Сям’я — дзесяць «я»

Люди и судьбы

…Адыходзячы год, пачакай!… Ты быў Годам гасцёўнасці, што дало мне магчымасць пазнаёміцца і пазнаёміць чытачоў з цудоўнымі, добразычлівымі людзьмі, згадваючы якіх, адчуваеш, як цяплей і лагодней становіцца на сэрцы. Дзякуй табе за гэта! Але дай мне яшчэ крышачку часу, каб паспець распавесці пра яшчэ адно выдатнае сямейства, тым больш, што як мага дарэчы расповед будзе падчас надыходзячага году Авечкі. Бо калі верыць, што гэта кучаравая істота прыносіць шчасце, дык тут, на ўскрайку Валевачоў, у дыхтоўным і ўтульным двухпавярховым доме, шчасця на кожнага з дзесяці членаў дружнай сям»і прыходзіцца па некалькі «адзінак» на чалавека!

У гэтыя хвіліны ў Арлоўскіх, як, прынамсі, і ў кожнай сям»і, перадсвяточная вясёлая мітусня. Хіба што, мо, крыху больш мітусні! Бо і сама сям»я — не сказаць, каб надта звычайная. Сапраўды, ці часта вы бачыце, каб у адным доме жылі дзесяць чалавек?! У гаспадароў, Іны і Уладзіміра, пяцёра дзяцей. Двое сыноў прыязджаюць з вучобы на выхадныя, святы і канікулы, астатнія жывуць з бацькамі пастаянна. Дадайце сюды зяця і двух унукаў — вось вам і «сям»я — дзесяць я». Да таго ж, з гэтых дзесяці сямёра — мужчыны, таму стол у Арлоўскіх і ў звычайныя дні сур»ёзны, мужчынскі, «каб добра пад»есці». Ну, а ў святы на кухні кожнаму знойдзецца работа: хто бутэрброды канструіруе, хто салаты крышыць, хто за выпечку адказны, хто за рыбцоў на патэльні. Гападыня клапоціцца пра печанага гуся, над якім завіхалася яшчэ з учарашняга надвячорку. Гаспадар шчыруе над вялікай каструляй бульбы — вырабляе найсмачнейшае пюрэ. Адмысловая «работа» ў меньшых: чатырохгадовы Юрась і шасцігадовы Ваня абавязаны падаць што-небудь, калі спатрэбіцца, а галоўная задача — не перашкаджаць. Хіба што двухгадовы Міша нічым асабліва не загружаны: ён маўкліва і цікаўна назірае за працэсам, кантралюе кошку, цукеркі, а пасярод дня, нягледзячы на ўсе намаганні захоўваць бадзёрасць і нічога не прапусціць, пазяхнуў колькі разоў ды і заснуў!

…Нягледзячы на тое, што людзей у хаце шмат, усім хапае і месца, і заняткаў, а галоўнае — часу на ўвагу адзін да аднаго. Сярод простых, спагадлівых, сціплых, вясёлых і добразычлівых Арлоўскіх усяго некалькіх хвілін хапае, каб адчуць сябе, нібы  дома, нават, калі зайшоў у іх хату ўпершыню. Кожны з іх быццам часцінку свайго асабістага месца ў сэрцы выслабаняе, каб аддаць госцю. Яны і адзін з адным такія: у поглядах заўджы прысутнічае добразычлівая ўвага, нібы яны думкамі перагаворваюцца: «Што мне дзеля цябе зрабіць, каб табе было добра?» Хутчэй за ўсё, у гэтым і ёсць сакрэт-не сакрэт, ну, скажам, формула сямейнага дабрабыту: паважаць астатніх і клапаціцца пра іх, заўжды захоўваючы пры гэтым спакой і сардэчную ўсмешку. Ах, ды яшчэ ж і авечкі! Як хто верыць — канешне ж, і яны дадаюць дабрабыту і шчасця! Хоць і патрабуюць шмат аддачы ў выглядзе штодзённай не вельмі чысцюткай працы!..

Перад тым, як прадставіць вам, чытачы, усіх па парадку, хочацца адзначыць адну цікавую акалічнасць, альбо ўжо нават традыцыю, гэтай сям»і. У Арлоўскіх прынята называць дзяцей, як і бацькоў! Такім чынам, сярод дзяцей Іны і Уладзіміра ёсць таксама і Іна, і Уладзімір. У старэйшай дачкі Анны і яе мужа Юры таксама ёсць сын Юра. Мабыць, вельмі ім хочацца гаварыць і гаварыць любімыя імёны, бачыць працяг свайго кахання ў тых, хто ад яго нарадзіўся і нясе ў сабе такія родныя, такія любімыя рысы!…

А яшчэ ў гэтай сям»і нікога, нават самых малых, не называюць Мішка альбо Ванька, Інка ці Анька. Усе імёны вымаўляюць як мага больш ласкава, і гэта гучыць, як нягромкая, але самая прыгожая сардэчная музыка: Іначка, Ільюша, Ванюша, Юрасік…

Аднак давайце ж, нарэшце, прадстаўлю іх усіх, бо магчыма, вы яшчэ блытаецеся ў імёнах і ва  ўзростах!  Гаспадар  дома — Уладзімір АРЛОЎСКІ,  гаспадыня Інна АРЛОЎСКАЯ, жыхары Валевачоў, бацькі пяцярых дзяцей. На вёсцы людзі вядомыя: раней працавалі ў гаспадарцы, па адукацыі абодва заатэхнікі. Зараз яна — сакратаром у сельсавеце, ён старажуе ў школе. Старэйшай дачцы Ані — дваццаць шэсць, яна замужам, атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў педуніверсітэце. Зараз у дакрэтным адпачынку, гадуе двух дзетак. Бацькі кажуць пра Аню, што яна свой першы дыплом атрымала больш за дваццаць гадоў таму!

«Мы з Вовам пажаніліся, як вучыліся, — распавядае Іна-матуля. — Абодва жылі тады ў Гродне, былі студэнтамі тамашняга сельгасінстытута. Анечка ў нас нарадзілася на другім курсе. З ёй я дыплом хадзіла атрымлівать. У дэканаце так і сказалі: ты ж глядзі, Аню вазьмі на ўручэнне дыплому! Я ёй спецыяльна да гэтага дня сукеначку набыла. А як той дыплом мне давалі, так і Анечку павіншавалі, сказалі, што ў яе ўжо «няскончаная вышэйшая адукацыя”!»

Сыну Уладзіміру дваццаць тры. Татаў цёзка, ён і стараннасцю, і спакойнай працавітасцю пайшоў у бацьку. Працуе ў Мінску электраманцёрам, завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. Часта наведваецца дадому, толькі падчас сесіі крыху заседжваецца ў сталіцы. Сярэдні сын Іллюша — таксама студэнт. Як бачым, іх у Арлоўскіх багата. Бо ўсім сваім дзецям бацька з матуляй раяць, нягледзячы на сумненні і не надта якую забяспечанасць (усё ж такі вывучы чацвярых! Дармо хоць, што меньшаму яшчэ далёка да студэнцтва!) — вучыцца, атрымліваць вышэйшую адукацыю. Нікому яна яшчэ не перашкодзіла, а калі і кажуць, быццам у наш час гэта не вельмі неабходна пры патрэбе зарабіць грошы — дык ці мала што кажуць, а слухаць трэба бацькоў!..

Іначка-малодшая — адзінаццацікласніца, заканчвае Валевачоўскую школу. Уся сям»я безвынікова спрабуе сачыць за планамі Іначкі на паступленне ў навучальную ўстанову пасля школы. Спачатку быў адзін план, потым другі, так што нават пільны і ўважлівы малодшы брат Ваня не ўцяміў пакуль што: «Іначка, дык на каго ты збіраешся вучыцца?» Сама Іначка лічыць, што час да лета яшчэ ёсць, каб канчаткова вызначыцца, ды і прафесію, нарэшце, амаль ужо абрала. Але тайну пакуль што выдаваць не будзем — дзявочае сэрца зменлівае: ці мала што!..

Малодшы з дзяцей Арлоўскіх — шасцігадовы Ванечка. Нарадзіўся ён, калі тата з мамай ужо паціху задумваліся, як старэйшую Аню замуж выдаваць.  Здавалася б, ужо ўсё ёсць, каб крыху супакоіцца: і хата, і гаспадарка, і дзеці падгадаваныя, і ўзрост «недзіцячы», пад сорак. Але ж не! Усё было, а Вані не было! І ў сорак Арлоўскія зноў вярнуліся на дзесяць ці дваццаць годоў у маладосць, да пялюшак-гаршкоў, памперсаў-калыханак, заадно падараваўшы дачушкам неацэнны вучэбна-практычны курс па дапамозе ў доглядзе маленькага дзіцяці!.. Зараз Ванюша Арлоўскі — першакласнік. Сучасная адукацыя такая, што бацькі толькі здзіўляюцца: у той час, калі самі былі вучнямі, дык буквар лездь не цэлы год асвойвалі, а зараз малодшы сынок толькі пару месяцаў павучыўся — і ўжо дыктоўкі піша! Прагрэс!..

Нягледзячы на зусім юны ўзрост, Ванюша ўжо двойчы дзядзя: у яго ёсць два пляменнікі, чатырохгадовы Юрасік і двухгадовы Міша. Гэта сыночкі старэйшай дачкі Арлоўскіх, Анечкі. Разам з мужам Юрам і дзеткамі яны жывуць у бацькоўскай хаце. У першыя год-два Ванюша часта рабіў «выгавар» Юрасіку: «Які я табе «Ваня»?! Я табе дзядзя, зразумеў? Так і кліч!» Але імкненне гуляць разам, агульныя цацкі і дзвюх’ярусны ложак у адным пакоі паступова згладзілі розніцу на іерархіснай сямейнай лесвіцы, Юрасік падрос і стаў найлепшым сябрам Ванюшы, а вядома ж, што сябар — гэта хутчэй што брат, а не пляменнік. І зараз Ваня нават маленькаму Мішаньцы дазваляе зваць сябе проста «Ваня», хоць Мішу лягчэй вымавіць «дзядзя», чым «Ваня».     Зяць Юра, калі даведаўся, што першага сына, каб падтрымаць традыцыю Арлоўскіх, плануецца назваць таксама Юрам, спачатку крыху здзівіўся. Але ж згадзіўся, бо што тут, праўду мовіць, дрэннага? Нават прыемна, што жонка яшчэ аднаго Юрася будзе побач мець!..

Самага меньшага, Мішу, часта параўноўваюць з дзедам, Уладзімірам. На першы погляд, няшмат падобнага паміж светлавалосенькім і танюткім маўклівым Мішаткам і гаваркім, высокім, дародным дзедам Вовам, які, прынамсі, зусім яшчэ і не падобны на дзеда. Але ўсе ў адзін голас сцвяржаюць супрацьлеглае: і характар, і позірк, і ўсмешка, і выраз твару, нават постаць і манера трымацца ў двухгадовага Мішы — усё дзедава! А Міша і не супраць: залезе да дзеда на калені, прытуліцца — вось і згода, вось і падабенства!..

Аднак, каб усе сядзелі так адзін у аднаго на каленцах ды только размаўлялі ды пасміхаліся адно аднаму — дык толку было б мала. У вёсцы, на зямлі, маючы сваю хату, каб добра жыць, трэба працаваць. І Арлоўскія працуюць. Непадрыхтаванага гараджаніна адзін толькі пералік іх гаспадаркі можа збянтэжыць, ды і забудзешся адразу з непрывычкі. А вось у Арлоўскіх нават чатырохгадовы Юрасік ведае усіх жывёл, што жывуць па дабротных хлявах, сараях ды на падвор»і. Пералічвае: карова Малышка, свінні, качкі, індыкі, кролікі, гусі, куры, пыляняты, чатыры сабакі, каты (здаецца, восем!). «Таксама у нас ёсць цялушка Анабэль, гэта я сам яе так назваў, з мульціка!» — з гонарам заканчвае сваю справаздачу Юрасік. За ім інфармацыі дадае Ванюша: «Яшчэ ў нас адна кошка — любіміца, яна завецца Клёпа. Мы яе ўзялі жыць у хаце, і яна на кухні з падваконніка ўсе гаршкі з-пад кветак пабіла. Але мы яе не наказвалі!» — ўсміхаецца хлопчык. «А зараз я вам ягня прынясу з аўчарні. Якое браць — што сёння нарадзілася, ці тое, што раней?..» — і ён, накінуўшы куртку, імкліва выбягае з хаты.

Ваня аднолькава любоўна ставіцца да ўсіх жывёл у сваёй вялікай сямейнай гаспадарцы, але яго «залатая» мара — конь. Купіць каня — вось на якую мэту адкладвае ён усе грошы, што дастаюцца калі-нікалі ад дарослых на цукерачкі ды іншыя забаўкі. Хлопчык добра ведае, што на кані  рабіць: «Можна араць, можна запрагаць, можна вярхом ездзіць, альбо ў санках!» Усім сямействам дапамагаюць Арлоўскія Ванюшу збіраць сродкі на яго мару. Нетанная яна, і мо не адзін яшчэ год прыйдзецца быць пазбаўленым карманных расходаў. Але Ваня, як і ўсе Арлоўскія, такі спакойна-ўпэўнены чалавек, што адразу відаць: са свайго не схіснецца, рана ці позна будзе ў яго свой конь.

Ёсць у Арлоўскіх і іншыя мары: Анна і Юра-старэйшы мяркуюць пабудаваць сваю хату. «Вельмі добра з бацькамі. І весялей, і дапамога, ды і прызвычаіліся мы… — зазначае Анечка. — Але ж кожнай сям»і, на мой погляд, хочацца асабістае жыллё, хіба не так? Ды і тату з мамай ўсё ж з намі дадатковыя турботы… Вось  мы з Юрам і ўзялі ў Карпілаўцы ўчастак, пачалі дакументы афармляць на будоўлю. Але нешта так усё марудна… Мо, хоць на наступны год нешта пойдзе хутчэй. Калі-небудзь запросім, спадзяюся, усю сваю сям»ю і да сябе ў госці! Хоць, прызнаюся, мала я бачыла такіх гасцёўных хат, як гэта, бацькоўская. Усе мае сяброўкі, пабыўшы ў нас, потым гавораць, што нібы у сябе саміх дома пабывалі, і едуць да нас з задавальненнем зноў і зноў, бо адчуваюць сябе лёгка і хораша!»

Бацькі-Арлоўскія, Іна і Уладзімір, мараць, каб іх меньшы сыночак, Ванюша, стаў урачом. «Здароўя з гадамі, як ні беражыся, не прыбаўляецца, — разважае гаспадар. — Пакуль Ванюша вырасце ды вывучыцца, дык  нам асабісты доктар не пашкодзіць! А акрамя яго, надзеі больш ні на каго няма: з усіх астатніх адны сельскагаспадарчыя спецыялісты ды настаўнікі атрымліваюцца!..»

…Выходзім на двор. Ванюша выносіць ягня. Якое яно прыгожанькае, трапяткое, безабароннае! Калі гэта і ёсць сімвал надыходзячага года — то безумоўна, прынясе только ўсё самае лепшае, лагоднае, добрае і шчырае. Бо інакш проста немагчыма. Бегаюць вакол нас і большыя авечкі. Яны, мабыць, павінны прынесці цяпло, аптымізм і спакой. Бо што б ні рабілася паміж невялікім статкам, а ўжываюцца усе паміж сабою мірна і ніякіх асаблівых канфліктаў ні адна не ўчыніць.

 

…Вось і выканана мая просьба да адыходзячага года: мне ўсё ж удалося паспець амаль перад боем курантаў распавесці вам пра цудоўную сям»ю, у якой ёсць так шмат сімвалаў года наступнага, а таксама так шмат дабрыні, спагадлівасці, дабразычлівасці, сардэчнага цяпла, любові да блізкіх, наогул, да усіх людзей і ўсяго жывога, што здаецца, хопіць на нас усіх! Няхай бы было так… А пажадаць гэтай сям»і хочацца проста заставацца такімі ж, як зараз; дзеткам — гадавацца, дарослым — не здавацца, усім быць здаровымі, і нават,  калі вырасце і вывучыцца на доктара Ванюша, не вельмі часта мець падставу турбаваць яго зваротамі. Ну, хіба што на кані ўсіх разам пакатаць, ці за святочным сталом традыцыйных сямейных пачастункаў адведаць! Як вось зараз, калі ўсе з усмешкамі віншуюць адзін аднаго: «З Новым Годам!»

 

 

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *