У аграгарадку «Валевачы» Чэрвеньскага раёна адкрылі адрамантаваны дзіцячы садок

Актуальное Общество

Падзяліць радасць гэтай падзеі з калектывам дашкольнай установы, сарака пяццю яе выхаванцамі і іх бацькамі прыехаў на ўрачыстасць старшыня райвыканкама Віталь Казлоў.

 

Пасля традыцыйнага пераразання чырвонай стужкі на ўваходзе ў будынак загадчыца садка Ксенія Кулікоўская на правах гаспадыні запрасіла кіраўніка раёна агледзець абноўленыя памяшканні. Віталь Казлоў застаўся задаволены ўбачаным і прапанаваў прадоўжыць практыку комплекснага рамонту дзіцячых дашкольных устаноў на Чэрвеньшчыне. 

– Так сталася, што пры  стварэнні ў Валевачах аграгарадка дзіцячы садок чамусьці абмінулі ўвагай, – распавяла “Раённаму весніку” начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Змачынская. – Грунтоўнага рамонту тут не было з мінулага стагоддзя. Сёлета нашу прапанову прывесці будынак у парадак падтрымаў старшыня райвыканкама. На рамонтныя работы вымеркавалі бюджэтныя грошы. Гэта дало магчымасць абнавіць дах і фасад, столь і падлогу, прыгожа расфарбаваць сцены ў памяшканнях. Таксама абсталявалі сучасныя санвузлы ў групах, санвузел для работнікаў, кабінет загадчыцы, адрамантавалі харчблок, выклалі дарожкі ў двары тратуарнай пліткай.

Пераважную большасць рамонтных работ акуратна, якасна, з душою выканаў прыватны прадпрымальнік Аляксандр Валчок. Электраабсталяваннем займаўся прыватны прадпрымальнік Андрэй Шумко.

Шмат дапамаглі, асабліва ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, рыбгас “Волма” і ААТ “Валевачы”. Раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын набыла для садка мыйку і бойлер. Не засталіся ў баку мясцовыя прадпрымальнікі і, вядома ж, работнікі садка. Шчыры дзякуй усім, хто спрычыніўся да рамонту. Разам мы зрабілі ўсё, каб дзецям тут было камфортна і ўтульна.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *