта мы перарабілі ўжо. А як сюды прыехалі… Тата з мамай у сенцах спалі. У хаце — я, сястра Ніна і стрыечны брат Валодзя, які з Задабрычча з намі пераехаў сюды. А ў другім баку — гаспадары хаты, чый сын Міхаіл тады служыў у войску… Фотакарткі дадому дасылаў… А тады нам кватэру далі ў Новых Зелянках — у панскім доме. Мы з аднаго боку жылі, а з другога была кантора. Радні ў нас тут не мелася, дык гаспадыня хаты ў Сітніку, дзе мы напачатку жылі, з сынам, які з войска вярнуўся, у госці да нас прыходзілі… Так і пазнаёміліся…

Ну, а сям’я Галіны Іванаўны пакуль не вырашыла, ці то замацоўвацца ім на новазелянкоўскай зямлі, ці то вярнуцца ў лядзенскі бок, як хацелася маці… Усё, як часцяком і бывае, вырашыў выпадак. Галіну, якой так і не давялося павучыцца ў Мінску, запрасілі на працу ў кантору мясцовай гаспадаркі — сакратар-машыністкай. Абяцалі ўсяму навучыць на месцы. А каб яна па восені не паехала зноў штурмаваць мінскія сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы, прапанавалі паступіць завочна ў Мар’інагорскі тэхнікум.

Дачка параілася з татам, той яе падтрымаў. І вывучылася Галіна Іванаўна за агранома, спадарожна асвойваючы прафесію сакратар-машыністкі. А вось і другі знак «зверху» — у 1957-ым годзе дзяўчына афармляла загад аб прыёме на працу вадзіцелем свайго будучага мужа — Міхаіла Варанько з Сітніка.

Але адносіны паміж маладымі людзьмі складваліся няпроста. Абое — прыгажуны. У яго — дзяўчаты, у яе — кавалеры… Перыядычна то гулялі разам, то кожны — сам па сабе… Паслухаеш Галіну Іванаўну — і цэлы мексіканскі серыял паўстае перад вачыма. З крыўдамі, інтрыгамі, заляцаннямі, жарсцямі… Так і прайшло з часу знаёмства Галіны і Міхаіла тры гады.

І ўсё ж, відаць, лёсам ім было наканавана ісці па жыцці разам…

 

ЯК ЗАМАРАЧЭННЕ — РОСПІС І ВЯСЕЛЛЕ

 

Калі зараз Галіна Іванаўна Варанько прыгадвае сам момант, у які ўсё было вырашана паміж жаніхом і нявестай, дык кажа пра гэта так:

— Я думаю, штосьці свякруха падстроіла… Бо і сваты ж прыходзілі… А мама мая — і не блізка! І я таксама. Сказала жаніху: «Ведаеш, Міша, я за цябе не пайду! І мама не хоча…» Ажно ён прыязджае аднаго дня з суседам: «Паехалі ў сельсавет, распішамся!» А ў мяне — ну во, як замарачэнне ў галаве якое! Паехалі. Распісаліся. Едзем назад. Міша і кажа: «А цяпер твая мама калі не хоча цябе за мяне замуж аддаваць, дык няхай плаціць за развод!» Гэта, мусіць, паўтара месяца ці месяц прайшоў пасля таго, як сваты прыходзілі. Тады яшчэ месяц пасля роспісу… Запоіны былі ў маі, а вяселле — толькі другога ліпеня…

Разглядаю вясельныя фотаздымкі, углядаюся ў твары маладых — і не знаходжу і следу таго, што было штосьці «зроблена», што не па згодзе… Ні воблачка на абліччы маладых. Толькі прыязныя шчырыя ўсмешкі… Як добра, што вось такая памяць захавалася ў фотаальбоме Галіны Іванаўны Варанько, якая, да ўсяго, дае нам уяўленне пра вяселле 60-х гадоў мінулага стагоддзя…

 

ЖЫЦЦЁ СЯМЕЙНАЕ. СІТНІК. АМЕРЫКА. РАЗЛУКА…

У сямейным жыцці, якое праходзіла ўжо ў Сітніку, зазначае Галіна Іванаўна Варанько, усяго было. Але сярод іншага знайшлося месца і далейшай самаадукацыі жанчыны. Бы ў кампенсацыю за тое, што так і не павучылася яна ў будаўнічым тэхнікуме, скончыла яшчэ адну навучальную ўстанову — Смілавіцкую, дзе вывучылася за заатэхніка.

— Я ж на апошнім курсе яшчэ Мар’інагорскага тэхнікума замуж выйшла, — тлумачыць Галіна Іванаўна. — Вось тады тата і сказаў: «Ніна ў Мінску, Галя тут засталася… Лёнік у нас яшчэ, Оля… Нікуды мы адсюль не паедзем!» І пачаў будаваць сваю хату ў Новых Зелянках. Яна і цяпер там стаіць. У ёй жыве Олін сын, Лёша, пчаляр наш… Ну, а ў мяне свае дзеці пайшлі, дык не было мне як па полі бегаць аграномам. Вось і забраў мяне Кірыенка брыгадзірам на ферму. А як жа я буду рабіць, калі нічога не ведаю?! Таму і паступіла ў Смілавіцкі тэхнікум.

— І кім рабілі?

— Брыгадзірам, заатэхнікам-селекцыянерам… Брыгадзірам у Новых Зелянках на ферме, тады — у Кутузаўцы, а ў Праўдзе — на свінаферме. А тут знайшлі ў мяне язву, зрабілі аперацыю, далі другую групу. І я тады яшчэ пайшла ў бухгалтэрыю. Парабіла трохі — і на пенсію.

— І колькі ў вас усяго стажу?

— Той год, калі была на групе, не залічылі. Дык 34 гады 2 месяцы і 24 дні атрымалася.

— А ў Сітніку вы жывяце 54-ы год?

— Так. 2-га ліпеня 53 было…

— Галіна Іванаўна, раскажыце, калі ласка, якая тады была вёска, колькі людзей…

— Ой, шмат — і людзей, і хат! Памятаю, як мае дзеці пайшлі ў школу, дык з Сітніка хадзілі 36 вучняў! Кароў было многа, у кожнай гаспадарцы трымалі. Ганялі на выган па лесе. Як прыйдзе радоўка, пасвім…

— А каго вы памятаеце з тагачасных вяскоўцаў? Па прозвішчах, імёнах?

— Ну, пачнём з таго боку, адкуль вы прыехалі. Самая першая жыла Яскульская. Яна памерла, і сыны паўміралі. Толькі адзін, Юзік, застаўся, жыве ў Новых Зелянках. Яскульскі Ілья, наколькі я памятаю, дзетдомавец быў. А жонка яго, Мар’я, — з Праўды, хатняе прозвішча — Мазуркевіч. Тут жыла яе сястра, побач з намі. Мужыка яе забілі пасля вайны. Паехаў коней купляць у калгас, і як там выйшла… Казалі — ці не цыганы яго забілі. А яна, баба Марына, не так даўно памерла…

Жыў у нас даўней Павел Краснагір, лесніком апошні час рабіў. Памёр, а баба Оля яго яшчэ жывая. Сын во яе тут, праз вуліцу, жывуць у розных хатах. І яшчэ адзін сын прыязджае…

Зіна Калтовіч жыла ў Сітніку, гады два таму памерла, а Мікола яе — даўно. Сын прыязджае на бацькаўшчыну. А там Валі Нарбутовічай бацькі жылі, паўміралі. Яна ў мяне — бабуля, маіх дзяцей купала… І сын яе цяпер жыве ў  Сітніку. А во тут наша Соня жыла — Варанько, Мішавага брата жонка. Кастусь яе памёр даўно…

Каго яшчэ памятаю? Андрэй Крук жыў, Марына Дзяркач, Зяневічы, Барыс Лаўрык… А, тут яшчэ Сцяпан Лаўрык за Марынай жыў. Хату ў Зелянкі прадалі. Далей баба Дар’я Зяневіч (ці Зіневіч?), яе сын лесніком рабіў. Пабудаваў хату. Праз вуліцу стаіць, вялікая. Яны паўміралі, а хлопцы ёсць. Самы меншы, Борка, у Мінску жыве, сее гэты агарод…

А тамака Валодзя Аладка жыў, яго Вакодзікам звалі… Памёр, мо, 50 гадоў было. І Марыя Іванаўна даўно памерла. Дык дачка прыязджае на бацькаўшчыну…

Хаты пагарэлыя ў нас… З людзьмі згарэлі — во які жах быў! Дык дзе ад чаго… А так у нас маланка часта запальвала… Бачыце, там хлявы стаяць — Соні нашай… У 1961-ым, калі ў нас Каця нарадзілася, навальніца была, і маланка першая — у хлявы! Яны згарэлі, а хату нашу адратавалі. Агонь жа быў сюды… Але тады людзі сабраліся, іх шмат яшчэ жыло ў Сітніку. І тут — лівень. На дарозе каляіны разбітыя, вадою адразу напаўняліся. Дык паставілі лесвіцу да даху, Віця Аладка ўзлез. Дадуць яму хуценька вядро вады з гэтых каляінаў… Ён ліне на сябе, а тады — на хату… Посцілкі панамочвалі, на дах усцягнулі… Тады ж гонта была, гэта цяпер шыфер… А вунь бачылі дачу жоўценькую?

— Так, прыгожы дамок.

— Дык у яго двойчы маланка трапляла!

— Ой, штосьці насамрэч не тое з агнём у вашай вёсцы…

— Ну, мабыць…

— Галіна Іванаўна, я гляджу — на фота ваш муж з музычным інструментам. Умеў граць?

— Умеў. Гэта — паўакардыён. Мы ў Амерыку як ездзілі, дык адтуль…

— Вы былі ў Амерыцы?! А хто ў вас там?

— Там многа родзічаў, але няма ўжо Джана, Мішавага стрыечнага брата, які прыязджаў да нас. Гэта ж Мішавага бацькі брат паехаў на заробкі ў Амерыку — яшчэ ў 1911-ым годзе. Яны родам, бацька і маці, — з Дзеруцкой. Маці — Шарая, бацька — Варанько. Дык так у Амерыцы той брат і застаўся. Казалі, што хацеў прыехаць сюды, назбіраў грошай і перавёў на банк. А тут была нейкая перамена, і грошы яго прапалі. Яму не было за што прыехаць. Там, у Амерыцы, ён ажаніўся. Шасцёра дзяцей нарадзілася. Дык амерыканцы прыязджалі да нас у 1994-ым. А мы з Мішам ездзілі да іх у 1995-ым. Во ў мяне яшчэ канверты ляжаць, як лісты дасылалі. І нумар тэлефона ёсць. Толькі я цяпер званю туды, а ніхто не адказвае…

Там, на здымку, Джан, яго жонка Флорэнс і старэйшы брат, таксама Міхаіл. Яны яго Майклам звалі. Дзве дачкі Джана…

Во якая карта Амерыкі з маршрутам вычарчаным. Вось адсюль (паказвае) мы паехалі вышэй, дзе жыў той родны брат Мішавага бацькі, дзядзька майго мужа — Зміцер. Там дзве ночы начавалі. Сабраліся Джанавы дзеці, браты… Тады паехалі да дачкі Джана — Лінды, затым — да Барбары… Словам, усяго падарожнічалі па Амерыцы месяцы паўтара-два…

— Здорава! Ёсць што ўспомніць… Галіна Іванаўна, а колькі ў вас дзяцей?

— Трое. Сын Грыша, дочкі Каця і Ларыса. Унукаў сямёра, пяцёра праўнукаў.

(Працяг будзе)

Здымкі выкарыстаны з сямейнага альбома

Галіны Варанько

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *