СПРАЎДЖАНАЯ МАРА ЯЎГЕНА ВАСІЛЕЎСКАГА

Люди и судьбы

Яўгену Лявонцьевічу Васілеўскаму ў жыцці, можна сказаць, пашанцавала. Напачатку ён займеў мару — стаць вадзіцелем, а потым і ажыццявіў яе. І ўвесь час займаўся любімай справай, прычым больш за трыццаць гадоў прарабіў на адным працоўным месцы — у Чэрвеньскім аўтапарку №20.

Канешне, зараз ледзь не кожны скажа: а ў чым цяжкасць-то — вадзіцелем стаць?! Сапраўды, у наш час — не дужа складана. А справа ў тым, што нарадзіўся Яўген Васілеўскі… у 1928 годзе! І ў часы яго дзяцінства машыны былі рэдкім дзівам. Ды і ў часы юнацтва — пасля вайны — іх не дужа-то паболела. Так што прафесія вадзіцеля была тады і рэдкасцю, і рамантыкай…

Яўген Лявонцьевіч і зараз не разумее, адкуль прыйшло такое жаданне, такое захапленне тэхнікай. А тут яшчэ і старэйшы брат, які рабіў на МТС, часта прыязджаў у родную вёску Глінішча на ЗІСе. Жэня прасіўся за руль. І калі брат дазваляў, адчуваў сябе такім шчаслівым! А затым, заплюшчыўшы вочы, марыў, марыў…

Толькі шлях да ажыццяўлення мары на той час быў рэальна складаным. Аднаго жадання — стаць вадзіцелем — аказалася малавата. Першай прыступкай да гэтага ў Яўгена сталася… праца грузчыкам.

У пасляваенны час, прыгадвае, бензавозаў у сённяшнім іх выглядзе не існавала. Гаручай вадкасцю запаўнялі 200-літровыя бочкі на машыне, якія пасля трэба было накатам па дошках спускаць на зямлю. Бліжэйшыя нафтабазы — у Пухавічах альбо ў Мінску. Вось такая была праца…

А затым Яўген Васілеўскі набраўся смеласці і падышоў да дырэктара МТС (машынна-трактарнай станцыі) з просьбай, каб усё ж накіравалі вучыцца за вадзіцеля. Кемліваму юнаку пайшлі насустрач. Тры месяцы — вучоба ў Смілавічах, затым — стажыроўка ў Мінску, на інструментальным заводзе. Там Яўгена і знайшла павестка… На вайсковую службу трапіў у Ленінград.

— Гэта быў 1948-ы год, — прыгадвае Яўген Васілеўскі. — І мы сталі першай заменай франтавікам. Яшчэ і да 1948-га служылі людзі, якія прайшлі вайну. Вось зараз кажуць — у войску «дзедаўшчына». А тады паняцця такога не было і быць не магло! Як нас радасна сустракалі старэйшыя таварышы — на «студэбекерах», «фордах»…

Курс маладога байца Яўген Лявонцьевіч праходзіў там жа, у Ленінградзе. І — удасканальваў свае вадзіцельскія навыкі. Напачатку падвозіў паліва для запраўкі самалётаў. І там стараннасць юнака была заўважана. Ён стаў асабістым вадзіцелем камандзіра палка.

Час ішоў, тэхніка ўдасканальвалася. З вінт-поршневых самалётаў пераходзілі на рэактыўныя. У Савецкім Саюзе лётнае навучанне праходзілі і румыны. А каб яны лепей асвоілі лётнае майстэрства ды ваджэнне, полк, у якім служыў Яўген Васілеўскі, накіравалі ва ўрадавую камандзіроўку — у Румынію. І там кожны выконваў свае абавязкі: вадзіцель вучыў вадзіцеля, лётчык — лётчыка… А Яўген Лявонцьевіч асвойваў замежную тэрыторыю, усё гэтак жа возячы камандзіра палка. Пасля доўгай і адказнай камандзіроўкі ўсім далі па 40 сутак адпачынку.

Але перад гэтым палкоўнік прапанаваў свайму асабістаму вадзіцелю застацца на звыштэрміновую службу. Маўляў, чым займацца ў вёсцы?! А тут — перспектывы. Хлопец пагадзіўся. У агульнай складанасці ён праслужыў чатыры з паловай гады. А пасля ўсё ж зрабіў выбар на карысць мірнай працы, а не вайсковай службы. Па вяртанні на радзіму вырашыў уладкавацца ў Мінскі таксаматорны парк. Але старэйшы брат прапанаваў асвойвацца ў Чэрвені. І 60 гадоў таму Яўген Лявонцьевіч Васілеўскі пераехаў сюды.

Напачатку рабіў на бензавозе той жа МТС, якая базіравалася ў Астравах. А тады новы дырэктар, якога накіравалі сюды з трактарнага завода для ўзмацнення кадраў, запрасіў яго ў асабістыя вадзіцелі. Па словах Яўгена Васілеўскага, моцным гаспадарнікам той аказаўся. За год вывеў машынна-трактарную станцыю ў перадавыя па Мінскай вобласці. Для вадзіцеля пабудавалі фінскі домік у Астравах… І вырашыў Яўген скончыць халасцяцкае жыццё і пачаць сямейнае.

А трэба сказаць, што яшчэ падчас прыезду ў 40-дзённы адпачынак брат з жонкай пазнаёмілі яго з Праскоўяй Іосіфаўнай. З ёй Яўген Васілеўскі і стварыў сям’ю. Пабудавалі хату ў Чэрвені, жылі ў ладзе і згодзе доўгі час. Але пяць гадоў таму гаспадыня пайшла з жыцця… Распавядае пра гэта Яўген Лявонцьевіч — і голас дрыжыць, і слёзы на вочы набягаюць…

Намаганнем волі ён зноў пераходзіць да ўспамінаў аб жыцці працоўным. Пасля таго, як дырэктар МТС звольніўся, Яўген Васілеўскі папрасіўся на працу ў Чэрвеньскі аўтапарк №20. І як перайшоў туды — так і застаўся. На рознай тэхніцы яму давялося паездзіць. Напачатку прапанавалі… таксі, машыну «Победа». На той час у аўтапарку машын таксі было тры. І вось у сярэдзіне 50-х гадоў Яўген Васілеўскі апынуўся на адной з іх. Па Чэрвеню, прыгадвае, заказаў было мала. У асноўным, вазіў з Чэрвеня ў Мінск і назад. І не нашмат гэта тады было даражэй за паездку ў мяккім аўтобусе. А машын, у тым ліку і асабістых, па-ранейшаму на дарогах было нямнога…

Затым Яўген Васілеўскі сеў за руль ПАЗа. Калі больш дакладна, зваўся той ПАЗ-651. А тады спрабавалі ўзбуйняць раёны, і Чэрвеньскі далучылі да Бярэзінскага. Вазілі нашы вадзіцелі пасажыраў у Беразіно і па тамтэйшым раёне…

Слухаю Яўгена Лявонцьевіча з вялікай цікавасцю і думаю: «Вось ён, жывы сведка гістарычных падзей, станаўлення і развіцця аўтапарку…» Ды не проста сведка, а актыўны ўдзельнік, стваральнік! І як тут ні захапіцца?!

Праз пэўны час узбуйненне прызналі непрактычным. Чэрвеньскі раён зноў зрабіўся самастойным. А Яўгену Васілеўскаму па чарзе трапляліся ПАЗ-652, ПАЗ-672… Але ўсё было не тое, не таго маштабу. Не такой працы хацеў вадзіцель па прызванні. Прасіў у галоўнага інжынера аддаць яму ЛАЗ — хоць «з-пад плоту», стары. Маўляў, ён яго ўзновіць — і будзе з жаданнем вазіць пасажыраў. І вось праз паўгода — прыемная неспадзяванка! Яўгену Васілеўскаму паведамляюць, што яго чакае новы ЛАЗ — мяккі «Турыст». Толькі не ў Чэрвені. І нават не ў Мінску. А… ў Львове, на Украіне!

Дванаццаць аўтобусаў для Мінскага аблаўтатрэсту трэба было атрымаць там і прыгнаць у Беларусь. Яўгена Лявонцьевіча Васілеўскага прызначылі старшым калоны. Ён усё зрабіў як след. І жаданне вадзіць мяккі пасажырскі міжгародні аўтобус — ажыццявілася. На той час яго ўнутранае аздабленне — шторкі, падгалоўнікі і г.д. — называлі адным словам: «Супер!»

— І наколькі тады была высокая культура вадзіцеляў! — прыгадвае Яўген Лявонцьевіч. — Не мелася столькі машын, колькі зараз, затое людзі былі больш спагадлівымі і чалавечнымі. Вось стаіць на дарозе аўтобус ці грузавік… Вадзіцель, які прыязджае міма, абавязкова спыніцца і спытаецца, якую дапамогу аказаць. А цяпер узімку будзеш замярзаць, галасаваць, прасіцца — ніхто не спыніцца!

У свой час быў Яўген Лявонцьевіч і грамадскім актывістам: членам прафкама, добраахвотным памочнікам ДАІ… Прафкам стараўся абараняць інтарэсы працоўных, змякчаць дужа суровае пакаранне для вадзіцеляў. І людзі былі ўдзячны за разуменне і падтрымку. Разам з жонкай Яўген Васілеўскі гадаваў двух сыноў, якія таксама цягнуліся да тэхнікі, але вадзіцельскую прафесію ўслед за татам не абралі. Іншыя мары былі ўжо ў тагачаснай дзятвы.

Вядома, не забываюся спытацца ў Яўгена Лявонцьевіча: а ці ж мелася асабістае аўто? Атрымаўшы сцвярджальны адказ, рыхтуюся пачуць пра «Волгу», «Масквіч», «Жыгулі» ці тую ж «Победу»… Не адгадваю! Аказваецца, ГАЗ-67 — машына ваеннага прызначэння. І то, прызнаецца Яўген Васілеўскі, грошай назбіралі… толькі на матацыкл! А тады сусед пазычыў — і набылі такое аўто.

Яўген Васілеўскі з сябрам

Праз пэўны час Яўген Лявонцьевіч вырашыў яго прадаць. Бо часта пыталіся: «Што за машына?! Сам скляпаў?! Ці, мо, на ёй яшчэ… Ленін ездзіў?!» А тут і пакупнік знайшоўся. Толькі калі дома сказаў аб продажы, малыя сыны — у слёзы… А тата — угаворваць: «Дык, мо, ямчэйшую купім…» Але як пайшоў даведвацца, пачуў, што і на «Масквічы» — чарга вялікая. Нерэальна атрымаць у бліжэйшыя гады. Прыйшоў дахаты: «Не плачце, сыны! Машыну — не прадаю…»

А тады з дапамогай слесараў Яўген Васілеўскі перарабіў свой ГАЗ-67 у ГАЗ-69. Рамы пераварылі, дэталі замянілі, тэнт новы нацягнулі, у Жодзіна пафарбавалі… Праблемы з ДАІ ўрэгулявалі з сябрам, які меў машыну з такімі ж пераробкамі, у вышэйшых інстанцыях — і легендарнае аўто Яўгена Васілеўскага служыла яму верай і праўдаю… гадоў 35!

— Ды я яго яшчэ толькі два ці тры гады таму прадаў! — яшчэ больш здзіўляе гаспадар. — Во сын аддаў свайго «Масквіча»…

А ў гэты панядзелак шаноўнаму Яўгену Лявонцьевічу Васілеўскаму споўнілася, між іншым, 85! Сынам з жонкамі і чатыром унукам выпала сабрацца крыху зараней — адсвяткавалі ў суботу. Вельмі задаволеным застаўся юбіляр. Ну, а ў панядзелак яго тэлефон практычна не змаўкаў.

Прыйшоў павіншаваць і сябар, калега Іван Яфімавіч Бажко (на здымку).

— Мы шмат працавалі разам, — зазначыў госць. — Я сюды з Маладзечна за жонкай прыехаў. Тут — з 1965 года. Ледзь не паўстагоддзя з Яўгенам знаёмыя! І сябруем. Калі ён рабіў у аўтапарку, дык выступаў за праўду, хварэў за людзей, заступаўся за калег. З ім заўсёды прыемна сустракацца. Вось мне — 76 гадоў. І нашы дні нараджэння святкуем з Яўгенам Лявонцьевічам разам: мой — у лютым, яго — у жніўні. І нават калі позна прыязджалі з рэйсаў, заўсёды чакалі адзін аднаго да святочнага стала. Нялёгкае жыццё пражыў Яўген. 85 гадоў! Ён — Заслужаны вадзіцель. Шчыра жадаю яму здароўя. І — пражыць столькі, колькі адмерана…

Сардэчныя словы прагучалі і з вуснаў начальніка грузавой калоны аўтапарка №20, колішняй старшыні прафкама, ініцыятаркі гэтага аповеду Галіны Мікалаеўны Гантарэнка:

— Яўген Лявонцьевіч Васілеўскі — наш ветэран працы, адзін са старэйшых работнікаў, паважаны ў калектыве чалавек. У свой час быў брыгадзірам аўтобуснай калоны. Як член прафкама вельмі актыўны, заўсёды падтрымліваў і падтрымлівае — і ў радасці, і ў горы. Калі ездзіў на міжгароднім аўтобусе, дык ад пасажыраў атрымліваў толькі падзякі! На Дошцы Гонару быў. Цудоўны гаспадар, добрай душы чалавек. Няхай Бог дае здароўя яму і яго сям’і!

— Я жыву адзін, але — не адзінокі, — зазначае Яўген Лявонцьевіч. — Сыны, нявесткі, унукі — цудоўныя! Прыязджаюць, дапамагаюць, глядзяць… Сябар прыходзіць. У аўтапарк на святы запрашаюць…

Застаецца дадаць, што шаноўны Яўген Лявонцьевіч Васілеўскі — наш даўні сябра-падпісчык. І ў 85 гадоў з нецярплівасцю чакае «раёнку», чытае ўсе мясцовыя навіны.

— Я без «раёнкі», — прызнаецца, — жыць не магу!

 

Шчыра дзякуем Вам, шаноўны Яўген Лявонцьевіч, за вернасць газеце! З юбілеем Вас! Здароўя моцнага, дабрабыту і даўгалецця, бадзёрасці і аптымізму. І няхай Ваш тэлефон не змаўкае не толькі ў святы, але і ў будні, а ў жыцці будзе пабольш прыемных момантаў і навінаў!

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *