Сёння каманда навучэнак Чэрвенскай СДЮШАР стартуе ў рэспубліканскім турніры «Футбольная ліга дзяўчат»

Актуальное Спорт

Гэты ўнікальны для нашай краіны спартыўны праект рэалізуецца пры тэхнічнай і фінансавай падтрымцы ФІФА, якая выступіла з ініцыятывай аб аказанні рэспубліцы дапамогі ў развіцці жаночага футбола. У дэбютным сезоне «Футбольная ліга дзяўчат» аб’яднае 60 каманд з розных куткоў Беларусі. Узрост футбалістак – не больш за 13 гадоў.

На першым этапе каманды падзелены на 8 дывізіёнаў. Паколькі ліга будзе адукацыйна-арыентаванай, кожны з іх названы ў гонар выбітнай беларускі. Нашы дзяўчаты згуляюць у дывізіёне «Рагнедкі» (назва ўтворана ад імя полацкай княжны Рагнеды Рагвалодоўны) разам з футбалісткамі з Бабруйска, Рагачова, Светлагорска, Жыткавіч, Мар’інай Горкі і Жлобіна. Сёння ў іх – два матчы ў Жлобіне. Першы сапернік – бабруйчанкі, другі – каманда з Жыткавіч.

Падрабязней пра ўдзел у турніры распавёў “Радыёвесніку” трэнер Чэрвенскай СДЮШАР і дзявочай каманды Ю-13 (пераважную яе большасць складаюць вучаніцы Запольскай школы) Максім Шалабнёў.

– Увогуле, як нашы дзяўчаты трапілі на такі цікавы і прадстаўнічы турнір?

– Рашэнне ўдзельнічаць у ім належыць нашаму дырэктару Ігару Аляксандравічу Філічонку. Як трэнер, я з радасцю і ўдзячнасцю ўспрыняў гэтую навіну. Бо сёння вельмі складана проста знайсці спарынг-партнёраў для дзяўчат такога ўзросту, не кажучы ўжо пра спаборніцтвы. А ўсё таму, што жаночы футбол недастаткова развіты ў Беларусі. “Футбольная ліга дзяўчат” – гэта магутны штуршок для такога развіцця.

Нам пашчасціла ў тым плане, што дзяўчаты з Запольскай школы, якіх я трэнірую, якраз падышлі па ўзросту да ўдзелу ў гэтым турніры. Так і сфарміравалася каманда. У ёй толькі адна чэрвенская спартсменка, усе астатнія – запольскія.

– А як успрыянялі навіну пра рэспубліканскі турнір дзяўчаты?

– Прыкладна так, як чалавек, які бачыць сон і думае, што гэта рэальнасць. Але так было ў самым пачатку. Блізкасць адказнага старту мы ўсе адчулі падчас нядаўняга ўдзелу ў турніры, які праходзіў у Мар’інай Горцы. Там каманда ўпершыню згуляла на полі такога памеру, які будзе ў “Футбольнай лізе дзяўчат”. Хваляваўся, ці не згубяцца мае выхаванкі на ім па шырыні і даўжыні пляцоўкі. Але, на дзіва, яны хутка адаптаваліся. А вынік пераўзышоў усе чаканні: чатыры перамогі ў чатырох матчах з агульнай розніцай забітых-прапушчаных мячоў 11:0! Дзяўчаты плакалі ад радасці: гэта – іх першая перамога, першы кубак і медалі.

А канчаткова мы ўсвядомілі, што ўдзел у рэспубліканскім турніры – рэальнасць, калі атрымалі ад арганізатараў належныя кожнай камандзе 20 камплектаў формы (яна ў нас – аранжавая, як у зборнай Галандыі) і 20 мячоў. Усё – фірмы “Adidas”.

– Стартавы матч у “Фубольнай лізе дзяўчат” – з камандай Бабруйска. Ёсць хваляванне з гэтай нагоды?

– Зразумеў, аб чым гаворка… Сапраўды гэта будзе выпрабаванне не з лёгкіх, бо ў Бабруйску вельмі высокі ўзровень развіцця жаночага футбола. Дастаткова сказаць, што дарослая “Бабруйчанка” на сёння – самы тытулаваны жаночы клуб у Беларусі. Моцныя там і каманды 18-19 гадовых. Але мы не збіраемся апускаць рукі. Зробім усё магчымае, каб згуляць годна. Тым больш, ёсць адзін станоўчы момант. На турніры ў Мар’інай Горцы дзяўчаты вельмі надзейна згулялі ў абароне, асабліва з камандай Жодзіна пры ліку 1:0, які і захавалі. Можна сказаць, што яны на сто працэнтаў выканалі трэнерскую ўстаноўку. Калі здолеюць гэтак жа згуляць у сустрэчы з бабруйчанкамі, шанц на поспех будзе.
Зрэшты, і пры адмоўным выніку трагедыі не здарыцца. Наперадзе яшчэ будзе шмат гульняў. Хаця, канешне ж, хацелася б са старту атрымаць станоўчыя эмоцыі.

– Сапраўды, гульняў будзе шмат. Ці хопіць у дзяўчат сіл?
– Проста не будзе, гэта дакладна. Бо гульні — кожную суботу (за выключэннем пропуску аднаго тура для кожнай каманды па графіку). Прычым, па дзве гульні на дзень. Красавік і палову мая будзем ездзіць у Жлобін, і толькі напрыканцы мая некалькі гульняў пройдзе ў Мар’інай Горцы.

– Што ж, поспехаў вам! І няхай шчасціць на турнірным шляху. “Раённы веснік” будзе сачыць за выступленнем дзяўчат.

– Дзякую! Інфармацыйная падтрымка газеты таксама вельмі важная для нас!

Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *