СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” першым на Чэрвеньшчыне завяршыў жніво

Аграрный сектор Актуальное

Гаспадаркі Чэрвеньшчыны завяршаюць абмалот  зерневых і зернебабовых культур.  Першымі скончылі гэты від работ хлебаробы сельскагаспадарчага вытворчага філіяла «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон».

Нягледзячы на неспрыяльныя для выспявання збажыны ўмовы надвор’я, у гаспадарцы сёлета сабралі ў сярэднім па 35 цэнтнераў зерня з гектара і ўтрымаюць лідарства ў раёне па ўраджайнасці.

– Вынікі жніва можна ацэньваць па-рознаму, – кажа галоўны аграном СВФ «Аграбуд» Леанард Мельнік. – Гэта залежыць ад таго, пад якім вуглом іх разглядаць. Так, з-за засухі мы недаатрымалі каля трэці валавага збору зерня ў параўнанні з мінулым годам. Разлічвалі на сярэднюю ўраджайнасць 45-50 цэнтнераў з гектара, і пад яе ўносілі мінеральныя ўгнаенні. Можна сказаць, што згубілі на выдатках, але, з іншага боку, без гэтых выдаткаў мы б не мелі і таго, што маем. А так атрыманага ўраджаю дастаткова, каб выканаць дзяржзаказ і цалкам забяспечыць патрэбы жывёлагадоўлі ў сыравіне для вырабу камбікорму.

Парадавала нас сёлета жыта: 53 цэнтнера з гектара. Засуха на яго амаль не паўплывала. Сакрэт тут просты: сеялі гібрыдным насеннем. Яно хаця і нятаннае, але выдаткі акупляюцца…

Неблагі ўраджай дазволіў мясцовым хлебаробам, як і ў папярэднія гады, задаваць тон у раённым спаборніцтве на жніве. Традыцыйна першым на Чэрвеньшчыне перасягнуў тысячны рубеж намалоту збожжа камбайнер Андрэй Пятруша. Сёлета неаднаразовы пераможца не толькі раённага, але таксама абласнога і рэспубліканскага спаборніцтваў працаваў на ўборцы ўраджаю з новым памочнікам – зяцем Андрэем Конанам. З адментным дасягненнем іх павіншаваў старшыня райвыканкама Уладзімір Навіцкі. Шчырыя віншаванні і падарункі Андрэй Пятруша і Андрэй Конан таксама атрымалі ад старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольгі Коцінай і членаў раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын на чале з яе старшынёй Лідзіяй Шчацінка. Для хлебаробаў спявалі артысты народнага ансамбля народнай песні «Вербніца» раённага Цэнтра культуры і адпачынку…

Шчырымі словамі, падарункамі і песнямі віншавалі першы на Чэрвеньшчыне экіпаж камбайнераў-тысячнікаў у складзе Андрэя Пятрушы і Андрэя Конана

– Зяць – дзявяты па ліку памочнік у мяне за пятнаццаць сезонаў працы ў гаспадарцы на камбайне, – усміхаецца Андрэй Пятруша. – Свае дык амаль усе гэтага хлеба паспыталі: сын, брат жонкі, дачка… Палеткі сёлета розныя па ўраджайнасці: дзе пясок – засушыла, а дзе ніжэй – дык і няблагія намалоты. Так што недарэмна стараліся: угнаенні ўносілі, падкормлівалі, хімпраполкі праводзілі. Як кажуць, дай зямельцы, і яна табе дасць.

Для мінчаніна Андрэя Конана гэтае жніво – першае ў жыцці. Сёлета ён – памочнік камбайнера замест жонкі. Андрэй працуе на адным са сталічных прадпрыемстваў аператарам станкоў з праграмным кіраваннем, але адмыслова ўзяў адпачынак, каб дапамагчы ўбіраць ураджай.

– Той год я да Карыны ў вёску прыязджаў на выхадныя, а зараз – яна да мяне, – усміхаецца Андрэй.

Пра перспектывы пераехаць у Грабёнку і працаваць у гаспадарцы малады чалавек кажа:

– Калі будзе магчымасць добра зарабляць, то чаму б і не?.. 

На гэтым тыдні тысячнікамі сталі яшчэ два экіпажы зернеўборачных камбайнаў “Аграбуда” – Юрый Жарабцоў з памочнікам Станіславам Анціфеевым і яго сын Андрэй з памочнікам Пятром Дрэйманісам.

Юрый пятнаццаць сезонаў адшчыраваў на “Доне-1500Б”. За гэты час неаднойчы перамагаў у раённым спаборніцтве на жніве, быў прызёрам і ў вобласці. Летась ён перадаў “Дон” сыну, а сам перасеў на амаль новы “КЗС-1624”. Андрэй, як і бацька, беражліва ставіцца да тэхнікі: ярка-зялёны карабель хлебнай нівы, нягледзячы на шаноўны ўзрост, працягвае надзейна працаваць у полі…

Юрый Жарабцоў, Леанард Мельнік і Станіслаў Анціфееў.

Больш за тысячу тон збожжа перавёз ад камбайнаў вадзіцель гаспадаркі Уладзімір Бандаровіч. Яго “МАЗ” з аранжавай кабінай бачны ў полі здалёк.

– Маё першае жніво было роўна сорак гадоў таму, – распавядае Уладзімір. – Некалі працаваў на “ГАЗ-52”, “ГАЗ-53”, “ЗІЛе”. Гэтай маёй машыне ўжо 18 гадоў, але яшчэ нічога, бегае. Колькі мы з ёй перавезлі зерня, кармоў, угнаенняў!..

Уладзімір Бандаровіч.

Яшчэ адзін жніўны сезон “Аграбуда” становіцца гісторыяй. Пройдзе зусім няшмат часу, і ў старанна падрыхтаваную земляробамі глебу пакладзецца насенне азімых зерневых культур. Няхай падмурак новага ўраджаю будзе трывалым, а надзеі на ўмалотны колас спраўдзяцца!

 Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *