Спаборнічалі санітарныя дружыны, звёны і добраахвотныя пажарныя дружыны Чэрвеньскага раёна

Общество

Сёння змагацца за званне лепшых у лесапарку “Загор’е” сабраліся каманды з 16 прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў  Саўковіч (на здымку) адзначыў, што  менавіта гэтыя спаборніцтвы паказваюць ступень падрыхтоўкі грамадскіх фарміраванняў да дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі. Ён пажадаў поспехаў і ўдачы ўсім камандам.

У складзе судзейскай калегіі — галоўны суддзя спаборніцтваў,  загадчык паліклінікі Чэрвеньскай раённай бальніцы Таццяна Губарэвіч; суддзі — Сяргей Каўзуновіч, старшы інжынер раённага аддзела па надзвычайных ситуацыях; Кірыл Маскалёў, начальнік паста №11 в.Горкі; Валянціна Ніціеўская, загадчык стаматалагічнага аддзялення Чэрвеньскай раённай бальніцы; Наталля Тарнапольская, памочнік урача-эпідэміёлага Чэрвеньскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялгіі; сакратарыят судзейскай калегіі – Наталля Сычова, галоўная медыцынская сястра раённай бальніцы і Лілія Кудзелка, старшая медыцынская сястра паліклінікі.

Кожная каманда прадставіла на спаборніцтвы Дзённік санітарнай дружыны або звяна. У ім – схема апавяшчэння асабовага саставу санітарнай дружыны ў нерабочы час, ведамасць замацавання маёмасці, пратакол праверачных заняткаў, план падрыхтоўкі, абавязкі асабовага саставу, пералік укладанняў у санітарную сумку, прыкладны табель аснашчэння санітарнага фарміравання грамадзянскай абароны сродкамі аховы і журнал вытворчага навучання.

На першым этапе праводзіўся агляд экіпіроўкі, аснашчэння, правяралася ўменне імі карыстацца. На другім – каманды дэманстравалі свае навыкі аказання неадкладнай дапамогі ў камбінаваным ачагу паражэння, паказвалі тэарэтычныя веды. На трэцім этапе неабходна было паказаць веды і ўменні дзейнічаць у ачагу бактэрыялагічнага і інфекцыйнага паражэння.  

Добраахвотныя пажарныя дружыны спаборнічалі ў баявым разгортванні. Усе каманды падрыхтавалі баявыя лісткі і нумары мастацкай самадзейнасці.

Пераможцамі сталі: сярод санітарных дружын – санітарная дружына эксперыментальнай базы “Натальеўск”, другое месца заняла каманда Чэрвеньскага вытворча-харчовага завода, трэцяе – санітарная дружына з Чэрвеньскага лясгаса. Сярод санітарных звёнаў – першымі было звяно СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон”, на другім месцы – звяно ААТ “Рыбгас “Волма”, на трэцім – звяно Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Лепшай добраахвотнай пажарнай дружынай прызнана дружына ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама. Другое месца заваявала пажарная дружына ААТ “Раванічы”, трэцяе – ААТ “Валевачы”.

Лепшым баявым лістком прызнаны баявы лісток, аформлены сандружынай філіяла КУП “Мінскаблдорбуд”- ДРСУ-121”. У конкурсе мастацкай самадзейнасці лепшай была каманда Смілавіцкага аграрнага каледжа.

Усе пераможцы атрымалі Дыпломы Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *