Чарговае пасяджэнне клуба «Ветразь» у Чэрвеньскай бібліятэцы прысвяцілі беларускім паэтам

Культура Общество

“Пра ўсё сказаць прыйшла пара…” – такую назву мела сустрэча, якая праходзіла ў рамках літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”. Яна была прысвечана 60-годдзю з дня нараджэння паэта, празаіка, перакладчыка Віктара Шніпа.

Сам паэт родам з Валожынскага раёна. Ён быў слухачом Вышэйшых літаратурных курсаў Літаратурнага інстытута імя Я.Горкага ў Маскве. Пасля працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У друку дэбютаваў вершам «Семнаццать мне…».

Творчасць Віктара Шніпа цесна звязана з роднай зямлёй, прыродай, сагрэта клопатам пра лёс Радзімы, працавітых і сумленных землякоў. Радкі яго вершаў шчырыя, натуральныя, прасякнуты болем і трывогай за кожную жывую істоту на планеце. Ён піша таксама апавяданні, выступае ў перыядычным друку з артыкуламі і рэцэнзіямі па пытаннях літаратурнага і культурнага жыцця рэспублікі. Яго пяру належаць тэксты для рок-гуртоў, бардаў, эстрадных выканаўцаў.

 На беларускую мову перакладае з латышскай, рускай, украінскай, эстонскай моў. Асобныя вершы Віктара Шніпа перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы.

Ён сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузіі за зборнік «Гронка святла», лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура» за кнігу «Страла кахання, любові крыж». А ў мінулым годзе быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

У выкананні сяброў клуба прагучалі паэтычныя радкі юбіляра. Смех ва ўдзельнікаў  сустрэчы выклікаў відэаролік, у якім аўтар, чытае пародыю на верш Анатоля Зэкава, а потым Анатоль Зэкаў прачытаў пародыю на верш Віктара Шніпа.

У 2018 годзе паэт наведаў Чэрвень разам з мастаком Алесям Квяткоўскім, які разгарнуў у краязнаўчым музеі выставу карцін. Давялося самой пабыць на сустрэчы, дакрануцца душой да талента мастака Алеся Квяткоўскага, паслухаць вершы Віктра Шніпа з вуснаў самаго аўтара, пазнаёміцца з яго кнігамі і атрымаць некаторыя з іх у падарунак для цэнтральнай раённай бібліятэкі і асабіста, а таксама ўзять аўтограф з пажаданнямі. У кнізе “Заўтра была адліга” для чытачоў ён напісаў такія словы: “Чытачам бібліятэкі! Поспехаў! Шчасця! Любові! Кахання! Узаемаразумення! Віктар Шніп 17.11.2018”.

Жонкай Віктара Шніпа з’яўляецца вядомая беларуская паэтэса, літаратурны крытык Людміла Рублеўская.

У рубрыцы “Наш каляндар” гаворка ішла пра двух знакамітых  на Беларусі людзей — Францішка Багушэвіча і Леаніда Галубовіча.

У гэтым годзе споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння паэта, празаіка, публіцыста Францішка Багушэвіча. Пісаў ён пад псеўданімам Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава. Францішку Багушэвічу належаць словы: “не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрла”. З-пад яго пяра выйшлі вядомыя зборнікі “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”. Пры жыцці творы Францішка Багушэвіча былі забаронены. Пражыў пісьменнік усяго 60 гадоў. Падчас экскурсіі на лодках па Віліі захварэў і праз некаторы час памёр. Пахаваны ў вёсцы Кушляны Гродзенскай  вобласці. Сябры клуба праглядзелі відэаролік пра жыццё і творчасць пісьменніка і грамадскага дзеяча.

Другая постаць, пра якую ішла гаворка ў рубрыцы “Наш каляндар” —  Леанід Галубовіч. Паэт у гэтым годзе будзе адзначаць свой 70-ці гадовы юбілей. Ён член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Творчасць Леаніда Галубовіча — гэта шчырая споведзь пра сябе і людзей, якія яго абкружаюць. Яму ўласцівы такія рысы, як удумлівасць, засяроджанасць, якія спалучаюцца з асабістасцю погляду, уменнем бачыць у кожнай з’яве нешта істотнае, незвычайнае. Любоў да чалавека працы, разуменне яго душы, непрыдуманасць вобразных асацыяцый характэрны для яго вершаў.

Ён выступае ў друку з артыкуламі і рэцэнзіямі на літаратурныя тэмы.

Удзельнікі сустрэчы з задавальненнем пазнаёміліся з паэтычнымі творамі Леаніда Галубовіча і паслухалі ў запісу ў выкананні аўтара верш “Цябе ніколі не было…”.

                                                          Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Фота аўтара і Таццяны Марцьянавай

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *