Цяжкі шлях да малой Радзімы

Актуальное

Ураганы мінулых гадоў, а цяпер яшчэ і вынішчэнне караедам хваёвых насаджэнняў не толькі нанеслі вялікі ўрон лясам Чэрвеншчыны, але і стварылі нязручнасці для жыхароў населеных пунктаў, якія знаходзяцца на шляху вывазкі пашкоджанай драўніны. Пад цяжарам загружанай ёй лесавозаў разбураюцца дарогі, што ператварае рух па іх легкавых аўтамабіляў, асабліва з нізкай пасадкай, у суцэльныя пакуты.

Добра знаёмыя з гэтай праблемай у Руднянскім, Раваніцкім, Валевачоўскім сельсаветах. Не абмінула яна і шэраг паселішчаў Лядзенскага сельсавета.
Прыехаць у вёску Новы Будкаў нашага карэспандэнта запрасіў мінчанін Аляксандр Кошалеў, які разам з жонкай жыве тут у дачны сезон на сядзібе, што засталася ў спадчыну ад яе бацькоў.

– Як толькі адчуеце, што далей не зможаце праехаць, спыняйцеся і тэлефануйце мне, – адразу папярэдзіў ён. – Пад’еду на сваёй машыне, забяру…
Шлях на Новага Будкава аўтару гэтых радкоў добра знаёмы. Хоць і далекавата ад Чэрвеня, але грыбныя мясціны – выдатныя. Літаральна тры тыдні таму наведваўся туды і… ледзь не застаўся начаваць на дарозе ў пясчаным палоне. Неабачліва не ўзяўся крыху правей, і мой нізенькі “Форд” безнадзейна “сеў на пуза”. Дзякуй вадзіцелю аўталаўкі, што выцягнуў!

 

Гэтым разам рушым у адзін з самых аддаленых куткоў раёна на рэдакцыйных “Жыгулях”: не ўсюдыход, зразумела, але адлегласць ад зямлі да парогаў не такая ўжо і малая. Мінуўшы вёску Прамень, па ўшчэнт выбітаму асфальту едзем да Мехаўкі. Тут якое-ніякое цвёрдае пакрыццё заканчваецца. Далей – земляная дарога, на якой трапляюцца ўчасткі з мяккім пяском і глыбокімі каляінамі. Калі брацца па самай узбочыне, то ёсць шанц праехаць. Але гэта – як пашчасціць. Ну і ад вопыту вадзіцеля шмат залежыць. Нам пашчасціла дабрацца да пункта прызначэння без прыгод.

– Дарогі тут дрэнныя ўжо больш за два гады, – распавёў Аляксандр Кошалеў. – Але асабліва невыносна стала некалькі апошніх месяцаў, калі лесавозы пачалі інтэнсіўна выводзіць драўніну. Другая дарога з вёскі на вялікі шлях, праз Задабрычча і Чырвоную Слабаду, разбітая дакладна гэтак жа.

Нам крыху лягчэй, бо з дапамогай дзяцей набылі хоць невялікі пазадарожнік “Рэно Дастэр”. А іншым? У аднаго суседа невялікі “Фіяцік”, у другога – “Опель Астра”. Са слязьмі адкопваюцца з пяску, псуюць машыны. Апошнім часам увогуле ў вёску не наведваюцца, бо не даехаць.

 

Прэзідэнт Год малой радзімы аб’явіў, каб мы, чые карані ў вёсках, прыязджалі на бацькаўшчыну, адраджалі яе. А як гэта зрабіць? Вось я замовіў вялікі аб’ём будматэрыялаў на рамонт хаты. Дык, ведаючы якія ў нас дарогі, ніхто дастаўляць яго не хацеў. А хочацца прывесці сядзібу ў парадак, жыць тут, запрашаць на лета ўнукаў…
Падчас паездкі ў Новы Будкаў Аляксандр Кошалеў пазнаёміў нас з Алегам Жыліным. Трыццаць гадоў таму былы вайсковы афіцэр-ракетчык набыў тут дом. З таго часу вёска стала яму роднай. Алег Паўлавіч адзіны на ўсё паселішча мясцовы жыхар з машынай. Ён нікому не адмаўляе ў дапамозе. На сваіх “Жыгулях” возіць аднавяскоўцаў у раённую бальніцу, у сельсавет. Таму, як ніхто іншы, пакутуе праз цяперашняе бездарожжа.

Абодва мужчына з болем распавядалі пра тое, што пасля выразання лесу наваколле Новага Будкава, якое яшчэ зусім нядаўна было райскім кутком для адпачынку, ператвараецца ў пустку. Наракалі і на безгаспадарлівасць. Маўляў, складзенае ў лаўжы голле пасля высечкі ўчасткаў лесу гніе, а яго можна было б перапрацаваць на паліва…
Гэта – тэмы асобных размоў. А што ж з дарогамі?

У Лядзенскім сельвыканкаме, куды ў жніўні звяртаўся Аляксандр Кошалеў, паведамілі, што зрабілі адпаведны запыт у дарожную службу і трымаюць праблему на кантролі. У гэтую сераду на месца выязджала інжынер па бяспецы руху Чэрвенскага ДРБУ-121 Вікторыя Матушэўская. Па выніках праверкі яна выдала прадпісанне кіраўніцтву лясгаса, у адпаведнасці з якім у тыднёвы тэрмін павінны быць ухілены парушэнні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аўтамабільных дарогах”. А менавіта – складаванне драўніны на ўзбочыне дарогі ў паласе адводу, забруджванне і пашкоджанне праезнай часткі, узбочын. У гэты ж дзень на ўчастку дарогі ад Краснай Слабады да Задабрычча працаваў грэйдар ДРБУ-121.
Як паведаміў “Раённаму весніку” ляснічы Горкаўскага лясніцтва Яўген Клешчанка (з яго тэрыторыі вывозіцца драўніна), яшчэ да атрымання гэтага прадпісання, сіламі лясгаса пачалі падсыпаць і грэйдзіраваць дарогу на Новы Будкаў праз Задабрычча і Красную Слабаду. Прынята рашэнне да маразоў не выкарыстоўваць яе для вывазкі лесу, а скіроўваць усе лесавозы праз Мехаўку і Прамень.

Дырэктар Чэрвенскага лясгаса Андрэй Галкоўскі ў каментарыі нашай газеце зазначыў, што ў гэтыя дні прыкладаюцца ўсе намаганні, каб найхутчэй вывезці запасы драўніны за вёскай Новы Будкаў. Ён таксама запэўніў, што пасля завяршэння работ дарогі абавязкова будуць прыведзены ў належны стан.

У сітуацыі, што склалася, выразна праглядаецца канфлікт інтарэсаў па двух, можна сказаць, палітычна важных пытаннях. З аднаго боку, у Год малой радзімы нашчадкі карэнных жыхароў Новага Будкава не маюць магчымасці бесперашкодна гэтую радзіму наведваць, з іншага – краіне патрэбна валюта. Яе зарабляе лясгас, перапрацоўваючы і прадаючы на экспарт драўніну, якую нельга даставіць з лесу па паветру.
Падзеі апошніх дзён сведчаць, што лесагаспадарчая арганізацыя і дарожнікі, нарэшце, пачулі вяскоўцаў і дачнікаў. І таму шчыра хочацца верыць, што дадзеныя імі абяцанні не застануцца пустым гукам.

Ігар Адамовіч. 
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *