«Міншчына дзіўная» запрашае ў Старадарожскі раён

Актуальное

Старадарожскі раён – маляўнічы край рэк, азёр і лясоў – размясціўся на поўдні Мінскай вобласці. У дзевятым стагоддзі гэтыя землі належалі Тураўскаму ўдзельнаму княству, а ў трынаццатым – перайшлі ва ўладанні Вялікага княства Літоўскага.


Сярод балот Старадарожчыны месцяцца жураўліны заказнік рэспубліканскага значэння «Фаліцкі Мох», заказнік мясцовага значэння – Мікуліна-Мядзянскае радовішча і заказнік бітумінознага матэрыялу «Скачальскае возера».

Скачальскае возера лічыцца найбольш таямнічым і загадкавым на Старадарожчыне. І да цяперашняй пары недастаткова даследаваны як акутаная лягендамі гісторыя яго паходжання, так і незвычайныя ўласцівасці вады.

Існуе паданне, паводле якога возера з’явілася на тым месцы, дзе правалілася царква. Другое апавяданне сведчыць, што шмат гадоў таму ў час вялікай засухі кавалак балота, на месцы якога знаходзіцца возера, ад вялікай спякоты запаліўся, пагарэўшае месца асунулася і запоўнілася вадой. Бясспрэчным з’яўляецца тое, што яно з кожным годам павялічваецца з прычыны абвалу берагоў.

Вельмі цікавым помнікам Старадарожчыны, пра які складзена шмат паданняў, з’яўляецца Мір-гара. Знаходзіцца яна каля вёскі Новы Рабак, недалёка ад мяжы Старадарожскага і Слуцкага раёнаў. Гара мае прыродны характар і, як лічыцца, была ўтворана пад час дзейнасці ледавіка.

У адным з паданняў гаворыцца, што недзе на гэтым месцы, падчас Паўночнай вайны паміж Расіяй і Швецыяй (1700-1721), рускі цар Пётр І і швецкі кароль Карл ХІІ падпісалі мірнае пагадненне. Таму і назва пайшла – Мір-гара.

У Старадарожскім раёне клапатліва ставяцца да свайго мінулага. Да сённяшняга часу захаваліся будынкі паштовых станцый ХІХ ст. у вёсках Паськавы Горкі і Старыя Дарогі. Яны былі пабудаваны з цэглы на Маскоўска-Варшаўскай шашы. На станцыях знаходзіўся цэлы комплекс гаспадарчых і прамысловых памяшканняў – стайня для коней, адрыны для сена і экіпажаў, свіран, кузня са стальмашняй. У кузні падарожнік мог падкаваць каня, замяніць кола ці зламаную вось, нацягнуць абады, падмазаць дзёгцем восі, адрамантаваць вупраж.

У ліку помнікаў архітэктуры, якія захаваліся да нашых дзён, – і Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Залужжа. Яна была пабудавана ў 18 стагоддзі і адной з першых у Беларусі была далучаная з уніі да праваслаўя.

Пасля агляду ў 1872 годзе было прызнана, што царква «непрыдатная да папраўкі». У 1903 годзе ў Залужжы ўзвялі новы драўляны храм, асвяціўшы яго, як і ранейшы, у імя Святога Велікамучаніка Георгія Перамоганосца. З 1930-х гадоў будынак храма выкарыстоўваўся як сельскі клуб.

У 1990-х пачалася рэстаўрацыя царквы. Быў адрамантаваны дах, пабудаваны дом для настаяцеля, цалкам адноўлена званіца. У 2013 годзе капітальны рамонт завяршыўся, і цяпер храм з’яўляецца ўпрыгажэннем вёскі і ўсяго раёна.

Яшчэ адным адметным аб’ектам раёна па праву лічыцца раённы Цэнтр рамёстваў. Старадарожскі край здаўна славіўся сваімі майстрамі па драўлянай разьбе, вышыўцы і аплікацый з саломы. На сённяшні дзень на базе цэнтра дзейнічаюць майстэрні, якія спецыялізуюцца на вышыўцы, вырабу паясоў.

Візітнай карткай раёна ў свеце спорту з’яўляецца нацыянальны фестываль бегу «Языльская дзясятка». Упершыню ён прайшоў у 1988 годзе ў вёсцы Языль. На першую «дзясятку» прыехала 87 бегуноў. У апошнія гады ў мерапрыемстве прымаюць удзел звыш 2000 аматараў лёгкай атлетыкі.

Старадарожскі край гэта радзіма пісьменнікаў, паэтаў і навукоўцаў. Сярод іх — акадэмік Леанід Мінько, дактары навук Сямён Шпіленя і Леанід Кулік, мастак Іван Стасевіч, паэт Кастусь Цвірка, надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці Уладзімір Дражын.

Па інфармацыі
staryedorogi.minsk-region.by



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *