Футбол: чэрвеньскі «Колас» перамог на сваім полі вілейскую «Вілію»

Актуальное Спорт

 “Вілія” – не самы грозны сярод сапернікаў, з якімі лёс звёў “Колас” у сёлетнім чэмпіянаце Беларусі сярод каманд другой лігі. Тым не менш, 30-градусная спёка падраўняла шанцы каманд на поспех. У такіх умовах надвор’я футбалісты пачувалі сябе на полі аднолькава цяжка.

Гульня не вызначалася запамінальнымі момантамі, удараў па варотах было няшмат. Госці зацята абараняліся, а гаспадарам, у адсутнасць лепшага бамбардзіра Аляксандра Мрынскага, не хапала вастрыні ў атаках. У выніку ўсё вырашыў адзіны мяч, які забіў на 14-й хвіліне Павел Клімовіч. “Колас” перамог – 1:0. Ён па-ранейшаму займае другі радок у турнірнай табліцы зоны “Поўнач” Мінскага дывізіёну, адстаючы ад лідара, “Маладзечна”, на два ачкі.

Далей чэрвеньцаў чакаюць у чэмпіянаце больш сур’ёзныя выпрабаванні. У бліжэйшую суботу яны згуляюць у гасцях з камандай “Смалявічы”, на 21 ліпеня запланаваны выезд на матч з “Уздой”. 24 ліпеня “Коласу” давядзецца зноў выправіцца ў шлях: сапернікам будзе “Фалько” з Дзяржынскага раёна.  31 ліпеня – матч у Чэрвені з цяперашнім лідарам зоны – “Маладзечна”, 7 жніўня – выязная сустрэча са “СМІаўтатрансам”, і, нарэшце, 14 жніўня – хатняя гульня з “Уздой”. Лёгка не будзе…

А ў сераду, 14 ліпеня, “Колас” правядзе ў Чэрвені паўторны матч 1/8 фіналу розыгрышу Кубка Мінскай вобласці са “Старымі Дарогамі” (першая гульня, якая адбылася тыдзень таму на полі нашых сапернікаў, скончылася ўнічыю – 3:3). Пачатак – у 18 гадзін.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *