Іван Васільевіч не мяняе прафесію

Аграрный сектор

Сорак чатыры гады аддаў сельскай гаспадарцы Іван Нупрэйчык. Аграном па адукацыі, ён паспеў папрацаваць у гаспадарках раёна не толькі галоўным спецыялістам, але і намеснікам кіраўніка, кіраўніком. У прыватнасці, узначальваў саўгас “Горкі”.

 

Начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарчу Надзея Ладуцька і начальнік участка «Ляды» ААТ «Чэрвеньскі райаграсэрвіс» Іван Нупрэйчык ацэньваюць якасць ворыва на палетку ля вёскі Марыямпаль

Два гады таму Іван Васільевіч выйшаў на заслужаны адпачынак. Але сёлета зноў аказаўся запатрабаваным у сваёй прафесіі. Не так даўно яму прапанавалі пасаду начальніка вытворчага ўчастка “Ляды” ААТ “Чэрвеньскі райаграсэрвіс”, які ўтварыўся сёлета пасля далучэння да гаспадаркі ААТ “Лядзенскі”.

З першых дзён вяртання на працу вопытны спецыяліст акунуўся ў вір штодзённых клопатаў. Гэтымі днямі важнейшы з іх – сяўба азімых зерневых культур.

Механізатар Мікалай Забайловіч працуе на ворыве глебы пад сяўбу азімых

Мы сустрэліся з Іванам Нупрэйчыкам наскрайку вёскі Рэчкі, дзе механізатар Віктар Самахвал дасяваў апошні на тэрыторыі вытворчага ўчастка “Ляды” палетак азімай пшаніцы. Трактар з пасяўным агрэгатам цяжка было разгледзець у густым воблаку пылу.

– Во, суш якая стаіць, – незадаволена пагойдвае галавою мой субяседнік. – А што зробіш? Сеяць трэба: інакш шанцаў укласціся ў спрыяльныя агратэхнічныя тэрміны не будзе.

Зямлі тут шмат: лічыце, да райаграсэрвісу яшчэ адну такую ж гаспадарку па плошчы далучылі. А тэхнікі з цяжкасцю хапае нават пры “падмацаванні”, якое ўчастак атрымлівае з “цэнтра”.

Па 35-40 гектараў у дзень засявае азімымі зерневымі культурамі механізатар Віктар Самахвал

– Кажуць, што зерневыя на лядзенскіх землях слаба родзяць, бо глеба тут не дужа ўрадлівая. Сапраўды так? – цікаўлюся ў Івана Нупрэйчыка.

– Як аграном, я не магу сказаць пра зямлю, што яна дрэнная, – заўважае ён. – Іншая справа, што яна недагледжаная: палеткі пазарасталі пырнікам. Таму на асобных палях, што адведзены пад азімыя, мы пачалі ўносіць гліфасаты. Але навесці парадак на ўсіх землях – не аднаго года справа.

 

Ну і, натуральна, каб атрымаць годны ўраджай трэба ў дастатку заправіць глебу мінеральнымі ўгнаеннямі, што мы зараз і робім…

Восеньская пасяўная на вытворчым участку “Ляды” набірае хаду. Пакуль ля вёскі Рэчкі ў сераду дасявалі пшаніцу, ля вёскі Марыямпаль ужо рыхтавалі глебу пад жыта.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



1 комментарий по теме “Іван Васільевіч не мяняе прафесію

  1. Если профессия по душе, зачем ее менять

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *