Гаспадаркі Чэрвеньшчы пачалі абмалот азімага рапсу на зерне

Актуальное

Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу ўчарашняга дня, гэты від работ выкананы па раёну на 494 гектарах з 3731. Намалочана 648 тон алейнага насення рапсу пры сярэдняй ураджайнасці 13 цэнтнераў з гектара.

Па тэмпах работ наперадзе – ААТ “10 з’езд Саветаў” , дзе ўжо ўбралі палову рапсавых палеткаў. Найбольшую ў раёне ўраджайнасць гэтай культуры маюць у СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” – 23 цэнтнеры з гектара.

Па 20 цэнтнераў алейнага насення з гектара намалочваюць сёння ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Раванічы”. Гэта амаль утрая больш, чым было летась.

– Ураджай неблагі, – кажа галоўны аграном гаспадаркі Леанід Кавалёў. – Зараз галоўная задача – убраць яго ў максімальна сціслыя тэрміны і без страт. Клопатаў шмат, бо абмалочваць рапс трэба яшчэ і ў сельгаспрадпрыемстве “Ганута-Агра”, якое знаходзіцца пад аператыўным кіраваннем “Раванічаў”…

…Жніўны настрой пануе на рапсавым палетку ля вёскі Валадута. Увішна сноўдае па ім збожжаўборачны камбайн “Дон-1500Б” вопытных механізатараў Сяргея Сасункевіча і Сяргея Барташэвіча. Вось ужо больш за чвэрць стагоддзя шчыруюць яны на жніве ў складзе аднаго экіпажа.

Адвозіць алейнае насенне ад камбайнаў Уладзімір Невяроўскі . Прадстаўнік вядомай сямейнай вадзіцельскай дынастыі (шафёрам у “Раванічах” больш за чатыры дзесяцігоддзі адпрацаваў бацька Уладзіміра Іванавіча, зараз працуюць два браты) за рулём – амаль сорак гадоў, а яго аўтамашыне “ГАЗ-53” – трыццаць пяць.

– На такіх адказных людзях і трымаецца гаспадарка, – з задавальненнем адзначае старшыня прафкама ААТ “Раванічы” Тамара Цітавец.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *