Чэрвеньскі “Колас” выйграў Кубак Мінскай вобласці па футболу

Актуальное Спорт

Фінальны кубкавы матч з нецярплівасцю чакалі ў Чэрвені. Па-першае, гульня такога ўзроўню праводзілася ў нашым горадзе ўпершыню ў сучаснай гісторыі. А па-другое, у розыгрышы галоўнага ганаровага трафею сталічнага рэгіёну ўдзельнічаў чэрвеньскі “Колас”.

Шлях нашай каманды да пятнічнай сустрэчы з “Маладзечна” быў няпростым. Адносна лёгка ўдалося “прайсці” толькі “Старыя Дарогі” ў 1/8 фіналу (3:3 – на выездзе, 4:0 – дома). У паўфінал удалося трапіць па суме двух матчаў, дзякуючы хатняй перамозе над салігорскім “Партызанам” – 2:0 і мячу, забітаму на чужым полі (1:3). А потым быў цяжкі двубой з “Капылём”: перамога ў гасцях – 4:2, паражэнне у Чэрвені – 1:2 і выхад у фінал зноў жа па суме двух матчаў – 5:4.

“Маладзечна” ж, наадварот, катком прайшлося па сваіх саперніках: абыграла вілейскую “Вілію” з агульным лікам 10:1, дзяржынскае “Адзінства” – 5:0 і “Смалявічы” – 15:0.

Варта сказаць, што да фіналу “Колас” панёс немалыя страты: напярэдадні зрабілі аперацыю галкіперу Аляксандру Курыловічу, траўму атрымаў паўабаронца Дзмітрый Чысты, з-за чырвонай карткі ў хатнім матчы з “Капылём” застаўся па-за гульнёй нападаючы Аляксандр Мрынскі. Але, дзякуй Богу, састаў у нашай каманды падабраўся такі, што годна супрацьстаяць “Маладзечна” знайшлося каму.

Чэрвеньцы ішлі на футбол, як на свята: у добрым настроі, са сцягамі і банерамі. Аднак літаральна за дзесяць хвілін да пачатку гульні на горад абрынуўся лівень. Балельшчыкам давялося хавацца пад парасонамі. Пад акампанемент дажджу прайшла большая палова матча.

Лік у сустрэчы мог быць адкрыты за тры хвіліны да перапынку, калі абаронца гасцей Сямён Хаткевіч парушыў правілы ў штрафной пляцоўцы супраць нападаючага чэрвеньцаў Дзяніса Трапашкі, атрымаў другое папярэджанне ў гульні і быў выдалены з поля, а ў вароты “Маладзечна” прызначылі пенальці. Аднак Яўген Смаль патрапіў з “кропкі” проста ў рукі галкіперу.

Асноўны час сустрэчы завяршыўся ўнічыю – 0:0, і, паводле рэгламенту спаборніцтваў, былі прызначаныя два дадатковыя таймы па пятнаццаць хвілін. Праз дзве хвіліны пасля пачатку першага з іх Ілля Казлоўскі магутным дальнім ударам скіраваў мяч у вароты “Маладзечна”. А крыху менш чым праз паўгадзіны, калі на стадыёне ўжо зусім сцямнела, прагучаў фінальны свісток, які абвясціў перамогу “Коласа” – 1:0. Шчаслівыя балельшчыкі кінуліся на поле віншаваць стомленых, але не менш шчаслівых уладальнікаў Кубка Мінскай вобласці.

За нашу каманду хваляваліся на трыбуне і падзялілі з ёй радасць перамогі старшыня райвыканкама Віталь Казлоў, яго намеснік Лідзія Шчацінка, кіраўнік справамі райвыканкама Ларыса Ефіменка, начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Змачынская.

Два ганаровы трафеі (вялікі пераходны, а таксама меншы, які застанецца ў Чэрвені назаўсёды) і медалі ўручылі футбалістам “Коласа” начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Яўген Булойчык і старшыня федэрацыі футбола Мінскай вобласці Алег Чыкун.

Уладальнікамі Кубка Мінскай вобласці ў складзе “Коласа” сталі: Аляксандр Курыловіч, Вячаслаў Камінскі, Яўген Мінянкоў, Яўген Цэдрык, Дзмітрый Чысты, Аляксандр Вярэніч, Ілля Казлоўскі, Аляксандр Мрынскі (гуляючы трэнер), Яраслаў Шкурко, Ілля Завадскі, Дзяніс Трапашка, Дзяніс Сімончык, Яўген Смаль, Раман Бурэц, Уладзіслаў Рубін, Андрэй Лапшын, Максім Гумінскі, Павел Клімовіч, Фарух Шарыпаў, Юрый Весялоў, Міхаіл Кастэнка, Ігар Шмідаў, Сяргей Нагорскі, Ілля Прытыка.

Больш фота тут.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *