Футбол: чэрвеньскі «Колас» перамог у гасцях «Кронан» са Стоўбцаў

Актуальное Спорт

Чым бліжэй да заканчэння фінальнага этапу чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі ў дывізіёне «Мінская вобласць», тым вастрэй барацьба за месца ў тройцы мацнейшых. Чарговы сапернік «Коласа», стаўбцоўскі «Кронан», перад нядзельным матчам ужо не меў шанцаў на пападанне ў гэтую самую тройку, а чэрвеньцам тры ачкі былі патрэбныя, як паветра.

 

Першыя хвілін дзесяць пасля стартавага свістка прайшлі ў роўнай барацьбе. А потым гульнявай ініцыятывай завалодалі гаспадары поля. У нашых ніяк не атрымліваўся пераход у атаку. Добра, што ў абароне абышлося без грубых памылак.

Другі тайм сустрэчы быў зусім непадобным на першы. Ігракі «Коласа» ад самага яго пачатку наладзілі аблогу варот «Кронана». Гол наспяваў.

На 60-й хвіліне левы абаронца Уладзіслаў Рубін у чарговы раз падключыўся да атакі, прайшоў да самай ліцавой лініі і зрабіў падачу ў штрафную на Мікіту Шугункова. Удар нашага нападаючага адбіў галкіпер, затым мяч ад іграка гаспадароў поля адскочыў да Віталя Шадуркі, які скіраваў яго ў вароты – 1:0.

Другую галявую атаку «Коласа» пачаў цэнтральны абаронца Раман Вінцукоўскі. Ён зрабіў доўгі навес ў раён штрафной пляцоўкі, мяч прыняў Мікіта Шугункоў, адпасаваў на Яўгена Елязаранку, той зрабіў перадачу Чыжэўскаму, і Максім падвоіў лік.

Пераможную кропку ў гульні паставіў галоўны трэнер чэрвеньцаў Дзяніс Трапашка. Ён, як і Максім Чыжэўскі, выйшаў на замену і ўжо праз тры хвіліны, скарыстаўшы пас Яўгена Елязаранкі, прымусіў капітуляваць галкіпера «Кронана».

Поспех ў Стоўбцах умацаваў шанцы «Коласа» на выхад у наступны этап чэмпіянату. Нашы вярнулі сабе трэцяе месца ў турнірнай табліцы. У выпадку сённяшняй перамогі над капыльскай «Бабоўняй» яны датэрмінова заваююць пуцёўку ў фінальны раўнд лігі. Гульня адбудзецца ў Чэрвені і пачнецца ў 17 гадзін.

Акрамя таго, «Колас» застаецца ў барацьбе за залатыя медалі чэмпіянату вобласці. Для таго, каб заняць першае месца ў турнірнай табліцы, нашым трэба не толькі выйграць у «Бабоўні», але і праз тыдзень перамагчы ў Салігорску «Партызан». На сваім полі яны гэта ўжо рабілі. Змогуць паўтарыць?

 Ігар АДАМОВІЧ

“Кронан” (Стоўбцы) – “Колас” (Чэрвень) – 0:3.
10 верасня. Стоўбцы. Стадыён “Юнацтва”. 100 гледачоў.
“Колас”: Андрэенка, Рубін (Музычэнка, 80), Івашкін, Вінцукоўскі, Грыб (Весялоў, 80), Асіпенка (Чысты, 80), Герасёў (Чыжэўскі, 64), Паляшчук, Шадурка (Васюк, 80), Елязаранка, Шугункоў (Трапашка, 76).
Галы ў «Коласа»: Шадурка (60), Чыжэўскі (73), Трапашка (79).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *