Мацнейшыя на Міншчыне

Спорт

Чэрвеньскі «Колас-Будаўнік» датэрмінова стаў чэмпіёнам вобласці па міні-футболу.

У перадапошнім туры спаборніцтваў “Колас-Будаўнік” у гасцях пераканаўча перайграў прамога канкурэнта ў барацьбе за залатыя медалі “СВК “Сноў” (Нясвіжскі раён) – 7:2 і заваяваў пуцёўку ў фінальны этап чэмпіянату Беларусі сярод каманд першай лігі.
Дзякуючы гэтай перамозе, чэрвеньцы ў апошнім туры сталі недасягальнымі для нясвіжцаў.

18 сакавіка. Нясвіж. ФСК «Рудаўка».
«Колас-Будаўнік»: Капітулец, Срыбненка, Бялоў, Кулікоў, Лапшын, Чалядзінскі, Варэнік, Чысты, Шмаянкоў, Свірыдовіч, Яроміч, Шмідаў.
Галы ў «Коласа-Будаўніка»: Лапшын (8,33), Шустал («СВК «Сноў» — у свае вароты, 9), Шмаянкоў (16, 56), Кулікоў (43), Варэнік (49).

Гэтая сустрэча была шмат у чым вырашальнай для абедзвюх каманд. Чэрвеньцаў перамога ў ёй датэрмінова рабіла чэмпіёнамі вобласці. А гаспадарам пляцоўкі трэба было выйграваць, каб захаваць шанцы на першае месца.
Таму залішне казаць, што матч выклікаў велізарную цікавасць у мясцовых балельшчыкаў. Невялікую колькасць сядзячых месцаў на балконе залы фізкультурна-спартыўнага комплексу “Рудаўка” заўзятары занялі яшчэ за гадзіну да стартавага свістка. Уся прастора за крэсламі таксама была шчыльна запоўнена. Падтрымаць сваю каманду прыехаў і знакаміты старшыня СВК “Агракамбінат “Сноў” Мікалай Радаман.
Гульня пачалася з барацьбы дзвюх тактык. Гаспадары пляцоўкі спрабавалі дамагчыся поспеху, дастаўляючы мяч у зону абароны “Коласа-Будаўніка” шляхам дальніх закідаў. Чэрвеньцы ж гулялі строга ў пас. І ўжо на 8-й хвіліне сустрэчы тактыка “Коласа-Будаўніка” прынесла плён: прастрэл Аляксандра Варэніка ўдала замкнуў Андрэй Лапшын. Яшчэ праз хвіліну пры розыгрышы вуглавога Максім Чалядзінскі адпасаваў мяч пад удар Дзмітрыю Чыстаму, а абаронца “СВК “Сноў”, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх варот, зрэзаў мяч у сетку. Лік стаў 2:0 на карысць нашай каманды.
Трэці гол “Коласа-Будаўніка” стаў вынікам камбінацыі з удзелам Максіма Чаладзінскага і Аляксандра Варэніка, якія заблыталі галкіпера сапернікаў і вывелі Максіма Шмаянкова на завяршальны ўдар па неабароненых варотах.
Пануры настрой мясцовых заўзятараў крыху палепшыўся, калі за восем хвілін да перапынку “СВК “Сноў” адквітаў адзін мяч. Аднак ужо праз тры хвіліны пасля пачатку другога тайма нашы зноў павялічылі разрыў у ліку. Як і пры другім узяцці варот, яны выціснулі максімум пры розыгрышы стандартнага становішча. Аляксандр Яроміч адпасаваў з вуглавога на Андрэя Лапшына, і той з лёту магутна прабіў у дальні ад варатара кут – 4:1. Паўдзельнічаў Андрэй і ў пятым узяцці варот “СВК “Сноў”, вывеўшы на ўдарную пазіцыю Аляксея Кулікова.
Затым гаспадары пляцоўкі рэалізавалі прызначаны ў вароты “Коласа-Будаўніка” пенальці за гульню рукой у штрафной пляцоўцы. Але не прайшло і хвіліны, як Аляксандр Варэнік, прыгожа абыграўшы абаронцу сапернікаў, не пакінуў шанцаў галкіперу “СВК “Сноў”. А за некалькі хвілін да фінальнага свістка Максім Шмаянкоў усталяваў канчатковы лік сустрэчы – 7:2.
“Колас-Будаўнік” – чэмпіён! Цяпер ён возьме удзел у фінальным турніры чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод каманд першай лігі. Плануецца, што ён пройдзе 13-15 красавіка ў Стоўбцах. Сапернікамі чэрвеньцаў будуць пераможцы чэмпіянатаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, а таксама каманда, якая зойме другое месца ў чэмпіянаце Мінска. Пераможца групы атрымае пуцёўку ў вышэйшую лігу чэмпіянату Рэспублікі Беларусь.
Ну, а ў апошнім туры чэмпіянату вобласці, які пройдзе ў гэтую нядзелю, “Колас-Будаўнік” згуляе на сваім полі са “Старымі Дарогамі”. Гульня пачнецца ў 13 гадзін. Пасля яе заканчэння адбудзецца цырымонія ўзнагароджання нашай каманды.

Вынікі астатніх матчаў 13 тура: «Лагойск» — «Нова» (Барысаў) – 4:5, «Зорка» (Мар’іна Горка) — «Беразіно» — 13:9, «Старыя Дарогі» — «Крупкі»– 4:3.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *